Папраўкі ў некаторыя кодэксы Рэспублікі Беларусь па пытаннях узмацнення мер адказнасці за кіраванне транспартным сродкам у стане ап'янення апублікаваны ўчора на Нацыянальным прававым партале і ўвойдуць у сілу праз тры месяцы.
Папраўкі, у прыватнасці, дапускаюць змяненні арт. 61 КК, якія дазволяць прымяняць спецыяльную канфіскацыю транспартнага сродку, у тым ліку які не належыць самому п'янаму кіроўцу, у выпадках, калі заведзена справа па арт. 371-1 "Кіраванне транспартным сродкам асобай, якая знаходзіцца ў стане ап'янення, перадача кіравання транспартным сродкам такой асобе або адмаўленне ад праходжання праверкі (агляду)" КК Беларусі. Канфіскацыя не будзе датычыцца выпадкаў, калі аўтамабілем завалодалі ў выніку ўгону, самаўпраўства і г.д.
Пры гэтым маецца на ўвазе толькі канфіскацыя ў рамках крымінальнага заканадаўства. Гэта значыць, гаворка ідзе пра паўторны выпадак кіравання транспартам на працягу года. Што датычыцца КаАП, то ў гэтым кодэксе будуць значна павялічаны сумы штрафаў: з 15—35 базавых велічынь да 50—100.
Уносяцца дапаўненні і ў арт. 317 "Парушэнне правілаў дарожнага руху або эксплуатацыі транспартных сродкаў" КК. Калі, згодна з дзейным кодэксам, ап'яненне ў гэтым выпадку — абцяжваючыя абставіны, то ў новым варыянце ў артыкул уводзяцца дзве часткі, якія датычацца менавіта нецвярозых кіроўцаў. Згодна з часткай 4, п'яны кіроўца, па віне якога нанесена цяжкае цялеснае пашкоджанне або загінуў чалавек, можа атрымаць ад 6 месяцаў да 7 гадоў пазбаўлення волі. Частка 5 за гібель двух і больш чалавек у ДТЗ па віне нецвярозага кіроўцы будзе прадугледжваць ад 4 д 10 гадоў пазбаўлення волі. Пры гэтым ніякіх альтэрнатыўных варыянтаў пакаранняў за такія злачынствы ў кодэкс не ўводзіцца.
Раней — 19 чэрвеня гэтага года — дакумент быў прыняты Палатай прадстаўнікоў адразу ў двух чытаннях, а 23 чэрвеня яго ўхваліў Савет Рэспублікі. Прэзідэнт Беларусі падпісаў закон 12 ліпеня.
Кар. БЕЛТА.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/aficyyna