Гэтымі днямі ў Беларусі знаходзіцца парламенцкая дэлегацыя Арменіі пад кіраўніцтвам намесніка старшыні Нацыянальнага сходу Эдуарда ШАРМАЗАНАВА. Падчас візіту ўжо адбылася сустрэча армянскай дэлегацыі са старшынёй Палаты прадстаўнікоў беларускага парламента Уладзімірам АНДРЭЙЧАНКАМ. Акрамя Мінска, армянскія парламентарыі плануюць наведаць Брэсцкую вобласць.
Падчас сустрэчы з кіраўніком ніжняй палаты беларускага парламента абмяркоўваліся, у першую чаргу, шляхі развіцця міжпарламенцкага супрацоўніцтва. Уладзімір Андрэйчанка выказаў падзяку армянскаму боку за падтрымку, якую парламентарыі гэтай краіны аказалі нашай дэлегацыі на нядаўна завершанай 22-й сесіі Парламенцкай асамблеі АБСЕ ў Стамбуле. Бакі дамовіліся працягваць працу ў фармаце ўзгаднення пазіцый па асобных пытаннях і ў іншых міжнародных парламенцкіх арганізацыях: Міжпарламенцкай асамблеі СНД, парламенцкай асамблеі АДКБ. Акрамя гэтага, спікер Нацыянальнага сходу Беларусі пацвердзіў запрашэнне прыехаць у Беларусь для Овіка Абраамяна, старшыні Нацыянальнага сходу Арменіі.
Падчас сустрэчы гаварылі і пра супрацоўніцтва ў эканамічнай сферы. На думку абодвух бакоў, яно пакуль што знаходзіцца на недастатковым узроўні. Пры гэтым Беларусь і Арменія валодаюць вялікім патэнцыялам для далейшага эканамічнага ўзаемадзеяння. Уладзімір Андрэйчанка заявіў, што Беларусь зацікаўлена рэалізоўваць самыя розныя праекты на армянскай зямлі, у тым ліку — у кірунку вытворчай кааперацыі. Парламентарыі абедзвюх краін дамовіліся вызначыць паўнамоцных ад беларускага і армянскага боку для працы ў Міжурадавай камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве.
Дэлегацыя Рэспублікі Арменія будзе знаходзіцца з візітам у Беларусі да 14 ліпеня. Сярод запланаваных мерапрыемстваў значыцца таксама сустрэча са старшынёй Брэсцкага аблвыканкама Канстанцінам Сумарам.
Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/palityka