Што было — было: у Аўцюках, ля крамы, аднаму мужчынку дрэнна зрабілася — самлеў, бедны. Людзі, вядома ж, да яго — абступілі з усіх бакоў, крычаць наперабой: "Вады... Хутчэй!", "Таблетку пад язык...", "Не... Выклікайце "хуткую". У бальніцу везці трэба"...
— Дайце яму віна, — сказала бабка Маня.
Непрытомны, пачуўшы гэта, варухнуў брывом, расплюшчыў правае вочка, ледзь чутна прашаптаў: "Эй вы... Усе... Заткніцеся... Слухайце, што кажа бабуля".
І сапраўды: як не слухаць? Бо чараўніца ж: з таго свету, можна сказаць, мужчыну вярнула. Прычым — без ніякіх лекаў! Толькі слоўцам адным!
Во якім яно моцным бывае!
Ці ёсць падобныя ў конкурснай пошце? Як заўжды, мяркуйце самі. Але перш — кіньце вочкам на верхні здымак і, магчыма, разам са спадарыняй Валянцінай Гудачковай з Жыткавічаў успомніце:
Старых знаёмых пазнаю!
Сустрэчы з імі вельмі рада:
Ясь летась ногі мыў каню,
Цяпер — спявае серэнады...
Яно за шчасце, вы паверце,
Быць слухачом —
на тым канцэрце!
Ну яшчэ б, калі...
Льецца музыка —
фантанам!..
Ясь іграе апантана!
Ды, на жаль, тут, хоць заплач,
Усяго адзін слухач.
Зазначае гэта спадар Міхаіл Дубовік з вёскі Арэшкавічы Бярэзінсага раёна. Шкадуе, трэба разумець, што адзін? Але ці варта шкадаваць — на думку спадарыні Раісы Васільевай з Гомеля — ёсць пытанне:
Хлопец стараўся, оду складаў
Для прыгажуні-дзяўчыны,
Але "адлуп" ад яе атрымаў
Без відавочнай прычыны.
Вось і даводзіцца песню сваю
Слухаць у садзе самому.
Бо падабаецца голас... каню.
Болей, выходзіць, нікому?
Ёсць у пошце (у лісце спадара Анатоля Гарачова з вёскі Даўнары Іўеўскага раёна) і адказ на пытанне чаму:
Хоць настырны Ясь і ўпёрты,
Спавядальнік моднага,
Конь бярэ аж тры акорды,
Ну а ён — ніводнага.
З людзьмі, на жаль, гэта часта бывае:
Наступіў мядзведзь на вуха —
Дужа ж кепска грае!
Аніхто не хоча слухаць...
Конік ледзь трывае!
Бедная жывёліна, як лічыць Валянціна Гудачкова. Ды і гітарыст бедны... Прычым — у поўным сэнсе гэтага слова:
Каб плацілі Ясю ў еўра,
Дык ствараў бы ён шэдэўры.
Калі ж толькі за падзяку —
Цягне нудную бадзягу.
Лічыць так спадарыня Любоў Чыгрынава з Вілейшчыны, спадары Сцяпан Нефідовіч з Лунінеччыны і Міхаіл Дубовік з Бярэзіншчыны
. Чытайце:
Спрадвеку музыкант
у вёсцы
Жыў бедняком,
быў голы-босы.
Не лепш і зараз...
Бач, фінансы
Спяваюць сумныя рамансы.
А ўсё чаму?
Барды —
хоць і шмат шчыруюць —
Ды катэджаў не будуюць...
Каб без портак не застацца,
Можа, у конюхі падацца?
А вось гэта ўжо (ну згадзіцеся!) крайнасці. І перш чым кідацца ў іх, варта паглядзець вакол: раптам нейкае іншае выйсце ёсць?
Якое? Ну можна, напрыклад, агратурызмам заняцца. А што? Новы від дзейнасці — модны цяпер, запатрабаваны. Да таго ж у гэтага чалавека (са здымка) ужо шмат што ёсць: конь, гітара... Назва фірмы, рэклама...
Адкуль апошняе? Усё з той жа рэдакцыйнай пошты — ад спадара Валерыя Гаўрыша з Чавусаў — задарма аддае:
На сядзібу "Белы мак"
Шчыра запрашаем!
Гаспадар для вас — спявак,
Конік — пакатае.
Вам да гэтага далёка — пакуль? Рамонт у доме трэба зрабіць, а грошай бракуе? Тады (і з таго ж канверта) яшчэ адна падказка:
Незвычайную паслугу
Ясь-маэстра выдае:
Зранку ў дачніц ён за плугам,
А пад вечар ім пяе.
І тым самым, трэба разумець, зарабляе — на думку спадара Уладзіміра Яцкевіча з вёскі Слонімцы Пружанскага раёна, нават някепска. У прыватнасці:
Шмат сягоння шчыравалі —
Час прыйшоў і паляжаць.
Бульбу людцам паганялі...
Грошы ёсць —
чаму ж не йграць?
(Перапеў тут да месца — ад спадара Міколы Кісяля з Мінска):
Як з канём не пець? ...
Як жа не брынчэць?
Калі уся вёска
На паклон ідзець?..
А ўжо ён, гаспадар таго адзінага ў акрузе канька, можа даць яго — у тым ліку за грошы, а можа сам, што называецца, ласку зрабіць. З усімі адсюль наступствамі:
Жонка лямант усчыніла,
Ледзь гітару не пабіла:
— Працаваў з канём у Людкі?
Дык начуй цяпер ля будкі!
...Летам — люба начаваць,
Серэнады распяваць.
І слухач ёсць — сябра конік,
Ён сагрэе... Дый пракорміць.
Вось такое рашэнне (на думку спадарыні Марыі Грышчанка з Дзяржынска) прыняў гэты "вершнік". А мог бы, дарэчы, і іншае — відавочнае для спадарыні Святланы Іванец з вёскі Калачы, што на Лагойшчыне:
Калі жонка
даўно ўжо ў пячонках,
Не адолець
мужу самоту:
На кані,
з сяміструннай сяброўкай
Ён шукае цяпло і пяшчоту.
Ці лёгка знайсці? На думку той жа Святланы — не:
Разумее нават конь:
Жарсць у песнях, што агонь...
Але гора "барадзе":
Хто ж з босага ідзе?
І сапраўды — мала ахвотных... Ісці. А вось паразважаць, чаму ён такі (у сэнсе босы), ахвотных шмат. Спадар Валерый Гаўрыш, напрыклад, лічыць:
Мабыць, хлопец
схільны пець —
Не касіць пракосы.
Бо мне цяжка зразумець:
Як сягоння косю мець —
І застацца босым?
"Ды што раз плюнуць!" — як згаварыўшыся сцвярджаюць спадары Мікола Кісель, Сцяпан Нефідовіч... І прыводзяць канкрэтныя прыклады:
Пецю Тамара
Выгнала з хаты:
Жонкай — гітара.
Конік — за брата...
З адзежы — кашуля,
(Бот — разваліўся)...
З маёмасці — трасца...
Дайграўся, дапіўся.
Фінал, карацей... Альбо вось яшчэ адна драма:
Піў без меры —
з чаркі, з рыла,
Вось і "вольная"
ў Гаўрылы.
Кроіць сэрца
непарадак
(Атрымаў жа
пад азадак) —
А паскардзіцца каму?
Толькі вернаму каню.
Што, відаць, заканамерна:
Між жывёлін сама болей
Паслужылі людзям коні.
На іх з даўняе пары
У бой імчалі ваяры...
Як жа іх не шанаваць?
Як ім... песень не спяваць?
Пытае, прынамсі, спадар Мікалай Старых з Гомеля. І мае ж рацыю! Бо пра каня твораў багата, а вось для...
Хоць на думку спадара Гарачова, гэта і правільна, бо
Трубячы аб тым штодня,
Варта б і запомніць:
Што каня, як салаўя,
Песнямі не кормяць.
Тады чым — кормяць? Спадар Старых ведае:
Быў у косі Гаспадар
І канёк жыў — нібы цар!
Не ўпрагаўся ў цяжкі воз,
Еў ён бульбу і авёс...
Ды... купіў яго Міхайла
(Ёсць паўсюль такі нядбайла):
Песень мае, што вады...
А канёк — худы-худы.
Можа, ён такім, крый Бог, стане? Бо пакуль, мяркуючы па здымку... Нейкі сумны толькі...
Зрэшты, тут трэба прыгледзецца — нам... І, вядома ж, герою спадарыні Чыгрынавай:
Ажаргаў Тарас Пегаса
І прастуе да Парнаса.
— Эй, ачомайся, Тарас,
Можа гэта не Пегас?
А проста...
Далей — ужо вершамі, ад спадара Альфрэда Тычко з вёскі Ідолта, што на Мёршчыне:
Вясна —
у квецені садоў...
Бясконцы
салаўёў рулады,
Бо прагне сэрца
зноў і зноў
Спяваць каханай
серэнады...
А каб здзівіць
сваю Джульету,
Прыдумаў Янка
сцэну гэту.
"Нумар "Звязды" з чарговым конкурсным здымкам выйшаў 4 мая, якраз у самы разгар салаўіных спеваў, — піша спадар Гаўрыш. — Таму па вечарах проста грэх было не выходзіць на вуліцу, не слухаць гэты чароўны пошчак. Дарэчы, арнітолагі кажуць, што спявае толькі салоўка і толькі ў той перыяд, калі самачка выседжвае птушанят..."
Адкуль, відаць, і радкі:
Салавей перад салоўкай
Песняй заліваецца.
Пакуль тая птушанятак
Выседзець стараецца.
Гэты ж хлопец — ля радзільні
Жонцы арыю завёў.
Ці паможа? Невядома...
Больш бы гэткіх салаўёў!
І сапраўды — не зашкодзіла б! А то (паводле спадарыні Чыгрынавай) асобныя з мужоў зусім ад рук адбіліся:
Ясь шукае стыль высокі —
Спінай ловіць біятокі...
Яго жонка ў баразне
Да змяркання спіну гне.
Тутэйшая яна, трэба разумець, працаўнічка — вартая самых узнёслых вершаў! Напрыклад — ад спадара Нефідовіча:
У жонкі куры, свінні, градкі...
Усё дагледзіць па парадку!
Ну, а муж — "дапамагае",
Пасвіць косю ў лузе-гаі.
Бо жыве на пенсіі
На кані і з песнямі!
От каб так — ды кожнаму!
Зрэшты, гэта — адступленне. А што да здымка, то на ім (як піша спадарыня Іванец) — з'ява. І зусім нярэдкая:
Саўка летам грэе плечы
На кабыле... замест печы.
Значыць хворы ён? Ці гультай? А можа, мае рацыю спадарыня Таццяна Баркоўская з вёскі Жажэлка Смалявіцкага раёна, калі піша:
З барадою, паглядзіце,
А ляжыць, не дзьме у вус:
Вам патрэбна? Вы й рабіце,
А я — новы беларус!
Ад агіды конік плача —
Зведаў розных седакоў,
А такіх яшчэ не бачыў —
Прахадзімцаў-лайдакоў.
Дзіўна, бо іх жа час... Як лічыць, прынамсі, спадар Нефідовіч:
Цяпер не трэба быць
спартсменам,
Пісьменнікам
ці бізнесменам.
А ладзь канцэрты
пад "фанеру"
І мецьмеш грошай
да халеры.
За іх — асабліва цяпер (ці вам казаць?) і робіцца, і купляецца многае... Але ж не ўсё! Вы толькі ўявіце (услед за спадарыняй Чыгрынавай):
Да цешчы вясною
Прыехаў зяцёк,
Гітару з сабою
У сяло прывалок.
І тупае зранку
Ля "госціка" цешча,
А зяць то зайграе,
То ў ладкі заплешча.
Больш за тое (як дадае спадар Гарачоў):
Грамадзяне, стаўце свечкі!
І званіце у званы —
Хоць "партэчкі па кастэчкі",
Янка меціць у паны.
На кані, да неба тварам —
Больш ці ўбачыце мужчын?
А пры чым тады гітара?
Ды гітара — ні пры чым.
Бо (як лічыць спадар Юрый Вінаградаў з Бабруйска):
Не да твару казаку
Днём ляжаць у гамаку.
Вось на спіне у каня...
Ясь ляжыць...
Ляжыць штодня.
Што здзівіла спадара Дубовіка — адзін... Ляжыць:
Да гітары прыхіліўся...
У нязручнай позе...
Лепш бы з дзеўкаю любіўся,
Седзячы на возе!
Іншымі словамі, вы адчулі, колькі шпілек адпушчана ў адрас героя, колькі крытыкі выліта на яго галаву? Прычым — справядлівай, бо, каго ні паслухай (ну як ля таго аўцюка непрытомнага!)...
усе маюць рацыю.
Як, вядома ж, і сужэнцы Астроўскія з Мінска:
Хай дзяцюк раздзенецца,
Хай калі й разуецца...
Як вясёлы чалавек —
Яму ўсё даруецца!
Вось на гэтай аптымістычнай ноце і завершым чарговы агляд. Што да вынікаў?
Нагадаем: на мінулым конкурсным здымку сабачка быў — у тэпціках, у жупане. Дык вось. Па меркаванні вялікага чытацкага журы найлепшыя радкі пра яго напісалі спадары Аляксандр Матошка з Расонаў, Васіль Пяшэвіч з Жыткавіччыны, Мікалай Старых з Гомеля, Альфрэд Тычко з Мёршчыны, сужэнцы Астроўскія з Мінска, Анатоль Гарачоў з Іўеўшчыны; Ніна Бурко з Бярэзіншчыны, дзве Валянціны — Гудачкова з Жыткавічаў і Пабягайла з Ляхавічаў, Марыя Грышчанка з Дзяржынска і Раіса Васільева. Яе радкі
(Не патрэбны многім дзеці —
З імі клопат будзеш меці...
А сабачку як прыдбаеш,
Толькі і ведай, што гуляеш.
...Як такое павядзецца,
То і люд перавядзецца.
З кім тады сабакам жыць?
Хто ім будзе порткі шыць?)
палічыла мацнейшымі і журы маленькае, рэдакцыйнае. Таму прыз у выглядзе падпіскі на дарагую сэрцам "Звязду" на чацвёрты квартал гэтага года (на трэці, будзем спадзявацца, усе падпісаліся?) накіроўваецца ў Гомель.
Вызначыла пераможцу і рэдакцыя "Вожыка". Ёй стала спадарыня Соф'я Кусянкова: гэта значыць, што менавіта да яе, у вёску Лучын, што на Рагачоўшчыне, прыйдзе ліпеньскі нумар часопіса.
Хочаце, каб да вас таксама? Падпісвайцеся! І тым самым падтрымлівайце (ну хоць нечым...) — родную мову ў родным народзе...
Не выпадае? Хочаце зэканоміць? Тады ўважліва паглядзіце на чарговы конкурсны здымак, напішыце (па-беларуску, дасціпна і коратка), што б гэта значыла, і прышліце ў рэдакцыю. Шанцы выйграць ёсць! У кожнага... А яшчэ ёсць магчымасць і займець новых сяброў), адкрыць свае таленты. Дык няхай іх будзе больш — у кожнага з удзельнікаў нашага конкурсу, у кожнага з чытачоў "Звязды", у кожнага, хто робіць нешта людскае на карысць сваёй Бацькаўшчыны.
Валянціна Доўнар.
Ад яе ж шчырыя прабачэнні ўсім, чые радкі на гэты раз не вытрымалі строгага конкурснага адбору.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/zvarotnaya-suvyaz
[2] https://zviazda.by/be/tags/zvarotnaya-suvyaz