У нядзелю раніцай каля вёскі Бабінічы Віцебскай вобласці сутыкнуліся два аўтамабілі: адзін з расійскімі рэгістрацыйнымі знакамі, другі — з украінскімі. Ад атрыманых пашкоджанняў восем чалавек загінулі на месцы, яшчэ адзін памёр у бальніцы. За жыцці 10 пацярпелых змагаюцца беларускія ўрачы.
Афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэта Беларусі Юлія ГАНЧАРОВА паведаміла, што па дакументах, якія былі пры пацярпелых, удалося даведацца іх імёны. Сярод загінулых: чацвёра ўзбекістанцаў, адзін азербайджанец і чатыры ўкраінцы. Што тычыцца раненых, то двое з іх знаходзяцца ў вельмі цяжкім стане, адзін — кіроўца грузапасажырскага аўтамабіля "Мерседэс-Спрынтар"- у здавальняючым, астатнія — у цяжкім.
Упраўленнем Следчага камітэта па Віцебскай вобласці распачата крымінальная справа па ч. 3 арт. 317 КК (парушэнне правілаў дарожнага руху, што пацягнула па неасцярожнасці смерць дзвюх і больш асоб). Згодна з папярэдняй інфармацыяй, кіроўца "Опель-Амега" заснуў за рулём. Пра гэта сведчыць і адсутнасць тармазнога следу аўтамабіля.
Спіс загінулых і параненых перададзены ў консульскія ўстановы Расійскай Федэрацыі і Украіны, а таксама ў міністэрствы замежных спраў Узбекістана і Азербайджана. Следства просіць сваякоў пацярпелых, а таксама сведкаў аварыі звяртацца ў следчыя органы па тэлефонах: +375 29 5172411 (мабільны) і +375 216 54 69 78 (гарадскі ў Оршы).
Надзея ДРЫЛА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/nadzeya-dryla
[2] https://zviazda.by/be/z-zhyccya
[3] https://zviazda.by/be/zdarenni
[4] https://zviazda.by/be/tags/vyoska-babinichy-vicebskay-voblasci
[5] https://zviazda.by/be/tags/belaruskiya-urachy
[6] https://zviazda.by/be/tags/aficyyny-pradstaunik-sledchaga-kamiteta-belarusi-yuliya-gancharova
[7] https://zviazda.by/be/tags/upraulenne-sledchaga-kamiteta-pa-vicebskay-voblasci
[8] https://zviazda.by/be/tags/opel-amega
[9] https://zviazda.by/be/tags/mersedes-spryntar
[10] https://zviazda.by/be/tags/konsulskiya-ustanovy-rasiyskay-federacyi-i-ukrainy
[11] https://zviazda.by/be/tags/ministerstvy-zamezhnyh-sprau-uzbekistana-i-azerbaydzhana