Напярэдадні святочных падзей у гонар 1025-годдзя Хрышчэння Русі настаяцель прыходу Усіхсвяцкай царквы, протаіерэй Фёдар Поўны, разважае пра тое, што азначае для нашага грамадства гэтая падзея, якое значэнне яна мае для ўсіх краін гістарычнай Русі, найперш для Расіі, Беларусі і Украіны.
— Святочныя падзеі, звязаныя з 1025-годдзем Хрышчэння Русі, павінны дапамагчы ўсім нам адчуць духоўную еднасць і подых гісторыі, — кажа айцец Фёдар. — Гэта паспрыяе набыццю свайго свабоднага, самабытнага шляху ў будучыню. Зараз мне гэта здаецца надзвычай важным. Усе мы павінны разумець, што менавіта хрышчэнне Русі хаваецца ў падмурку фарміравання нашай цывілізацыі. Вернасць гэтым духоўным асновам ёсць залог таго, што мы застанемся самімі сабой, а значыць, будзем па-сапраўднаму шчаслівымі. Бо не могуць быць шчаслівымі народы, якія здрадзілі сабе, якія не сталі духоўна свабоднымі.
Калі азірнуцца на ўвесь перыяд пасля хрышчэння, то можна шмат што сказаць пра кожны з этапаў гістарычнага шляху. Аднак, мне думаецца, правільным быў пасыл Патрыярха Кірыла аб неабходнасці выбару пэўнага прыярытэту. І такім прыярытэтам сталі апошнія 25 гадоў адраджэння нашай царквы і веры. Гэта была чвэрць стагоддзя радыкальных змен у нашай дзяржаве — набыцця і асэнсавання сваёй нацыянальнай ідэнтычнасці, што цесна звязана з царкоўным жыццём.
Святкаванне павінна зафіксаваць гады царкоўнага адраджэння ў гістарычнай памяці людзей. З пункту гледжання адраджэння царкоўнага жыцця гэтыя 25 гадоў, як адзначае Патрыярх Кірыл, — феномен, якому няма роўных у сусветнай гісторыі. Нідзе за такі кароткі прамежак часу не было пабудавана столькі храмаў, створана столькі хрысціянскіх абшчын, ніколі не назіралася такога магутнага прарыву ў рэлігійным жыцці, як гэта адбылося на прасторы гістарычнай Русі. Дастаткова прыгадаць, што ў Мінску было некалі два дзейныя храмы. І вось сёння мы бачым у вялікай колькасці ўзведзеных храмаў людзей маладога і сярэдняга ўзросту. Храмы запоўнены, і гэта залог духоўнага здароўя, залог нашай будучыні. І вельмі важна даць зразумець усім людзям, чаму гэта стала магчымым.
Якая ж сіла дапамагала нашым народам зрабіць такія пераўтварэнні? Якая сіла падштурхнула асабіста мяне кінуць уладкаванае жыццё ў Германіі ў складаныя 90-я гады развалу і заняпаду, вярнуцца сюды, заняцца тым, што дало такія плады? Калі цяпер мы кажам пра развіццё любой галіны нашага жыцця — эканомікі, палітыкі, культуры, навукі, адукацыі, спорту, то да кожнай з іх у нас ёсць пытанні. Аднак няма ніякіх пытанняў, якія датычыліся б адраджэння рэлігійнага жыцця. Гэта і ёсць феномен, да якога мы ўсе маем дачыненне. Нам, у нашай краіне, не сорамна цяпер бачыць кіраўнікоў цэркваў іншых дзяржаў, паказваць тое, што мы паспелі зрабіць. У нас ужываюцца традыцыі і сучаснасць. І мы павінны памятаць, што наогул усё вельмі цесна ўзаемазвязана. Не можа быць эканомікі дзеля эканомікі або духоўнасці дзеля духоўнасці. Усё павінна быць у гармоніі, як гэта павінна быць у самім чалавеку.
Лакаматывам нашага далейшага развіцця павінна стаць развіццё духоўнага, рэлігійнага жыцця людзей. Размова ідзе пра вынік таго ўзаемадзеяння, якое царква ажыццяўляе з грамадствам. Пра рэальнае ўцаркоўленне соцень тысяч людзей, змяненні іх псіхалогіі, асабістых арыенціраў. Заўважце, усё гэта адбываецца ў той час, калі мы гаворым пра сусветны эканамічны і фінансавы крызіс. Разважлівыя аналітыкі сцвярджаюць, што прычына такога становішча — у крызісе асобы чалавека. І вы разумееце, што азначае рэлігійнае адраджэнне на фоне гэтага крызісу...
Падзеі, звязаныя са святкаваннем, могуць быць той сферай, дзе нашы народы здольныя многае дапамагчы зразумець сучаснаму чалавецтву. Мы павінны зафіксаваць зробленае, зрабіць зразумелым для свету гэты наш шлях.
Патрыярх Кірыл заўважае, што пасланне, якое павінна несці ў сабе падзея 1025-годдзя Хрышчэння Русі, павінна быць зроблена на зразумелай мове, даступнай сучасным людзям, асабліва моладзі. Таму тыя святкаванні, якія адбудуцца ў нашай сталіцы, — простыя, у даступнай форме.
Дарэчы, яшчэ ніколі на нашай зямлі не збіраліся кіраўнікі ўсіх памесных цэркваў. А 10-й гадзіне 29 ліпеня на Замчышчы адбудзецца літургія з удзелам запрошаных кіраўнікоў цэркваў і іх прадстаўнікоў. А 19-й гадзіне ўрачыстасці працягнуцца ля Храма-помніка ў гонар Усіх Святых і ў памяць бязвінна забітых у нашай Айчыне, што на скрыжаванні вуліц Каліноўскага і Усіхсвяцкай. Запланавана канцэртная праграма, а таксама ўпершыню можна будзе пакланіцца Андрэеўскаму крыжу, які размесціцца на ўваходзе ў крыпту да 2 жніўня.
Святлана БАРЫСЕНКА.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/idei-i-lyudzi