Адразу пасля фінішу чарговага навучальнага года шматтысячная армія шкаляроў разыходзіцца на тры летнія месяцы хто куды. Адны едуць з бацькамі на замежныя курорты, іншыя адпраўляюцца ў лагер адпачынку, а хтосьці па розных прычынах бавіць час у горадзе. Каб падлеткі не бадзяліся цэлымі днямі абы-дзе, а заняліся карыснай справай, некаторыя бацькі пачынаюць шукаць для іх пасільную працу. А заадно і прывучаюць да дарослага жыцця.
— Свае першыя грошы я зарабіў шэсць гадоў таму. Мне тады было пятнаццаць, — расказвае студэнт Сяргей. — Тата працаваў на невялічкім заводзе і ўладкаваў мяне туды дворнікам на палову стаўкі. З мінусаў адзначу тое, што ўставаць даводзілася а палове шостай раніцы. Усё-такі ехаць праз увесь горад, а рабочы дзень у мяне пачынаўся а сёмай. Чатыры гадзіны зранку мятлой адмахаў, а пасля вольны. Так я за два месяцы зарабіў суму, крыху большую за дзвесце долараў. Даклаў невялічкія зберажэнні ад школьных сняданкаў — і набыў сабе выдатны па тых часах мабільны тэлефон.
Але ж бацькі не заўсёды могуць уладкаваць падлетка да сябе на працу. Звязана гэта і з вытворчай спецыфікай, і з пэўнымі абмежаваннямі па ўзросце. І што застаецца рабіць юнакам і дзяўчатам?
Выхад просты — звяртацца ў раённы цэнтр занятасці. Менавіта туды сцякаецца ўся інфармацыя аб вакансіях у горадзе. У камп'ютарнай базе змяшчаюцца і патрабаванні да шукальнікаў працы...
Дык вось, вакансіі для 14-16-гадовых падлеткаў ёсць. Праўда, з першага разу іх удалося адшукаць не так і шмат. Грошы прапаноўваюць для дарослага невялікія, але для падлетка неблагія — паўтара-два мільёны рублёў. Выбар прафесій, вядома, абмежаваны — расклейшчык аб'яў, прадавец на летні сезон, пешы кур'ер, мерчандайзер... А вось дворнікаў бяруць чамусьці толькі з атэстатам аб сярэдняй адукацыі.
Усё было б добра, аднак узнікла адно пытанне. Той жа чатырнаццацігадовы падлетак можа працаваць у дзень не больш за чатыры з паловай гадзіны. Для шаснаццацігадовага працоўны час павялічваецца да сямі гадзін. Прычым юнаму працаўніку павінны плаціць так, як і даросламу, які адпрацаваў поўны дзень. Ці кожны наймальнік адважыцца на гэта?
Альтэрнатыва ёсць: у расклейшчыка аб'яў працоўны графік куды больш гібкі. Зарплату абяцаюць здзельную. Дзе-нідзе за тысячу расклееных лісткоў заплацяць сто тысяч рублёў.
— На кішэнныя выдаткі падлеткі могуць зарабіць улетку ў звычайных школах ці ў цэнтрах пазашкольнай працы. Напрыклад, за зборку ці рамонт мэблі, прыбіранне смецця ў будынку ці на школьным двары, падклейванне кніг у бібліятэцы, афармленне кабінетаў ці музея... Не хочацца ўлетку ісці ў школу — калі ласка, у заапарку юнакам і дзяўчатам гатовы прапанаваць працу нарыхтоўшчыка кармоў. Усяго ж у сталіцы спецыяльна для падлеткаў створана 2785 працоўных месцаў, — паведамілі "Чырвонцы" ў Камітэце па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама. — Арганізаваны яны за кошт сродкаў дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны краіны, мясцовых бюджэтаў і непасрэдна саміх наймальнікаў. Уладкавацца ж падлетку на працу проста — дастаткова зарэгістравацца ў раённым цэнтры занятасці, дзе яму выдадуць накіраванне на патрэбны аб'ект.
У сярэднім 15-гадовы падлетак можа разлічваць на зарплату ў 887 тысяч за поўны адпрацаваны месяц. Тыя ж, хто мае ў кішэні атэстат аб сярэдняй адукацыі, могуць атрымаць прыкладна 1 млн 350 тысяч, паколькі ў іх значна большы выбар месцаў для працаўладкавання. Зрэшты, гэтыя сумы не лімітаваны. Так, некаторыя арганізацыі прамысловасці, гандлю, жыллёва-камунальнай гаспадаркі гатовы плаціць падлеткам ад 1,5 мільёна. Таму праблем з пошукам занятку на лета няма. Было б жаданне!
Валяр'ян ШКЛЕННІК.