Прэзідэнцкая бібліятэка Рэспублікі Беларусь прапануе дайджэст "Праблемы развіцця мясцовага кіравання і самакіравання: па матэрыялах перыядычнага друку". У прапанаваных публікацыях разглядаецца гісторыка-прававы аспект мясцовага кіравання і самакіравання ў розных краінах, даецца ацэнка яго сучаснаму стану, аналізуецца вопыт арганізацыі працы органаў мясцовай улады.
1. "Канкурэнцыя на мясцовым узроўні". (А. Архіпава. Глава местной администрации. Масква. 2013. № 4.)
Упраўленне Федэральнай антыманапольнай службы па Ніжагародскай вобласці плануе мадэрнізацыю абласной праграмы развіцця канкурэнцыі і распрацоўвае яе муніцыпальны варыянт. Ініцыятыва таксама датычыцца пашырэння праграмы "Купляй ніжагародскае!" і мае на ўвазе дапамогу сельгасвытворцам у пошуку рынкаў збыту. Прадпрымальнікі адзначаюць, што любая праграма па развіцці канкурэнцыі — гэта барацьба ўлады з уладай, паколькі большасць бар'ераў абумоўлены самімі чыноўнікамі. Муніцыпальны варыянт праграмы развіцця канкурэнцыі будзе вырашаць гэтую задачу на мясцовым узроўні: праект накіраваны на пераадоленне менавіта адміністрацыйных бар'ераў.
2. "Параўнальны аналіз муніцыпальных органаў прыняцця і выканання рашэнняў у Еўропе". (Х. Вольман. Практика муниципального управления. Масква. 2013. № 5.)
У сваім артыкуле Х. Вольман, доктар юрыдычных навук, прафесар адміністрацыйнага права Універсітэта А. Гумбальта (Берлін) дае характарыстыку нямецкай мадэлі мясцовага самакіравання, апісвае тыпы яе арганізацыі пасля 1945 года; расказвае пра ўвядзенне ў 1990-я гады прамога абрання бургамістра (кіраўніка адміністрацыі горада або раёна); таксама ў артыкуле прадстаўлена інфармацыя аб узаемадзеянні і паразуменні паміж бургамістрам і прадстаўнічым органам мясцовай улады на сучасным этапе.
3. "Ацэнка гатоўнасці рэгіянальных органаў улады прыцягваць незалежных пастаўшчыкоў сацыяльных паслуг". (С. Яфрэмаў. Вопросы государственного и муниципального управления. Масква. 2013. № 1.)
У артыкуле разгледжана суб'ектыўная гатоўнасць рэгіянальнай улады да прыцягнення недзяржаўных пастаўшчыкоў сацыяльных паслуг за кошт бюджэтных сродкаў. Даследаванне з'яўляецца пілотным і заснавана на аналізе апытання намеснікаў губернатараў і міністраў рэгіёнаў, праведзенага ў 2012 годзе. Атрыманыя вынікі дазволілі зрабіць выснову, што большасць рэгіёнаў лічыць сябе гатовымі і разумеюць задачы раздзяржаўлення. Аднак ведамаснасць інтарэсаў і кансерватыўнасць органаў улады могуць спараджаць заганнае кола — калі рэгіёны, якія не маюць вопыту такога прыцягнення, не імкнуцца яго набыць.
4. "Сацыяльная актыўнасць мясцовых супольнасцяў як крытэрый і фактар эфектыўнасці мясцовага самакіравання ў г. Маскве". (Н. Казакова, М. Пруднікаў, Э. Абгаран. Власть. Масква. 2012. № 12.)
Аўтары артыкула, абапіраючыся на звесткі сацыялагічных даследаванняў, зрабілі шэраг высноў: камунікацыйная актыўнасць масквічоў з'яўляецца вельмі нізкай, а працу органаў мясцовага самакіравання па прыцягненні жыхароў муніцыпальных утварэнняў да вырашэння пытанняў мясцовага значэння і непасрэднага ўдзелу ў кіраванні мясцовымі справамі можна назваць слабай. Аўтары заклікаюць да неабходнасці выкарыстання і нарошчвання "муніцыпальнага" патэнцыялу тых жыхароў горада, якія ўжо маюць інтарэс да ўдзелу ў рэалізацыі мясцовага самакіравання.
5. "Грамадская ацэнка дзейнасці дзяржаўных грамадзянскіх службоўцаў як адзін з кірункаў фарміравання пазітыўнай рэпутацыі рэгіянальнай улады". (Н. Разанава. Век качества. Масква. 2013. № 1.)
У артыкуле разглядаецца актуальная тэма — грамадская ацэнка дзейнасці дзяржаўных грамадзянскіх службоўцаў (з улікам меркавання грамадзян). Грамадская ацэнка падаецца ў якасці прагрэсіўнага інструменту фарміравання пазітыўнай рэпутацыі рэгіянальнай улады. Аўтар артыкула прыводзіць вынікі даследавання па ацэнцы рэпутацыі рэгіянальнай улады на прыкладзе Смаленскай вобласці, спасылаецца на практыку органаў выканаўчай улады суб'ектаў Расійскай Федэрацыі па правядзенні конкурсаў на званне лепшага дзяржаўнага грамадзянскага службоўца.
Азнаёміцца з публікацыямі можна ў чытальнай зале Прэзідэнцкай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь. Адрас: 220010, г. Мінск, вул. Савецкая, 11 (правае крыло Дома ўрада). Тэлефоны даведачна-інфармацыйнай службы: 200 33 40, 222 66 67. Вэб-сайт: www.рrеslіb.оrg.bу. Карыстанне бібліятэкай бясплатнае.
Артыкул падрыхтаваны аддзелам бібліятэчнага маркетынгу Прэзідэнцкай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/palityka
[2] https://zviazda.by/be/tags/myascovae-samakiravanne