У Магілёўскім цэнтры гарадскіх інфармацыйных сістэм стварылі партрэт тыповага неплацельшчыка за камунальныя паслугі.
Цікава, што самаму старому даўжніку ў абласным цэнтры болей за сто гадоў (1912 года нараджэння), а самы малады нарадзіўся ў 2012 годзе. Розніца ў стагоддзе — праблемы адны і тыя ж.
Асноўная група даўжнікоў (45%) — людзі ў росквіце працаздольнага ўзросту, ад 30 да 49 гадоў. Большасць (амаль 60%) афіцыйных уласнікаў і наймальнікаў, якія маюць запазычанасці па камунальных паслугах, — гэта жанчыны. Больш за ўсё неплацельшчыкаў (каля 20%) жывуць на першых паверхах. Асноўная колькасць людзей, якія забываюцца своечасова плаціць па рахунках, маюць кватэры ў два і адзін пакоі.
Нарэшце, спецыялісты цэнтра інфармацыйных сістэм склалі "Топ-5" жаночых і мужчынскіх імёнаў неплацельшчыкаў. Часцей маюць запазычанасці: Святлана (8%), Таццяна, Алена, Наталля, а таксама Галіна і Ірына (па 5,1%). Мужчынскі спіс наступны: Аляксандр (12,8%), Сяргей, Уладзімір, Мікалай і Віктар (5,2%).
— Мы робім глыбокі аналіз катэгорый людзей, якія запазычылі за камунальныя паслугі, — паведаміла дырэктар цэнтра Алена Бальшакова. — Гэта дазваляе распрацоўваць і ўжываць да кожнай канкрэтнай групы свае прыёмы і спосабы працы.
Безумоўна, інфармацыя пра імёны даўжнікоў практычнай карысці не мае, яна проста для цікавасці і, зноў-такі, прыцягнення ўвагі грамадства да праблемы. У працы па спагнанні запазычанасцяў звычайна ўжываюць звесткі пра ўзрост і сацыяльнае становішча даўжнікоў.
Запазычанасць магілёўцаў за жыллёва-камунальныя і іншыя паслугі склала на 1 чэрвеня 3,4 мільярда рублёў. У цэнтры каментуюць, што, дзякуючы сістэмнай і дакладна адладжанай працы, у апошнія гады ўдаецца не дапускаць росту запазычанасці за жыллёва-камунальныя паслугі ў Магілёве.
Ілона Іванова.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/gramadstva-0