[2]Прадстаўнікі дзелавых колаў Беларусі наведаюць Індыю (горад Мумбай) і Шры-Ланку (горад Каломба) з візітам, які адбудзецца 23-30 красавіка. Аб гэтым паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Беларускай гандлёва-прамысловай палаты.
Галоўная мэта візіту - пашырэнне эканамічнага супрацоўніцтва і выхад за межы традыцыйных сфер, развіццё двухбаковага гандлю, прыцягненне бізнесменаў Індыі і Шры-Ланкі да стварэння сумесных вытворчасцей, прадпрыемстваў, а таксама азнаямленне з эканамічным патэнцыялам краін і пошук дзелавых партнёраў. У склад беларускай дэлегацыі ўвойдуць топ-менеджары і прадстаўнікі ПУП "Святлопрыбор" ГА "БелТІЗ", ЗАТ "Інструментальныя тэхналогіі", ААТ "Гродна Азот", ТАА "ПБН-Усход" і ЗАТ "Мэбля, будматэрыялы".
Запланавана правядзенне дзелавых сустрэч з прадпрымальнікамі Індыі і Шры-Ланкі, наведванне прадпрыемстваў, а таксама прэзентацыі інвестыцыйных і экспартных магчымасцей Беларусі і прадпрыемстваў - удзельнікаў візіту. "Беларуская дэлегацыя наведае ў горадзе Мумбай Міжнародную фармацэўтычную выстаўку IPHEX, прыме ўдзел у круглым стале з прадстаўнікамі Офіса Федэрацыі індыйскіх гандлёвых палат Мумбая, дзе запланавана правядзенне прэзентацый Беларусі і прадпрыемстваў - удзельнікаў візіту. Акрамя таго, запланавана наведванне прадпрыемстваў Спецыяльнай эканамічнай зоны гэтага індыйскага горада. Там таксама будуць праведзены дзелавыя перагаворы", - расказалі ў прэс-службе палаты.
У горадзе Каломба чакаецца наведванне сусветнага вытворцы чаю - кампаніі DILMAH і Цэйлонскай гандлёвай палаты. "Запланавана падпісанне Пагаднення аб супрацоўніцтве паміж Цэйлонскай гандлёвай палатай і Мінскім аддзяленнем БелГПП. Паміж ланкійскімі і беларускімі прадпрыемствамі будзе праведзена кантактна-кааперацыйная біржа", - адзначылі ў БелГПП.
Прэзентацыя гандлёва-эканамічнага патэнцыялу і інвестыцыйнай прывабнасці Беларусі і прадпрыемстваў, дзелавыя перагаворы паміж ланкійскімі і беларускімі прадпрымальнікамі таксама пройдуць у Нацыянальнай эканамічнай палаце Шры-Ланкі.
Арганізатарам дзелавой паездкі выступае Мінскае аддзяленне БелГПП пры падтрымцы пасольства Беларусі ў Індыі, пасольства Шры-Ланкі ў Расіі, гандлёва-прамысловых палат Індыі і Шры-Ланкі.
Паводле матэрыялаў БелТА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/ekanomika
[2] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2013/04/045.jpg