Не проста трафарэты ў сталічным музеі
У Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва ў Мінску працуе выстава "Рrіnt/Sсrееn/Рrіnt", на якой прадстаўлены працы студэнтаў майстэрні шаўкаграфіі Акадэміі выяўленчага мастацтва ў Катавіцах і майстэрні лічбавай візуалізацыі Акадэміі выяўленчага мастацтва ў Кракаве (Польшча).
Выстава мае такую назву невыпадкова. Спалучэнне гэтых англійскіх слоў — гульня. "Рrіnt sсrееn", ці скрыншот экрана, — зварот, які адносіцца да лічбавага асяроддзя і ілюструе праграмную дзейнасць майстэрні лічбавай візуалізацыі на кафедры графікі Акадэміі выяўленчага мастацтва ў Кракаве. Адначасова "sсrееn рrіnt", з'яўляючыся англійскай назвай графічнай тэхнікі, у гэтым выпадку адназначна звязаны з майстэрняй шаўкаграфіі Акадэміі выяўленчага мастацтва ў Катавіцах
.
Па-максімалісцку цьмяныя і дэпрэсіўныя, але па-свойму закончаныя і цэласныя работы польскіх студэнтаў сведчаць пра асноўныя тэндэнцыі ў трафарэтнай графіцы найноўшага часу. Тым больш што, як вядома, польская школа графікі і плаката — вельмі моцная і вядомая ў свеце.
— Нягледзячы на тое, што выбраныя да выставы працы не звязаны агульнай праблематыкай, былі створаны ў розны час многімі аўтарамі і з'яўляюцца разнароднымі, у гэтай прэзентацыі можна ўбачыць цікавы агульны элемент, — разважае Вальдэмар Вэнгжын, прафесар, кіраўнік творчых майстэрняў абедзвюх названых навучальных устаноў. — Гэтым элементам з'яўляецца моладзевая энергія і захопленасць, звязаная з зацікаўленасцю мастацтвам, што характарызуе моладзь, з якой я маю гонар працаваць у абедзвюх школах. Паказаныя на выставе працы павінны ілюстраваць магчымасці разнароднага, нетрадыцыйнага выкарыстання тэхнікі, а таксама пошукі ў гэтым кірунку. Выразны эксперыментальны падыход да графічных тэхнік — як лічбавых, так і аналагавых — каштоўны сам па сабе, што ў нашым выпадку з'яўляецца чарговым элементам, які аб'ядноўвае абедзве майстэрні. Праламленне прынцыпаў, надзвычайная адкрытасць у зносінах са студэнтамі і ўменне вырашаць фармальныя і зместавыя праблемы — гэта вельмі важныя рысы, што характарызуюць таксама двух маладых педагогаў, якія працуюць разам са мной. Кандыдат навук Дарота Новак-Радзіньска і магістр Якуб Скочэк — дзве вельмі цікавыя творчыя асобы, але адначасова два вельмі розныя тэмпераменты — з'яўляюцца абавязковым і, на маю думку, незаменным мостам паміж кіраўніком майстэрні і маладымі будучымі графікамі, якія ў ёй займаюцца.
Сама тэхніка шаўкаграфіі першапачаткова выкарыстоўвалася ў прамысловых і камерцыйных мэтах. Шаўкаграфія — гэта від трафарэтнага друку вельмі высокай якасці для ўзнаўлення тэкстаў, надпісаў і выяў. Сутнасць тэхнікі ў тым, каб пры дапамозе трафарэтнай друкаванай формы, скрозь якую пранікае фарба, атрымаць пэўны неабходны адбітак. Такім чынам вырабляюцца рэпрадукцыі ў вялікай паліграфіі, напрыклад. Шаўкаграфія прымяняецца і ў самастойным відзе друкаванай графікі — эстампе. У ХХ стагоддзі — часе росквіту эксперыментаў і адкрыццяў у мастацтве, часе маніфестаў і арт-суполак — з шаўкаграфіяй працавалі многія вядомыя мастакі. Так, Марсэль Дзюшан, Эндзі Уорхал, Фернан Лежэ, Джэксан Полак, Рой Ліхтэнштэйн ды іншыя, акрамя характэрных для іх манер і тэхнік, эксперыментавалі яшчэ і ў тэхніцы шаўкаграфіі. А да 13 ліпеня мы маем магчымасць паглядзець у Мінску на "шаўковыя" эксперыменты польскіх студэнтаў.
Вольга ЧАЙКОЎСКАЯ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/kultura
[2] https://zviazda.by/be/tags/zhyrandolya
[3] https://zviazda.by/be/tags/minsk
[4] https://zviazda.by/be/tags/polshcha
[5] https://zviazda.by/be/tags/rrintssreenrrint
[6] https://zviazda.by/be/tags/krakau
[7] https://zviazda.by/be/tags/muzey-suchasnaga-vyyaulenchaga-mastactva
[8] https://zviazda.by/be/tags/akademiya-vyyaulenchaga-mastactva
[9] https://zviazda.by/be/tags/katavicy
[10] https://zviazda.by/be/tags/valdemar-vengzhyn
[11] https://zviazda.by/be/tags/volga-chaykouskaya
[12] https://zviazda.by/be/tags/marsel-dzyushan
[13] https://zviazda.by/be/tags/endzi-uorhal
[14] https://zviazda.by/be/tags/fernan-lezhe
[15] https://zviazda.by/be/tags/dzheksan-polak
[16] https://zviazda.by/be/tags/roy-lihtenshteyn