Учора ў Мінску адбылася гістарычная падзея. Упершыню на нашай зямлі была здзейснена Божая літургія першаіерархамі і іерархамі ўсіх Праваслаўных Памесных цэркваў свету. Гэта значыць, што ў дзень святкавання 1025-годдзя Хрышчэння Русі ў Беларусі, як да гэтага ва Украіне і Расіі, падчас асобнага набажэнства была прадстаўлена ўся паўната Праваслаўнай Царквы.
Больш як 50 тысяч чалавек ужо да 9 гадзін раніцы сабраліся на мінскім замчышчы для ўдзелу ў гэтай унікальнай літургіі. Прылеглыя вуліцы запоўнілі аўтобусы, на якіх прыехалі святары і паломнікі з усіх 11 праваслаўных епархій нашай краіны. Хрэсны ход з зіхатлівымі харугвамі і абразамі, які рухаўся з боку Свята-Марыі-Магдалінінскага храма, быў падобны на бясконцую залатую раку, якая ледзь утрымліваецца ў сваіх берагах. Нягледзячы на вялізную колькасць людзей, служба бяспекі праверыла кожнага чалавека, які сюды прыйшоў. Побач дзяжурылі некалькі машын хуткай медыцынскай дапамогі. Была магчымасць папіць вады. Некаторыя вернікі прыйшлі са складнымі крэсламі і парасонамі ад сонца. Праўда, і першым, і другім карысталіся мала, каб лепш бачыць і не перашкаджаць адзін аднаму. Быў арганізаваны і святочны гандаль, які падчас набажэнства нікога не цікавіў. А вось прадавачкі з задавальненнем фатаграфавалі тое, што адбывалася перад іх вачамі.
Нават для тых, хто кожную нядзелю наведвае храм, было нязвыклым гэтае набажэнства. Пад адкрытым небам узведзены вялізны адмысловы шацёр, досыць адкрыты, у якім размясціліся часовы алтар і прастол. Такім чынам многім было відаць тое, што ў звычайным храме бывае схаваным іканастасам ад вачэй вернікаў. Перад шатром з выявамі беларускіх і рускіх святых у чатыры рады выстраіліся беларускія і замежныя святары і епіскапы, якія сустракалі першаіерархаў. Іх акружала мора людзей, многія з якіх трымалі абразы.
Уся дзея транслявалася на два вялізныя экраны і была агучана магутнымі дынамікамі.
Божую літургію на Мінскам замчышчы
адслужылі Патрыярх Александрыйскі і ўсяе Афрыкі Феадор, Патрыярх Іерусалімскі і ўсяе Палесціны Феафіл ІІІ, Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл, Патрыярх Сербскі Ірыней, Архіепіскап Новай Юсцініяны і ўсяго Кіпра Хрызастом ІІ, Мітрапаліт Варшаўскі і ўсяе Польшчы Сава і Мітрапаліт усяе Амерыкі і Канады Ціхан. За набажэнствам маліўся Каталікос-Патрыярх усяе Грузіі Ілія ІІ.
Прадстаяцелям саслужылі мітрапаліт Мексікі, Цэнтральнай Амерыкі, Карыбаў і Венесуэлы Антоній, кіраўнік дэлегацыі Антыахійскага Патрыярхата; мітрапаліт Філіпскі, Неапальскі і Фасоскі Пракопій, кіраўнік дэлегацыі Эладскай Праваслаўнай царквы; мітрапаліт Карчынскі Іаан, кіраўнік дэлегацыі Албанскай Праваслаўнай Царквы; архіепіскап Прэшаўскі Расціслаў, кіраўнік дэлегацыі Праваслаўнай Царквы Чэшскіх земляў і Славакіі; Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі; члены Святога Сінода Рускай Праваслаўнай Царквы; архіерэі Беларускага Экзархата; члены дэлегацый Памесных Праваслаўных Цэркваў у святым сане; духавенства Беларускага Экзархата.
На набажэнстве пад адкрытым небам прысутнічалі намеснік прэм'ер-міністра Рэспублікі Беларусь Анатоль Тозік, старшыня Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта Мікалай Ладуцька, упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Рэспублікі Беларусь Леанід Гуляка, а таксама іерархі Рымска-Каталіцкай Царквы — Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі архіепіскап Тадэвуш Кандрусевіч і епіскап Пінскі Антоній Дзям'янка.
— Мы святкуем сёння ў сталіцы Беларусі 1025-годдзе хрышчэння Русі, падзеі, пра якую гавораць як пра паваротную ў лёсе народаў, што з'яўляюцца спадкаемцамі традыцыі і той веры Святой Русі, якая выйшла з Дняпроўскіх водаў хрышчэння, — звярнуўся да вернікаў пасля завяршэння літургіі Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл. — Мы ведаем, што гэтая падзея выклікала вялізныя перамены ў ментальнасці людзей, іх маральнасці, уладкаванні дзяржаўнага жыцця. Яна падштурхнула бурнае развіццё культуры, мастацтва...
Прадстаяцель РПЦ нагадаў, што ў Хрышчэнні Русі самым галоўным была сувязь з Богам Жывым. "Праз хрышчэнне мы атрымліваем Божы дар Святога Духа, уваходзім у абшчыну апосталаў, якой называецца Царква. Мы наладжваем асабістую сувязь з Богам. Менавіта праз хрышчэнне і мірапамазанне адбываецца гэта сувязь паміж Богам і чалавекам. Актам хрышчэння мы ўключаем спосаб злучэння з Богам, і ток (не электрычнай, але Божай энергіі) ад Бога пераходзіць да нас, а насустрач Богу ідуць нашы малітвы. І гэта было самым галоўным у Хрышчэнні. Усё астатняе — другаснае", — сказаў Патрыярх Кірыл.
Калі б Хрышчэнне Русі было толькі культурным актам, то ад яго нічога б не засталося, заўважыў перашаіерарх. Усё было б разбурана, згарэла ў агні войнаў і рэвалюцый. "Але ж мы як народ і як Царква прайшлі праз гэтыя выпрабаванні. І няма іншага інстытута, акрамя Праваслаўнай Царквы, якая пасля гэтых выпрабаванняў захавала сваю еднасць і духоўную сілу. Не таму, што ў духавенстве разумныя людзі, а таму, што 1025 гадоў таму замкнулася сувязь паміж кіяўлянамі і Госпадам. І пазней хрышчэнне адбылося па ўсёй Русі.
"Мы ведаем, што адным з першых, хто прыняў хрышчэнне пасля Кіева, была Полацкая зямля. Гэта тая зямля, якую сімвалічна сёння прадстаўляеце вы як народ Беларусі", — звярнуўся да беларускіх вернікаў архіпастыр.
— Усе мы цяпер уяўляем сабой жывы вобраз Сусветнага Праваслаўя, — сказаў Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт, патрыяршы Экзарх усяе Беларусі. — Нас сабрала разам Божая літургія, якую здзейснілі каля падмурка найстаражытнейшага мінскага храма Прадстаяцелі Памесных Праваслаўных Цэркваў і наш Найсвяцейшы Патрыярх Кірыл. Галоўная дзейная асоба нашай сустрэчы — Хрыстос. Ён ёсць і будзе пасярод нас. Перад Ім мы сёння сведчым аб усеправаслаўным адзінстве.
Пра пачуццё яшчэ больш шырокага адзінства казаў пазней журналістам і Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Рымска-Каталіцкай Царквы Тадэвуш Кандрусевіч: "Удзел прадстаўнікоў Каталіцкай Царквы ў гэтым свяце сведчыць пра тое, што мы, я думаю, з'яўляемся добрым прыкладам імкнення да адзінства. Мы заўсёды разам удзельнічаем у святах, канферэнцыях, сацыяльным служэнні... Сёння свету трэба вярнуцца да хрысціянскіх вытокаў, Евангелля, Божых запаветаў... Аднойчы настаўнік спытаў дзяцей, як вызначыць, калі заканчваецца ноч і пачынаецца дзень. "Калі, гледзячы ў твар любому чалавеку, ты пазнаеш брата або сястру. Да гэтага часу ноч пануе ў тваім сэрцы". Такія святы, як сёння, пасяляюць дзень у нашых сэрцах".
Пасля набажэнства кіраўнікі Памесных Цэркваў на чале з Патрыярхам Кірылам заклалі памятную грамату ў алтарную частку самага старажытнага храма Мінска.
— Закладка граматы мае вялікі духоўны і гістарычны сэнс, — лічыць Генадзь Шэйкін, рэферэнт Мінскага епархіяльнага ўпраўлення Беларускай Праваслаўнай Царквы па гістарычных пытаннях. — На глыбіні трох з лішнім метраў знаходзіцца рэальны фундамент храма, контуры якога дакладна абазначаны на паверхні. Храм гэты захаваў каменную пліту, на якой стаяў прастол у ХІ стагоддзі. Вось на гэтае месца мы сёння, у стагоддзі ХХІ-м, і заклалі памятную грамату, тым самым сімвалічна злучыўшы час праз тысячу гадоў.
Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/volga-myadzvedzeva
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva-0
[3] https://zviazda.by/be/religiya
[4] https://zviazda.by/be/tags/anatol-tozik
[5] https://zviazda.by/be/tags/minsk
[6] https://zviazda.by/be/tags/svyata-maryi-magdalininski-hram
[7] https://zviazda.by/be/tags/pravaslaunaya-carkva
[8] https://zviazda.by/be/tags/minskae-zamchyshcha
[9] https://zviazda.by/be/tags/patryyarh-aleksandryyski-i-usyae-afryki-feador
[10] https://zviazda.by/be/tags/patryyarh-ierusalimski-i-usyae-palesciny-feafil-iii
[11] https://zviazda.by/be/tags/patryyarh-maskouski-i-usyae-rusi-kiryl
[12] https://zviazda.by/be/tags/patryyarh-serbski-iryney
[13] https://zviazda.by/be/tags/arhiepiskap-novay-yusciniyany-i-usyago-kipra-hryzastom-ii
[14] https://zviazda.by/be/tags/mitrapalit-varshauski-i-usyae-polshchy-sava-i-mitrapalit-usyae-ameryki-i-kanady-cihan
[15] https://zviazda.by/be/tags/katalikos-patryyarh-usyae-gruzii-iliya-ii
[16] https://zviazda.by/be/tags/mitrapalit-meksiki-centralnay-ameryki-karybau-i-venesuely-antoniy
[17] https://zviazda.by/be/tags/kiraunik-delegacyi-antyahiyskaga-patryyarhata
[18] https://zviazda.by/be/tags/mitrapalit-filipski-neapalski-i-fasoski-prakopiy
[19] https://zviazda.by/be/tags/kiraunik-delegacyi-eladskay-pravaslaunay-carkvy
[20] https://zviazda.by/be/tags/mitrapalit-karchynski-iaan
[21] https://zviazda.by/be/tags/kiraunik-delegacyi-albanskay-pravaslaunay-carkvy
[22] https://zviazda.by/be/tags/arhiepiskap-preshauski-rascislau
[23] https://zviazda.by/be/tags/kiraunik-delegacyi-pravaslaunay-carkvy-cheshskih-zemlyau-i-slavakii
[24] https://zviazda.by/be/tags/mitrapalit-minski-i-slucki-filaret
[25] https://zviazda.by/be/tags/patryyarshy-ekzarh-usyae-belarusi
[26] https://zviazda.by/be/tags/mikalay-laducka
[27] https://zviazda.by/be/tags/leanid-gulyaka
[28] https://zviazda.by/be/tags/mitrapalit-minska-magilyouski-arhiepiskap-tadevush-kandrusevich
[29] https://zviazda.by/be/tags/episkap-pinski-antoniy-dzyamyanka