У Гродзенскім раёне выратавальнікі выцягнулі з меліярацыйнага канала лася, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў цэнтры прапаганды і агітацыі Гродзенскага абласнога ўпраўлення МНС.
У вёсцы Новая Руда Гродзенскага раёна работнік торфапрадпрыемства знайшоў дзікую жывёлу, якая звалілася ў меліярацыйны канал. Лось апынуўся ў канаве глыбінёй каля 2 м, над вадой засталася толькі галава, пярэднімі капытамі ён чапляўся за бервяно. Жывёла моцна калацілася ад пераахаладжэння.
На дапамогу ласю прыйшлі байцы пажарнага аварыйна-выратавальнага паста аграгарадка Парэчча, у тым ліку і тыя, хто ў гэты дзень быў вызвалены ад нясення службы. Аперацыю па выратаванні правялі за 30 хвілін з дапамогай вяроўкі і падручных матэрыялаў. Ветэрынар сур'ёзных траўмаў у жывёлы візуальна не выявіў: крыху адляжаўшыся пасля выпрабавання, лось устаў на ногі. Пасля аказання неабходнай дапамогі жывёлу адпусцілі. У мясцовым лясніцтве нейкі час будуць назіраць за яго станам.
Алена СТАСЮКЕВІЧ, БЕЛТА.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/zdarenni