З надыходам самых доўгіх летніх дзён (і, адпаведна, самых кароткіх ночак) у Беларусі пачалі ладзіць Купалле. На беразе ракі Дрысы вакол купальскага вогнішча вадзіла карагоды моладзь з Наваполацка. На адным з азёрных астравоў на Лепельшчыне не сціхалі песні-купалінкі студэнтаў са сталіцы. Традыцыйны купальскі абход двароў і ігрышчы на старажытным замчышчы зладзілі жыхары пасёлка Ракаў Валожынскага раёна. А ў музеі архітэктуры і побыту пад Мінскам у рамках купальскага свята прайшоў фэст фальклорных калектываў Міншчыны. Адметнасцю свята стала шэсце, якое ўзначальвала Купалінка на прыгожым белым кані (на фотаздымку).
На купальскі фэст у музей архітэктуры і побыту за вёскай Азярцо Мінскага раёна прыехалі спеўныя гурты з вёскі Морач Клецкага і вёскі Закальное Любанскага раёнаў, дзіцячыя гурты "Калыханка" з Міханавічаў і "Верабейкі" з Любані. Веданне купальскіх і траецкіх абрадавых песень прадэманстравалі самадзейныя артысты Ракаўскага Дома культуры. Але першую скрыпку ў купальскім фэсце бралі студэнты і выкладчыкі сталічнага Універсітэта культуры.
Традыцыйна тут плялі вяночкі з купальскіх кветак, вадзілі карагоды, скакалі цераз вогнішча. І спявалі, спявалі, спявалі...
"На Купала ночка мала, ой рана на Йвана..."
А рана-раненька сустракалі яго — гуллівае і гаючае купальскае сонейка. І калі толькі ночка праляцець паспела?
Анатоль КЛЯШЧУК.
Фота аўтара.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/anatol-klyashchuk
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/kultura-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/kultura
[5] https://zviazda.by/be/tags/azyarco
[6] https://zviazda.by/be/tags/minski-rayon
[7] https://zviazda.by/be/tags/morach
[8] https://zviazda.by/be/tags/klecki-rayon
[9] https://zviazda.by/be/tags/lyubanski-rayon
[10] https://zviazda.by/be/tags/kalyhanka
[11] https://zviazda.by/be/tags/mihanavichy
[12] https://zviazda.by/be/tags/verabeyki
[13] https://zviazda.by/be/tags/lepelshchyna
[14] https://zviazda.by/be/tags/drysa