"Сонца і кветак свята. Дзень лета ў Рачэні" — гэткую назву атрымала першае свята новага Любанскага раённага фестывалю па захаванні традыцый і абрадаў "Аграфэст". Свята ладзілася ў аграгарадку Рачэнь — вёсцы з захаванымі старадаўнімі традыцыямі. Адной з вясковых захавальніц з'яўляецца старэйшая жыхарка Зоня Рудзько (на фотаздымку), якой выпаў гонар даваць на свяце своеасаблівы майстар-клас — па прыгатаванні напояў з купальскіх кветак. Многія сакрэты збору і выкарыстання лекавых зёлак Зоня Ігнатаўна пераняла ў дзяцінстве (яшчэ да вайны) ад сваёй старэйшай аднавяскоўкі — шаптухі і знахаркі Акуліны Рубін.
— Цяпер настаў час і мне перадаваць маладзейшым багаты досвед, — кажа Зоня Ігнатаўна. — Шкода не выкарыстоўваць тое, што шчодра дае нам матухна-прырода.
Пра самабытны фестывальны праект "Аграфэст", задуманы любанцамі для вывучэння і захавання лепшых мясцовых традыцый, чытайце на ... старонцы.
— Свят на Любаншчыне хапае. У тым ліку і тых, якія дайшлі да нас са старажытнасці, — кажа начальнік аддзела культуры, ідэалогіі і па справах моладзі Любанскага райвыканкама Васіль Каткавец. — Але мы хочам прывіць жыхарам нашых аграгарадкоў цікавасць да сваіх вытокаў, выхоўваць у іх пачуццё гонару за захаваныя старэйшымі пакаленнямі традыцыі, за непаўторную спадчыну ад сваіх бабуль. Фестываль "Аграфэст" ставіць за мэту выяўленне самабытных людзей і самабытных традыцый, звычаяў, абрадаў, надання ім новага дыхання і жыцця ў сучасных умовах — своеасаблівай сацыялізацыі назапашанай продкамі духоўнасці. А гэтым наш край сапраўды багаты.
На працягу года на Любаншчыне пройдзе яшчэ шэсць фестывальна-святочных дзён. Распарацавана і зацверджана цэлая праграма. Напрыклад, 28 ліпеня ў аграгарадку Малыя Гарадзяцічы пройдзе свята "Букетам кветак маніць палісад", а 11 жніўня ў Асаўцы правядуць "Дрэва жыцця". Увосень у Талі, Соснах і Сарачах прашумяць свае святы-конкурсы.
На Дзень лета ў Рэчані завіталі народныя майстры — саломапляцельшчык Уладзімір Ціханоўскі, выдатная ткачыха паясоў Святлана Адзінец, вышывальшчыца ікон Галіна Чарнышова. Ігралі гармонікі. На адным — любанец Васіль Семашкевіч, а на другім... жыхарка Вільні Рыта Шукіене. Прыгатаванымі загадзя напоямі частавалі ўдзельнікаў свята жанчыны-траўніцы з народнага клуба народных традыцый вёскі Сосны-1.
Але сапраўднай цікавінкай рачэньскага аграфэсту сталі зёлкі, сабраныя і прыгатаваныя на вогнішчы 80-гадовай Зоняй Рудзько. Яна кідала ў кіпень кветкі ліпы, святаяннік, чабор... Прызнаецца, што не чакала гэткага ажыятажу. Ахвотных пакаштаваць напой (які, дарэчы, ёй давялося гатаваць некалькі разоў запар) было вельмі шмат..
Анатоль Кляшчук.
Фота аўтара.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/gramadstva-0