Даследчую практыку за мяжой лічаць неабходнай для развіцця больш як 80 працэнтаў маладых вучоных, расказала [1] БелТА старшыня Савета маладых вучоных Інстытута сацыялогіі НАН навуковы супрацоўнік Алеся Салавей.
«Развіццё замежных прафесійных кантактаў і міжасобасных адносін з вучонымі розных краін садзейнічае не толькі абмену даследчым вопытам маладых вучоных, атрыманню магчымасцей у засваенні новых навуковых методык, але і росту ўпэўненасці ў сабе як прафесіянале, што ў значнай ступені аказвае ўплыў на пабудову іх навуковай кар’еры. Асаблівае значэнне міжнароднае супрацоўніцтва і акадэмічная мабільнасць маюць у развіцці творчага навуковага патэнцыялу маладых вучоных», — сказала Алеся Салавей.
Паводле яе слоў, моладзь актыўна прадстаўлена сярод навуковых кадраў акадэмічнай беларускай навукі. У НАН сярод даследчыкаў практычна кожны трэці — ва ўзросце да 35 гадоў (28 працэнтаў). Сярод іх 53,4 працэнта жанчын і 46,6 працэнта мужчын. Сярод кандыдатаў навук ва ўзросце да 35 гадоў доля жанчын складае 47,5 працэнта.
Па выніках сацыялагічнага даследавання, якое праводзілася пры падтрымцы Беларускага рэспубліканскага фонду фундаментальных даследаванняў і Расійскага фонду фундаментальных даследаванняў «Навука М», большасць беларускіх акадэмічных маладых вучоных лічыць, што даследчая дзейнасць за мяжой з’яўляецца неабходнай умовай для развіцця вучонага — 80,8 працэнта (84,7 працэнта мужчын і 77,9 працэнта жанчын). Маладыя вучоныя НАН часцей за ўсё прымаюць удзел у міжнародных канферэнцыях, семінарах, кангрэсах і іншых навуковых мерапрыемствах у краінах СНД (63,3 працэнта). У большасці маладых вучоных ёсць публікацыі ў замежных выданнях (56,1 працэнта). Кожны трэці і кожны чацвёрты малады вучоны мае сумесныя публікацыі з замежнымі калегамі ў краінах СНД. Каля 40 працэнтаў маладых вучоных удзельнічаюць у сумесным праекце або праграме ў краінах СНД.
«Такім чынам, ва ўмовах навуковай міжнароднай інтэграцыі дыялогавыя пляцоўкі для маладых вучоных спрыяльным чынам аказваюць уплыў на фарміраванне не толькі навукова-даследчага поля для далейшага развіцця міжнароднага навуковага дыялогу з мэтай развіцця фундаментальнай і прыкладной навукі (як на ўзроўні асобна ўзятай дзяржавы, так і сусветнай навуковай супольнасці ў цэлым), але і павышаюць агульную прафесійную культуру вучоных», — склала Алеся Салавей.
Прэв’ю: БелТА
Спасылкі
[1] https://www.belta.by/society/view/bolee-80-molodyh-uchenyh-nan-nazvali-issledovatelskuju-praktiku-za-rubezhom-neobhodimoj-dlja-razvitija-558083-2023/
[2] https://zviazda.by/be/tags/nan
[3] https://zviazda.by/be/tags/alesya-salavey
[4] https://zviazda.by/be/tags/dasledchaya-praktyka