Кожны рыцарскі фэст, які праходзіць у нашай краіне, мае сваю адметнасць найперш у гістарычнасці самога месца правядзення. Старажытны ўзгорысты Мсціслаў здабываў сваю славу пачынаючы ад ХІІ стагоддзя. І менавіта на самым старажытным месцы "беларускага Суздаля" (гэтак часам называюць гэты горад храмаў і манастыроў) — на Замкавай гары — адбываюцца штогадовыя рыцарскія фэсты.
Сёлета на гэты найбуйнейшы на Магілёўшчыне
рыцарскі фэст прыехалі не толькі айчынныя прыхільнікі сярэднявечнай культуры, але і рыцары з клубаў гістарычнай рэканструкцыі суседніх Расіі, Украіны, Польшчы і нават Францыі. Грымелі даспехі, пранізліва ржалі коні, ляцелі вострыя стрэлы, гучала старажытная музыка, віраваў горад майстроў. Мсціслаўцы чарговы раз ганарыліся сваім Мсціславам — яго сённяшнім і мінулым, якое вяртаецца сюды штогод дзякуючы гэткім гучным і маляўнічым падзеям.
Асаблівасцю сёлетняга фэсту ваяроў у латах сталі, на маю думку, не "забегі прусакоў", не бугурты і не сярэднявечныя танцы. А... жанчына ў рыцарскіх даспехах — Галіна Лабанава, пенсіянерка з вёскі Азярышча Дарагабужскага раёна Смаленскай вобласці (на фота). Гэтая расіянка, медык па прафесіі, некалі далучылася да ўдзельнікаў клуба "Варта", у якім аб'ядналіся па інтарэсах яе аднавяскоўцы — механізатары, вадзіцелі, жывёлаводы. Дапамагала ім рыхтаваць адзенне, а потым і сама ўзяла ў рукі меч, апранула на сябе больш як 20-кілаграмовую кальчугу, шлем і латы.
Што ж, не перавяліся яшчэ ваяўнічыя жанчыны-абаронцы, якія змагаюцца за гонар і традыцыі сваёй зямлі!
Анатоль КЛЯШЧУК.
Фота аўтара.
г. Мсціслаў.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/anatol-klyashchuk
[2] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[3] https://zviazda.by/be/gramadstva-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/rasiya
[5] https://zviazda.by/be/tags/ukraina
[6] https://zviazda.by/be/tags/magilyoushchyna
[7] https://zviazda.by/be/tags/francyya
[8] https://zviazda.by/be/tags/rycarski-fest
[9] https://zviazda.by/be/tags/zamkavaya-gara
[10] https://zviazda.by/be/tags/polshcha
[11] https://zviazda.by/be/tags/mscislau
[12] https://zviazda.by/be/tags/belaruski-suzdal
[13] https://zviazda.by/be/tags/galina-labanava
[14] https://zviazda.by/be/tags/klub-varta