Бяспека — справа агульная
Службы выратавальных ведамстваў краін — членаў Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы добра разумеюць усе пагрозы і выклікі, якія адбываюцца сёння ў свеце. Гэта падкрэсліў міністр па надзвычайных сітуацыях Беларусі Уладзімір Вашчанка на шостым пасяджэнні Кардынацыйнай рады па надзвычайных сітуацыях дзяржаў — членаў АДКБ, якое прайшло ў Гомелі:
— Некаторыя беды, якія адбываюцца ў свеце, не абыходзяць бокам і нашу рэспубліку. Таму на пасяджэнні абмяркоўваліся пытанні ўзаемадзеяння выратавальных службаў краін-удзельніц АДКБ.
— У нас дзейнічае аб'яднаная навуковая рада, якая каардынуе навукова-тэхнічную дзейнасць. Цяпер інтэнсіўнымі тэмпамі развіваецца навука, і вельмі запатрабаваны навуковыя распрацоўкі па ўжыванні выратавальнымі падраздзяленнямі новых тэхналогій. Нашы навучальныя ўстановы цесна ўзаемадзейнічаюць, мы абменьваемся спецыялістамі, студэнтамі і пераймаем лепшы вопыт. У нашых далейшых планах — супрацоўніцтва і вывучэнне новых узораў тэхнікі, абсталявання, тэхналогій тушэння...
На пасяджэнні, удзел у якім прыняў генеральны сакратар АДКБ Мікалай Бардзюжа, разгледжаны праект плана мерапрыемстваў па рэалізацыі асноўных напрамкаў развіцця сістэмы калектыўнага рэагавання на надзвычайныя сітуацыі, абмеркаваны праект механізму па рэалізацыі палажэння аб парадку рэагавання краін АДКБ на надзвычайныя сітуацыі, а таксама план вучэнняў і іншых сумесных мерапрыемстваў па адпрацоўцы ўзаемадзеяння ўпаўнаважаных органаў краін — членаў арганізацыі на наступны год. Дарэчы, Беларусь перадае сваё старшынства ў Кардынацыйнай радзе па надзвычайных сітуацыях Казахстану.
Ірына АСТАШКЕВІЧ.
Смартфон — за лагатып і слоган
Нацыянальны банк Беларусі аб'яўляе конкурс на лепшыя лагатып і слоган для інфармацыйнай кампаніі па павышэнні фінансавай асветы насельніцтва.
Удзел у конкурсе можа ўзяць любы ахвотны. Для гэтага трэба даслаць сваю работу на адрас еmаіl@nbrb.bу да
20 верасня гэтага года. Лепшыя лагатып і слоган будуць выкарыстоўвацца Нацбанкам ва ўсіх інфармацыйных кампаніях па павышэнні фінансавай граматнасці насельніцтва. Асноўныя патрабаванні: арыгінальнасць, запамінальнасць, выразнасць, лаканічнасць. Да працы трэба далучыць кароткае тлумачэнне ідэі, а таксама кантактныя звесткі: імя, узрост, род заняткаў, тэлефон. Пераможца конкурсу будзе вызначаны пры дапамозе рабочай групы і атрымае ў падарунак смартфон (які — арганізатары не ўдакладняюць).
У Нацыянальным банку зазначаюць, што зараз праводзіцца актыўная работа па рэалізацыі комплексу мерапрыемстваў, накіраваных на ўзмацненне патэнцыялу нашай краіны ў галіне павышэння фінансавай асветы насельніцтва і даступнасці фінансавых паслуг. Пастановай Саўміна і Нацбанка зацверджаны План па павышэнні фінансавай асветы насельніцтва Беларусі на 2013-2018 гады, а таксама мерапрыемствы па яго рэалізацыі.
Яшчэ на пачатку гэтага года эксперты ацэньвалі ўзровень фінансавай дасведчанасці беларусаў як нізкі. Згодна з праведзеным летась анкетаваннем аказалася, што большая частка грамадзян краіны карыстаецца малой колькасцю фінансавых паслуг, звычайна звязаных з працэдурай атрымання заробку. Каля дзвюх трацін грамадзян не арыентуецца ў памерах ставак па дэпазітах і не можа разлічыць гадавыя працэнты на ашчадных рахунках. А больш за 85% рэспандэнтаў не змаглі правільна назваць узровень інфляцыі ў 2011 годзе. Беларусы працягваюць "баяцца" банкаў і банкаўскіх аперацый, а пры правядзенні такіх часта адчуваюць няўпэўненасць.
Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ.
Закрылі рух па мосце
Аўтамабільны рух па мосце праз Бярэзіну на абходзе Бабруйска (138,1 км аўтамабільнай дарогі М-5 Мінск — Гомель) закрыты. Прычына — аварыйны стан маставога збудавання: асобныя элементы пралётных канструкцый значна страцілі апорную здольнасць. Рух аўтамабільнага транспарту арганізаваны праз Бабруйск.
Зараз створана камісія з прадстаўнікоў Міністэрства транспарту і камунікацый, праектных і навуковых арганізацый з мэтай высвятлення стану збудавання і прыняцця рашэння адносна рэжыму яго далейшай эксплуатацыі. Па выніках працы камісіі будуць вызначаны ўмовы адкрыцця руху аўтатранспарту па гэтым маставым збудаванні.
Сяргей РАСОЛЬКА.
"Замініраванае" вяселле
На ўсё жыццё дакладна запомніцца маладым і гасцям суботняе вяселле ў Магілёве! Вечарына ў рэстаране скончылася эвакуацыяй у сувязі з пагрозай мініравання.
Каля 21 гадзіны невядомы мужчына паведаміў у МНС, што замініраваны рэстаран "Санта-Марыя", дзе ў гэты час гулялі вяселле. У ім бралі ўдзел каля 30 чалавек, і ўсе яны былі тэрмінова эвакуяваны з будынка. На месца здарэння прыехалі выратавальнікі, сапёры, міліцыя. Каля дзвюх гадзін працягваліся вышуковыя работы ў ачэпленым будынку: факт мініравання не пацвердзіўся.
Між тым вяселле працягвалася на беразе Святога возера, дзе месціцца рэстаран. А міліцыя літаральна за паўгадзіны знайшла чалавека, які паведаміў пра мініраванне. Ім аказаўся 56-гадовы госць на тым самым вяселлі. Расказваюць, што нецвярозаму мужчыну не спадабаўся сцэнар з крадзяжом нявесты на бяседзе, і ён вырашыў такім чынам "адпомсціць": патэлефанаваў у МНС з мабільнага тэлефона, а потым... пайшоў дадому. Там яго і затрымаў АМАП.
Ва ўпраўленні Следчага камітэта па Магілёўскай вобласці паведамілі, што супраць магілёўца, які раней не быў судзімы, цяпер заведзена крымінальная справа аб загадзя непраўдзівым паведамленні аб небяспецы.
Ілона Іванова.
У Заслаўі пабудуюць капліцу на месцы, дзе княгіня Рагнеда прыняла пострыг
Драўляная капліца з'явіцца на Чорнай Горцы ў Заслаўі (гістарычны Ізяслаўль) паблізу Мінска.
Як паведамляе партал "Собор.bу", пра гэта аб'яўлена падчас 1-га фестывалю моладзі Мінскай епархіі, які прайшоў у старажытным горадзе.
Паводле падання, Чорная Горка з'яўляецца месцам пабудовы аднаго з першых манастыроў ва ўсходнеславянскіх землях. Ён быў заснаваны жонкай князя Уладзіміра і маці князя Ізяслава (па імі якога і атрымала назву Заслаўе) княгіняй Рагнедай. Бытуе думка аб тым, што менавіта тут апальная княгіня прыняла пострыг з імем Анастасія.
У дзень Сабора ўсіх святых зямлі беларускай на месцы закладкі будучай капліцы быў устаноўлены драўляны крыж.
Карэспандэнт агенцтва "Мінск—Навіны" нагадвае: упершыню Заслаўе згадваецца ў летапісах у 1127—1128 гадах. Месца для горада на беразе Свіслачы, недалёка ад яе вытоку, князь Уладзімір Святаславіч, відаць, прыгледзеў, калі хадзіў вайной на яцвягаў. Гісторыкі адносяць заснаванне горада да 985 года, што ставіць Заслаўе ў шэраг старажытнейшых гарадоў Белай Русі. Сёння тут пражывае каля 15 тыс. чалавек.
"Мінск—Навіны".
Падрыхтаваць дзіця да школы
Для таго, каб сабраць дзіця ў школу, сёлета бацькам давядзецца выкласці ад Br860 тыс. да Br4 млн
280 тыс. Пра гэта паведаміў журналістам намеснік міністра гандлю Вячаслаў Драгун, перадае карэспандэнт БелТА.
"Калі параўноўваць з мінулым годам, то гэта на 10-30% больш", — адзначыў намеснік міністра. Кошт набору будзе залежаць ад густаў спажыўцоў, а таксама іх матэрыяльных магчымасцяў. Напрыклад, для таго, каб сабраць у школу дзіця малодшых класаў, давядзецца вылічыць з сямейнага бюджэту ад Br860 тыс. да Br3 млн 600 тыс., з якіх ад
Br495 тыс. да Br1 млн 960 тыс. пойдзе на адзенне і абутак.
Камплект для старшакласніка абыдзецца даражэй — ад Br1 млн 60 тыс. да Br4 млн 280 тыс. З іх на адзенне і абутак давядзецца выдаткаваць у сярэднім ад Br620 тыс. да Br2 млн 340 тыс.
Маршрутка сутыкнулася з палівальнай машынай
Здарэнне адбылося ў сярэдзіне дня на сталічнай вуліцы Арлоўскай.
Тут маршрутка "ГАЗ" сутыкнулася з палівальным аўтамабілем "ЗІЛ". У маршрутным таксі знаходзілася пяць чалавек. У выніку дарожна-транспартнага здарэння пацярпелі чатыры чалавекі: тры пасажыры і кіроўца. Дзве жанчыны 1988 года нараджэння атрымалі чэрапна-мазгавыя траўмы лёгкай ступені. У мужчыны 1964 года нараджэння — пералом левай галёнкі. Падраздзяленням МНС пры дапамозе гідраўлічнага інструмента давялося дэблакіраваць з маршруткі кіроўцу, які атрымаў чэрапна-мазгавую траўму цяжкай ступені, ірвана-колатыя раны цела. Разбор па гэтым факце зараз праводзіць УДАІ ГУУС Мінгарвыканкама.
Сяргей РАСОЛЬКА.
Сезонным работнікам бальнічны — за ўвесь перыяд часовай непрацаздольнасці
Часовым сезонным работнікам бальнічны ліст цяпер аплачваецца за ўвесь перыяд часовай непрацаздольнасці да выздараўлення або ўстанаўлення інваліднасці.
Нагадаем: раней дапамога гэтай катэгорыі грамадзян прызначалася не больш чым за 75 дзён працы.
— Гэтая норма прапісана ў новым Палажэнні аб парадку забеспячэння дапамогамі па часовай непрацаздольнасці і па цяжарнасці і родах, якое ўступіла ў сілу 11 ліпеня гэтага года, — патлумачыў начальнік аддзела сацыяльнага страхавання Мінскага гарадскога ўпраўлення Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Аляксандр Шыманскі.
Спецыяліст таксама адзначыў, што работнікам, якія даглядаюць хворых дзяцей у перыяд працы і працягваюць догляд пасля звальнення, дапамога па часовай непрацаздольнасці ў сувязі з доглядам хворага дзіцяці пасля звальнення прызначацца не будзе.
"Мінск—Навіны"
Забрудзілі бераг у маляўнічым месцы
Супрацоўнікі Мядзельскай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пачалі адміністрацыйны працэс у дачыненні да прадпрыемства, якое забруджвала водаахоўную зону ракі Сервеч адходамі вытворчасці этылавага спірту. Гэты забруджаны ўчастак знаходзіцца паблізу вёскі Будслаў. Маляўнічыя мясціны прывабліваюць турыстаў, а размешчаны ў Будславе касцёл штогод прымае тысячы паломнікаў.
"Каля 100 кубаметраў адходаў было выліта на беразе прыкладна за сотні метраў ад ракі. Раней прадпрыемства адпраўляла іх на корм жывёле ў мясцовы СВК. Аднак з наступленнем лета статак адправілі ў так званы "летні лагер" у аддаленае месца, — распавяла падрабязнасці здарэння "Звяздзе" прэс-сакратар Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь Вольга Грамовіч. — Шкоду, нанесеную прыродзе, дзяржінспектары ацанілі ў 26,7 мільёна рублёў, паколькі плошча забруджвання склала каля 1,7 тысячы квадратных метраў. Прадпрыемству прадпісана пачаць выплачваць шкоду цягам 15 дзён добраахвотна, інакш матэрыялы будуць перададзены ў гаспадарчы суд Мінскай вобласці. Парушальнікаў таксама абавязалі навесці парадак каля ракі".
Сяргей РАСОЛЬКА.
Мінчане з пачатку лета выпілі каля 200 тон квасу
З пачатку лета мінчане выпілі 175 т квасу. Гэта на 5% больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года. Пра гэта карэспандэнту агенцтва "Мінск—Навіны" паведамілі ў Галоўным упраўленні спажывецкага рынку (ГУСР) Мінгарвыканкама.
Найбольшы попыт на квас — у Маскоўскім і Партызанскім раёнах сталіцы.
— Сёння квас прадаецца больш чым у 1000 прадуктовых крамах. Напой рэалізуецца ў скверах, на тэрыторыях рынкаў горада і ў зонах масавага адпачынку насельніцтва. У горадзе створана амаль 400 пунктаў па продажы хлебнага квасу
з кег. Таксама ў Мінску размешчаны 125 бочак з квасам,
— расказалі спецыялісты ГУСР.
У сталіцы квас — дзве разнавіднасці — вырабляе прадпрыемства "Крыніца".
Юлія БАЛАКІРАВА, "Мінск—Навіны".
Лепшы творчы праект
Карэспандэнт "Звязды" ўзнагароджана спецыяльным дыпломам.
Добрай традыцыяй стала на Міншчыне штогадовае падвядзенне вынікаў абласнога спаборніцтва сярод рэспубліканскіх і рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі і ўшанаванне пераможцаў. Сёлета ва ўрачыстых абставінах губернатар Мінскай вобласці Барыс Батура ўручыў ганаровыя граматы і спецыяльныя дыпломы журналістам падчас прэс-тура па Нарачанскім краі. У намінацыі "Лепшы творчы праект сярод журналістаў рэспубліканскіх СМІ" адзначана спецыяльны карэспандэнт рэдакцыі газеты "Звязда" Таццяна Лазоўская. Дыпломы атрымалі таксама карэспандэнты БелТА, рэдакцый газет "Рэспубліка", "Беларуская ніва", "Народная газета". Віншуем!
Падрабязнасці аб развіцці Нарачанскага рэгіёна — у бліжэйшых нумарах.
У адрасна-даведачным бюро ведаюць самыя незвычайныя імёны і прозвішчы
Работнікі адрасна-даведачнага бюро ГУУС Мінгарвыканкама ведаюць самыя незвычайныя імёны і прозвішчы, бо ў іх распараджэнні каля 4 млн картак уліку мінчан і жыхароў сталічнай вобласці. Гэтая інфармацыя ў выглядзе лісткоў прыбыцця і выбыцця паступае ад пашпартыстак ЖЭСаў і падраздзяленняў па грамадзянстве і міграцыі. Як расказала начальнік АДС сталічнага міліцэйскага глаўка Ала Жылянкова, апошнім часам бацькі нярэдка даюць дзеткам заморскія імёны — Лючыя, Агнія, Ліліяна. Акрамя таго, у Мінску жывуць Рабінзон, Рысь, Свабода, Рэвалюцыя. У Беларусі, напрыклад, 16 дзяўчынак носяць паўднёваславянскае імя Весна.
Прозвішчы таксама сустракаюцца вельмі незвычайныя. Напрыклад, ёсць такія, што складаюцца з адной-дзвюх літар, — І, Е, Й, Яа, Её. А тройка самых распаўсюджаных беларускіх прозвішчаў — Новікавы, Пятровы і Карповічы.
Вікторыя ЮДЗІЦКАЯ, "Мінск—Навіны".
Лясныя кіламетры
6 лесагаспадарчых дарог агульнай працягласцю 23 км плануецца ўвесці ў эксплуатацыю да канца ліпеня бягучага года. А ўсяго на 2013 год запланавана пабудаваць 126 км лясных дарог.
Як расказалі журналісту "Звязды" ў прэс-службе Мінлясгаса, яшчэ 10 гадоў назад у лясным фондзе за год уводзіліся ў строй толькі 7 км дарог. А за 6 месяцаў бягучага года ўведзены ўжо тры дарогі агульнай працягласцю 10,5 км.
Згодна з праграмай будаўніцтва лесагаспадарчых дарог, да 2016 года лясная дарожная сетка павінна павялічыцца больш чым на 640 км. Пры гэтым з кожным годам працягласць дарожных адрэзкаў, што ўводзяцца, будзе расці. Калі на 2013 год запланавана пабудаваць 126 км дарог, на 2014 год — ужо 136,2 км, а на 2015 год — 172,8 км. Трэба заўважыць, што з 2012 года будаўніцтва лясных ларог вядзецца ў тым ліку і з выкарыстаннем уласных сродкаў лясгасаў. У 2013 годзе гаспадаркі Мінлясгаса накіруюць на гэтыя мэты каля 13 млрд рублёў.
Сяргей РАСОЛЬКА.
Праграмістаў у Полацку падрыхтуюць дыстанцыйна
Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт адкрывае сёлета дыстанцыйную форму навучання. Атрымліваць адукацыю на адлегласці тут можна будзе па наступных спецыяльнасцях: "гісторык", "інжынер-праграміст", "эканаміст", "юрыст" і "спецыяліст у сферы турызму".
Спецыяльнасці, па якіх будзе весціся навучанне, вызначаліся з улікам іх запатрабаванасці на рынку адукацыйных паслуг і метадычнага забеспячэння вучэбнага працэсу. Ва ўніверсітэце таксама падкрэслілі, што да адкрыцця дыстанцыйнай формы навучання тут рыхтаваліся 10 гадоў. Стваралі матэрыяльную базу, распрацоўвалі вучэбна-метадычныя комплексы, вывучалі вопыт іншых ВНУ. Справа ў тым, што тэхналогія дыстанцыйнага навучання патрабуе ад ВНУ высокага ўзроўню засваення сучасных тэхналогій (узаемадзеянне выкладчыка і студэнта адбываецца анлайн) і наяўнасці магутнай метадычнай базы. У адрозненне ад завочнікаў, якія самастойна шукаюць матэрыял, працуючы ў бібліятэцы, студэнтам дыстанцыйнай формы навучання ВНУ павінна прадаставіць поўныя вучэбныя комплексы. У Полацкім дзяржуніверсітэце распрацаваны вучэбна-метадычныя комплексы па 900 дысцыплінах. У першым семестры ў дыстанцыйным навучанні будуць задзейнічаны каля 30 выкладчыкаў. Усе педагогі прайшлі спецыяльную падрыхтоўку і гатовы да работы ў анлайн-рэжыме. Непасрэдныя зносіны студэнтаў з выкладчыкамі будуць адбывацца толькі падчас экзаменацыйнай сесіі.
Надзея НІКАЛАЕВА.
Сталіца будзе расці ўгору і ўшчыльняцца
Каб забяспечыць жыллём усіх мінчан, якія маюць у ім патрэбу, у сталіцы неабходна пабудаваць 20 млн кв. м жылля. А рэальна размясціць у цяперашняй гарадской рысе пры існуючай паверхавасці будаўніцтва можна толькі каля 5 млн квадратаў.
Пра гэта на семінары ў Мінгарвыканкаме паведаміў галоўны архітэктар сталіцы Аляксандр Пятроў. Цяпер завяршаецца асваенне раёнаў, якія ўжо забудоўваюцца: Лебядзінага, Лошыцы, Каменнай Горкі, Дамброўкі. У іх дабавіцца прыкладна 600 тыс. кв. м жылля. Яшчэ каля 1,7 млн можна ўзвесці на тэрыторыях, якія рэканструююцца і дзе патрабуецца знос. Пашыраць межы Мінска не атрымліваецца, таму што вакол сталіцы размешчаны або лясы першай катэгорыі, або ворныя землі, на якіх будаваць нельга.
— Калі няма магчымасці расці ўшыркі, горад будзе расці ўгору, — канстатаваў Аляксандр Пятроў.
Пры гэтым ушчыльнення забудовы не пазбегнуць. Дэфіцыт плошчаў будзе выклікаць і рост кошту квадратнага метра. Як выказаў здагадку спецыяліст, праз 3-4 гады яна можа павялічыцца ўдвая да сённяшняга кошту квадрата.
Вольга ЖАРЫНА, "Мінск-Навіны".
Хто з работнікаў выконвае бескарысныя абавязкі?
Вельмі здзіўляюць вынікі апытання, якое правяла кампанія HеаdHuntеr, праект RАBОTА.TUT.BY. У ім узялі ўдзел 938 рэспандэнтаў з 23 прафесійных сфер. Палова з іх прызналіся, што выконваюць бескарысныя абавязкі. Пры гэтым 55% такіх работнікаў выдаткоўваюць на гэта ад 40 хвілін да 2 гадзін за дзень.
Апытаныя прыводзілі такія прыклады бескарыснай працы: "стварэнне паперак дзеля паперак", "загады кіраўніка па вырашэнні яго асабістых спраў", "вялікі аб'ём непатрэбнай дакументацыі, не запатрабаванай нікім і нічым, якая не дапамагае ў працы, "сістэматызацыя якіх-небудзь звестак, звядзенне іх у адну табліцу, якая потым нікому не патрэбна", "выкананне непатрэбных заданняў, вынікі якіх не будуць нідзе выкарыстоўвацца", "дубляванне дакументаў па факсе, электроннай пошце і арыгіналаў адной асобе", "працэдуры кантролю адказных супрацоўнікаў", "дадатковая праца, не звязаная з маімі непасрэднымі абавязкамі", "фармальныя справаздачы, якія не выкарыстоўваюцца для аналізу", "зацягнутыя нарады; даручэнні, якія сёння трэба — заўтра не". Дарэчы, большасць (65%) спрабавалі аптымізаваць свой працоўны дзень і казалі начальству аб тым, што выконваюць бескарысную працу. Часцей за ўсё кіраўніцтва з гэтымі заўвагамі згаджалася, але казала, што гэтыя абавязкі ўсё роўна трэба выконваць. Пятая частка начальнікаў не ўспрыняла словы супрацоўнікаў сур'ёзна. Акрамя таго, працоўны час "забівае" даробліванне чужой работы, нечаканыя задачы і просьбы кіраўніцтва, а таксама доўгія працэсы ўзгаднення. Некаторыя прызналіся, што "пакутуюць" ад наведвання сацыяльных сетак і сёрфінгу ў інтэрнэце.
Уладзіслаў КУЛЕЦКІ.
Пацярпелі ад агню па неасцярожнасці
У вёсцы Тарасікі Барысаўскага раёна пацярпеў 13-гадовы падлетак: ён атрымаў апёкі, калі паспрабаваў справіцца з бензінам, які загарэўся.
— Апошні ўспыхнуў у выніку няўдалай дазапраўкі палівам яшчэ гарачай бензакасілкі, — паведамілі ў Мінскім абласным упраўленні МНС. — Неасцярожнасць прывяла да апёкаў абедзвюх ног першай-трэцяй ступеняў. Пацярпела 20 працэнтаў цела. Падлетка шпіталізавалі ў стане сярэдняй ступені цяжару. А ў Бярэзінскім раёне апёкі 15 працэнтаў цела — галёнкі, кісцей рук — атрымаў 25-гадовы мужчына. Ён знаходзіўся на адпачынку ў спецыяльна абсталяваным месцы каля вёскі Слабада. Каб развесці агонь у мангале, пацярпелы выкарыстаў спецыяльную вадкасць для распальвання. Але яна трапіла на адзенне і ўспыхнула.
Сяргей РАСОЛЬКА.
Мядовы збор
33,1 тоны таварнага мёду ўжо нарыхтавана ў гаспадарках лясной галіны сёлета. Гэта 33 працэнты ад запланаванага на бягучы год. У цэлым за апошнія пяць гадоў рост аб'ёму таварнага мёду па галіне склаў 122,7 працэнта, канстатуюць у прэс-службе Міністэрства лясной гаспадаркі.
У рамках галіновай праграмы, разлічанай на 2011—2015 гады, гаспадаркі павялічваюць колькасць пчоласем'яў, праводзяць мерапрыемствы па паляпшэнні племянных якасцяў, набываюць новыя вуллі, платформы для іх перавозкі.
У прыватнасці, сёлета лясгасы пры плане ў 1160 набылі 1231 пчаліную плодную матку. За паўгода гаспадаркі набылі 1044 вулля, а да канца года павінны набыць або вырабіць яшчэ амаль 400. Для набліжэння пчоласем'яў да крыніц медазбору лясгасы набылі 35 платформаў замест 22 запланаваных.
Зараз у лясгасах налічваецца ўжо 8 950 пчоласем'яў, за пяць гадоў, згодна з адпаведнай праграмай, іх колькасць плануецца давесці да 9 773. У 2015 годзе на кожную пчаліную сям'ю запланавана атрымліваць не менш за 20,5 кілаграма мёду.
Сяргей РАСОЛЬКА.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/infarmbyuro