Пра гэта ў Нацыянальным прэс-цэнтры паведаміла загадчык аддзялення камунальнай гігіены Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Ірына Жаўняк падчас прэс-канферэнцыі, прысвечанай дзяржаўнаму санітарнаму нагляду за ўтрыманнем зон рэкрэацыі.
"З 28 чэрвеня па 4 ліпеня была даследавана 391 зона адпачынку, на 43 з іх (гэта 11%) выяўлены парушэнні санітарных нормаў, правілаў і гігіенічных нарматываў", — расказала Ірына Жаўняк
. Пры гэтым яна адзначыла, што даследаванні праводзіліся толькі на афіцыйна зацверджаных і добраўпарадкаваных зонах рэкрэацыі.
У асноўным парушэнні звязаны з несвоечасовым прыбіраннем пляжных тэрыторый, пакосам травы, вывазам смецця. Таксама па краіне былі адабраны 882 спробы вады, 50 з якіх не адпавядалі гігіенічным нарматывам. Частата забораў вады для лабараторнага аналізу складае раз на тыдзень.
Сёння па краіне абмежавана альбо прыпынена эксплуатацыя 21 пляжа. Забаронена выкарыстанне чатырох зон рэкрэацыі каля водных аб'ектаў у Гомельскай, Гродзенскай, Магілёўскай абласцях. Прыпынена арганізацыя адпачынку на 10 пляжах па Брэсцкай, Гомельскай, Гродзенскай і Магілёўскай абласцях. Акрамя таго, на сямі зонах адпачынку ў Гомельскай, Гродзенскай, Мінскай і Магілёўскай абласцях уведзены абмежаванні на купанне дзяцей.
"Забарона выкарыстання вадаёмаў звязана з пагаршэннем мікрабіялагічных паказчыкаў вады, — патлумачыла Ірына Жаўняк. — А яны наўпрост залежаць ад умоў надвор'я. Чым раней праграваецца вада, тым лепшыя ўмовы складваюцца для развіцця мікраарганізмаў у ёй і тым большая верагоднасць узнікнення кішэчных расстройстваў у купальшчыкаў".
Інфармацыя аб фактах абмежавання, прыпынення ці забароны выкарыстання водных аб'ектаў абнаўляецца на сайце Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя кожную пятніцу.
Дзіяна СЕРАДЗЮК
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/dziyana-seradzyuk
[2] https://zviazda.by/be/rozgalas
[3] https://zviazda.by/be/adpachynak
[4] https://zviazda.by/be/tags/gomelskaya-voblasc
[5] https://zviazda.by/be/tags/minskaya-voblasc
[6] https://zviazda.by/be/tags/magilyouskaya-voblasc
[7] https://zviazda.by/be/tags/bresckaya-voblasc
[8] https://zviazda.by/be/tags/iryna-zhaunyak
[9] https://zviazda.by/be/tags/nacyyanalny-pres-centr
[10] https://zviazda.by/be/tags/grodzenskaya-voblasc
[11] https://zviazda.by/be/tags/zony-rekreacyi