У Брэсце падыходзіць да лагічнага завяршэння справа з падманутымі дольшчыкамі будаўнічай фірмы "Аблічча". Напомнім, што кампанія, якая займалася ўзвядзеннем элітнага жылля ў абласным цэнтры, некалькі гадоў таму спыніла сваё існаванне, спаслаўшыся на крызіс і недахоп сродкаў для працягу будаўніцтва. Пры гэтым сотні людзей унеслі свае грошы за будучыя кватэры. Многія разлічыліся ў поўным аб'ёме.
Падманутыя людзі прайшлі ўсе магчымыя інстанцыі. Іх не пакінулі сам-насам з праблемамі. Завяршыць будаўніцтва даручылі іншым арганізацыям, дольшчыкам жа давялося даплаціць. Як ужо паведамляла наша газета, кіраўнік фірмы "Аблічча" Мікалай Клімук, больш за год таму быў узяты пад варту. І вось следства, якое працягвалася дваццаць месяцаў, скончана. Пра гэта паведаміў пракурор Брэсцкай вобласці Іван Наскевіч.
Зараз грамадзянін Клімук і яго адвакаты знаёмяцца з матэрыяламі справы, якая складае 112 тамоў плюс 30 тамоў бухгалтарскіх дакументаў.
Пацярпелымі па справе прызнаны 435 чалавек. Ім прычынены ўрон на суму больш за 60 мільярдаў рублёў у выглядзе непабудаванага жылля. Следства, якое вяло ўпраўленне Следчага камітэта па Брэсцкай вобласці, кваліфікавала дзеянні былога дырэктара па пяці артыкулах Крымінальнага кодэкса, сярод якіх — крадзеж шляхам злоўжывання паўнамоцтвамі ў буйным памеры, ухіленне ад выплаты падаткаў і збораў, злоўжыванне службовым становішчам. Мера пакарання па асобных з іх прадугледжвае пазбаўленне волі да дзесяці гадоў з канфіскацыяй маёмасці. Усё будзе вырашаць суд, які менш чым праз месяц атрымае дакументы.
Святлана ЯСКЕВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/svyatlana-yaskevich
[2] https://zviazda.by/be/ekanomika
[3] https://zviazda.by/be/tags/poglyad
[4] https://zviazda.by/be/tags/brest
[5] https://zviazda.by/be/tags/kiraunik-firmy-ablichcha-mikalay-klimuk
[6] https://zviazda.by/be/tags/prakuror-bresckay-voblasci-ivan-naskevich