Памятаеце прытчу пра дзвюх жабак, якія зваліліся ў жбанок з малаком? Адна з іх апусціла лапкі і адразу ж патанула. А другая так актыўна боўталася, што ўзбіла масла і выскачыла са жбанка. Сур'ёзнае выпрабаванне ў свой час жыццё паслала і Валянціне ВАЙЦЯШОНАК з Заслаўя: заўчасна забрала ў яе самых дарагіх людзей. Спачатку мужа, затым — сына. Тым не менш, мая гераіня, якая сёння ўзначальвае адкрытае акцыянернае таварыства "Заслаўе-тур" і з'яўляецца гаспадыняй кавярні ў беларускім нацыянальным стылі, знайшла ў сабе сілы, каб выбрацца са "жбанка" і рухацца далей. Яе гісторыя, лічу, можа стаць добрым урокам для многіх.
Спачатку нічога не прадвяшчала буры. Гадавалі з мужам дзяцей, будаваліся. У пачатку 90-х, калі сыны падраслі, пачаліся цяжкія часы. Зарплаты сталі вельмі маленькія. Трэба было неяк выжываць. Вось і вырашылі арганізаваць сваю маленькую справу, якая карміла б сям'ю.
Сямейны бізнес быў звязаны з аптовым гандлем садавіной, грузаперавозкамі. У нас з мужам атрымаўся неблагі тандэм. Ён быў добрым выканаўцам. Я ж на сябе ўзяла арганізатарскія пытанні. У многім мне дапамаглі лідарскія задаткі і эканамічная адукацыя. Лічу, што кожны прадпрымальнік павінен ведаць асновы эканомікі, каб элементарна ўмець усё пралічыць.
У жыцці вельмі важна знайсці сваю палавінку. Каб муж быў не проста любімым чалавекам, але і сябрам, партнёрам. Нельга толькі на гармонах будаваць адносіны. Трываласць сям'і мацуецца менавіта на пачуцці локця, партнёрстве.
Як гром сярод яснага неба прагучала навіна, што старэйшы сын захварэў на рак. А бяда, кажуць, не ходзіць адна. Неўзабаве пайшоў з жыцця любімы муж. Я засталася з хворым дзіцем. Патрэбна было набываць дарагія лекі. Калі шчыра, думала, што не спраўлюся. Але Гасподзь дае столькі, колькі ты можаш несці. Гэта я цяпер дакладна ведаю.
Сын вельмі цяжка хварэў.
10 гадоў мы з ім змагаліся за жыццё. За гэты час навукова-даследчы інстытут анкалогіі стаў нашым другім домам. Я бачыла, як ламаліся дарослыя людзі.
А сын не зламаўся. Нават калі ўжо не ўставаў з ложка, казаў мне: "Мама, усё будзе добра!" Чытаў у інтэрнэце пра рэстаранны бізнес, расказваў мне і тым самым набліжаў здзяйсненне маёй даўняй мары. Вось гэта сіла духу!
Побач з такім сынам я проста не мела права быць слабай. Для мяне ён і сёння — прыклад мужнасці і мудрасці. Калі дрэнна, думаю менавіта пра сына: што б ён мне сказаў, як бы падтрымаў.
Усім людзям, у якіх гора, хачу сказаць, каб яны не раскісалі, бо для дзяцей вельмі важна, калі побач моцныя бацькі. Магчыма, гэта прагучыць банальна, але ўсе мы рана ці позна пойдзем у лепшы свет. Таму трэба ўзяць сябе ў рукі і рабіць нават немагчымае. Бо каб плакаць ды намотваць соплі на кулак, вялікага розуму не трэба.
Майго сына не стала, калі яму было практычна 26 гадоў. Але я так удзячна лёсу, што ён у мяне быў. Бо тое, што ён у мяне быў, перавышае гора, якое я перажыла.
Калі мне было вельмі цяжка, я здымала абутак і басанож палола градкі. Зямля давала мне энергію. Таксама ездзіла ў Свята-Елізавецінскі манастыр. Сядзела там і плакала... Пакуль Бог не ўзяў мяне на рукі. Памятаеце прытчу пра чалавека, які ішоў па жыцці і час ад часу азіраўся. Азіраўся і бачыў на пяску два ланцужкі слядоў: адзін — ад сваіх ног, другі — ад ног Госпада. Але аднойчы, калі ў яго здарылася вялікае гора, азірнуўся і ўбачыў толькі адзін ланцужок. Ён вельмі зажурыўся і спытаў Госпада: "Чаму ты пакінуў мяне, калі я больш за ўсё меў патрэбу ў Табе?". Гасподзь яму адказаў: "Таму што якраз у той час я нёс цябе на руках". Гэта пра мяне. Калі ўсё здавалася безнадзейным, Бог нёс мяне на руках. А пасля на дапамогу прыйшла работа. Я ж чалавек адказны: разумела, што, акрамя мяне, распачатыя справы ніхто не завершыць.
Вельмі люблю свой горад з яго няпростай гісторыяй. Тут захаваліся ўнікальныя помнікі: гарадзішча "Вал", былы кальвінскі збор, касцёл Найсвяцейшай Панны Марыі... Ёсць некалькі цікавых музеяў: этнаграфічны комплекс "Млын", музей-дот, музей міфалогіі і лесу... Але нягледзячы на такую колькасць славутасцяў, у горадзе катастрафічна не хапала месца, дзе турысты маглі б "прызямліцца" пасля экскурсіі, пераварыць атрыманыя яркія ўражанні, абмяняцца думкамі, проста смачна паесці і прыгожа адпачыць.
Да таго, як у нашай сям'і здарылася гора, я была на бізнес-курсах у Літве. Мяне вельмі ўразіла стаўленне літоўцаў да сваёй культуры, побыту. У Вільні шмат нацыянальных рэстаранчыкаў. Заходзіш туды і разумееш, што табе рады. Усе афіцыянты, як адзін, прыветліва ўсміхаюцца. Такое адчуванне, што ты прыйшоў не ў рэстаран, а да іх дадому. У нас гэта, на жаль, рэдкасць. Часта прыходзіш некуды пасядзець, і хочацца проста памяняць афіцыянта... Вось у мяне і нарадзілася думка пабудаваць у гістарычнай частцы Заслаўя кавярню ў беларускім стылі, у якой можна было б размясціць турыстаў.
Калі захварэў сын, мая мара ператварылася ў жыццёвую неабходнасць. Патрэбны былі вялікія грошы на лячэнне... Таму і адважылася на будаўніцтва "Шынка". Я вельмі ўдзячна тым людзям, якія ў мяне паверылі.
Крэдытавалася я ў Беларусбанку. Той час, калі трэба было аддаваць грошы, прыйшоўся якраз на сусветны фінансавы крызіс. Таму, самі разумееце, было нялёгка. Тры гады, што выплачвалі даўгі, даводзілася ў многім сябе абмяжоўваць. Але, дзякуй Богу, на днях мы ўсё ж такі канчаткова разлічыліся з банкам.
"Нельга зацыклівацца на сабе самой.
Нельга займацца тым, што не любіш рабіць: наўрад ці будзе добры вынік.
Нельга дзеля дасягнення сваёй мэты пераходзіць дарогу іншым людзям. Я не прымаю спаборніцтва паміж бізнесменамі. І не важна, мужчына гэта ці жанчына. Самае здаровае спаборніцтва — гэта спаборніцтва са сваёй лянотай.
Не варта быць занудай і песімісткай.
І, нарэшце, я не люблю пафасу. Мне здаецца, што гэта сведчыць у першую чаргу аб нясталасці чалавека".
Акрамя ўтульнага інтэр'еру і нацыянальнай кухні, мы прапануем сваім наведвальнікам цікавыя праграмы, заснаваныя на фальклоры. Ладзім "Каляды", "Гуканне вясны", вяселлі ў беларускім стылі. Прафесійныя артысты прыцягваюць гасцей да беларускіх танцаў, песень. Людзі ў нас адчуваюць сябе сапраўднымі беларусамі. Сярод запісаў у кнізе водгукаў ёсць і такія: "Пасля таго, як пабылі тут, ганарымся, што мы беларусы".
Праграмы прынцыпова праводзім на беларускай мове. Заўсёды выбачаюся перад гасцямі, што гавару па-руску, бо я — расіянка. Не разумею, як можна не любіць беларускую мову — яна ж такая прыгожая! Калі б мяне паставілі ў рамкі, пэўна, вывучыла б мову. І гаварыла б. Добра ці дрэнна — гэта ўжо іншае пытанне.
Калі да мяне прыязджаюць людзі, частую іх старажытным беларускім напоем ХVІ стагоддзя. "Крупнік" — адна з нашых цікавінак. Гатую яго на травах, са спецыямі і мёдам. Калісьці я была вельмі добрай гаспадыняй. Мой муж любіў выпечку. Памятаю, мы куплялі пра запас мяшок мукі.
Гэтага мяшка хапала на паўгода. Я пякла вельмі смачныя булкі. Цяпер ужо няма неабходнасці. Мой малодшы сын дапамагае мне развіваць сямейны бізнес, і мы, як правіла, ядзім у сваім "Шынку". У мяне тут працуе паварыха, якой я вельмі даражу. І наогул у маім узросце ўжо трэба менш есці (смяецца) .
Самая смачная ежа — гэта простая ежа, прыгатаваная ў добрым настроі. Бо праз ежу перадаюцца як станоўчыя, так і адмоўныя эмоцыі. Не трэба эканоміць на прыправах, яны павінны быць натуральнымі. Таксама вельмі важна мець пачуццё меры, каб не перасыпаць солі, спецый. Спецыі павінны толькі паляпшаць, а не псаваць смак. І наогул пачуццё меры неабходна не толькі на кухні, але і ў жыцці. Важна не пераходзіць межы дазволенага і не пакрыўдзіць некага. Перш чым нешта зрабіць, трэба падумаць, як бы ты адчуваў сябе на месцы іншага чалавека.
Не трэба баяцца нешта аддаць. Таму, хто дае, вяртаецца ў некалькі разоў больш. Гэта адназначна. І не варта прывязвацца да матэрыяльнага. Няма нічога вечнага ў жыцці. У труне кішэні няма. Мы ўсе прыходзім у гэты свет голыя і сыходзім голыя.
Муж маёй італьянскай сяброўкі — рэстаратар. Таму калі я была ў іх у гасцях, ён вадзіў нас па самых розных рэстаранах. Мне вельмі спадабалася, што там гаспадары са сваімі дзецьмі і жонкамі падносяць ежу, пякуць піцу, разбіраюць рыбу на вачах у наведвальнікаў. У іх няма "пантоў".
Калі мы толькі пачыналі будавацца, даводзілася ўсю брудную работу рабіць сваімі рукамі.
І сёння я не лічу для сябе ганебным памыць падлогу ў сваёй кавярні ці заварыць каву для гасцей. Я ад гэтага горшай не стану. Проста лішні раз займуся фізічнай працай.
Чалавек, у якога здейснілася запаветная мара, прыдумляе сабе новую мару (усміхаецца). Вось я, напрыклад, хачу пабудаваць жывы музей горада Заслаўя. Каб дзеці менш сядзелі за камп'ютарамі, а прыязджалі сюды. Іх наўрад ці зацікавіш гліняным асколкам вырабу Х стагоддзя, а вось калі побач з ім будзе стаяць ганчарны круг... І ганчар пакажа, як нашы продкі выраблялі гаршчкі. І дазволіць дзецям паспрабаваць зрабіць нешта сваімі рукамі. Гэта, як мінімум, запомніцца. Як максімум, выхавае ў новага пакалення гонар за гісторыю сваёй радзімы, любоў да беларускай культуры і традыцый.
Калі прачынаюся — а за акном дождж ці снег, радуюся, бо маю магчымасць гэта ўсё бачыць і адчуваць. Для мяне не бывае дрэннага надвор'я. Калі некамфортна сябе адчуваю ў мароз ці спёку, значыць, я проста апранулася не па сезоне. Чалавек, які прайшоў праз вялікае гора, пачынае цаніць жыццё. І не марнуе час на дрэнны настрой, тым больш з-за дробязяў. Не адкладае важныя словы, запаветныя мары, усмешкі, сустрэчы з цікавымі і дарагімі людзьмі на заўтра...
Надзея ДРЫЛА.
Фота Надзеі БУЖАН.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/nadzeya-buzhan
[2] https://zviazda.by/be/tags/nadzeya-dryla
[3] https://zviazda.by/be/gramadstva
[4] https://zviazda.by/be/z-zhyccya
[5] https://zviazda.by/be/gramadstva-0
[6] https://zviazda.by/be/tags/valyancina-vaycyashonak
[7] https://zviazda.by/be/tags/zaslaue
[8] https://zviazda.by/be/tags/zaslaue-tur