У Ханты-Мансійску працягваецца чэмпіянат Расіі па біятлоне ў алімпійскіх дысцыплінах з удзелам беларускіх спартсменаў, паведамляе [1] БелТА.
Сёння мужчыны вызначалі наймацнейшых у гонцы з масавым стартам на 15 км, нашу краіну ў гэтай дысцыпліне прадставіў адзіны спартсмен Антон Смольскі. На абодвух агнявых рубяжах са становішча лежачы беларус не дапусціў ніводнай памылкі і на сярэдзіне дыстанцыі ішоў другім, саступаючы толькі трыумфатару Кубка Садружнасці Эдуарду Латыпаву. Аднак пасля першай стойкі Смольскі зазірнуў на два штрафныя кругі, з-за чаго адкаціўся на шостую пазіцыю. На заключнай стральбе Антон прамахнуўся яшчэ раз, што не перашкодзіла яму адыграць некалькі радкоў і ў выніку фінішаваць другім. Чэмпіёнам Расіі ў мас-старце стаў Латыпаў, бронза — у Мікіты Поршнева.
Крыху раней у Ханты-Мансійску адбылася жаночая эстафета, у якой беларускі квартэт у складзе Алены Кручынкінай, Дар’і Кудаевай, Адэліны Сабітавай і Ірыны Шаклеінай заняў апошняе, 10-е месца.
Чэмпіянат Расіі па біятлоне завершыцца ў нядзелю, у праграме заключнага дня спаборніцтваў жаночы мас-старт і мужчынская эстафета.
Прэв’ю: pixabay.com
Спасылкі
[1] https://www.belta.by/sport/view/belorus-anton-smolskij-zavoeval-serebro-v-mass-starte-na-chempionate-rossii-po-biatlonu-558710-2023/
[2] https://zviazda.by/be/tags/biyatlon
[3] https://zviazda.by/be/tags/sport
[4] https://zviazda.by/be/tags/anton-smolski