На стале старшыні Маладзечанскага раённага Савета дэпутатаў Віктара Невяровіча сярод іншых папер на відным месцы (як гаворыцца, пад рукой) ляжаць звесткі аб дынаміцы па закупе малака ў раёне. Паказчыкі ўвогуле неблагія, але інфармацыя, нават самая свежая і дакладная, ні ў якім разе не заменіць сустрэч з жыхарамі. Старшыня лічыць, што па-ранейшаму правераным і надзейным сродкам работы з людзьмі былі і застаюцца нефармальныя размовы, падчас якіх можна шчыра і проста абмеркаваць разам з людзьмі праблемныя пытанні.
— Я даўно заўважыў: вяскоўцы цэняць менавіта такія гутаркі з прадстаўнікамі мясцовай улады. Таму прапаную наведаць аграгарадок Яхімоўшчыну ў Палачанскім сельсавеце і паглядзець, як там наладжаны збор малака ў сярэдзіне дня. Такая практыка выкарыстоўваецца далёка не ўсюды ў раёне. Яе перавагі ў тым, што жанчынам не трэба пасля дойкі недзе захоўваць малако. Яго адразу забірае індывідуальны прадпрымальнік. А гэта вельмі зручна і выгадна як для людзей, так і для малочнага камбіната, бо малако без прамаруджвання пераліваецца ў спецыяльна абсталяваную для яго перавозу цыстэрну і вельмі аператыўна (праз хвілін 15—20) дастаўляецца на прадпрыемства, — гаворыць Віктар Баляслававіч.
Нам пашанцавала: мы прыехалі якраз у той момант, калі гаспадыні пасля дойкі ў поўдзень здавалі малако 30-гадоваму індывідуальнаму прадпрымальніку Дзмітрыю Алёхіну. Сам ён з Маладзечна. Ужо два гады займаецца гэтай справай. Яго тэрыторыя ахопу — аграгарадкі Яхімоўшчына і Палачаны. Заробак ёсць. Натуральна, размова з гаспадынямі кароў адразу завязалася аб самым надзённым. Апошнім часам пытаннем №1 літаральна для ўсіх малаказдатчыкаў сельсавета стала цана закупу малака ў насельніцтва. Вось і Зоя Фёдараўна Кандратовіч выказвае незадаволенасць цяперашнімі цэнамі. А яна тут, бадай, самы актыўны і пастаянны здатчык малака. Хутка будзе два гады, як яна на пенсіі. Але па-ранейшаму працуе і трымае дзвюх кароў. Гаворыць, што і 30, і 20, 10 гадоў таму, і сёння яе сям'я мае дзвюх рагуль. Цяпер адна, першага ацёлу, дае ў дзень 20 літраў малака. Другой ужо шосты год пайшоў. Яе прадуктыўнасць — каля 23 літраў. Жывёлу даглядаюць разам з мужам, таксама пенсіянерам.
— Грошы патрэбны, каб дзецям дапамагчы стаць на ногі, — кажа Зоя Фёдараўна.
Нагадаем, з сакавіка мінулага года дзейнічае закупачная цана малака ад насельніцтва — 2555 рублёў за адзін літр. Сёлета ў лютым была ўведзена надбаўка па 110 рублёў за 1 л. Цяпер малаказдатчык атрымлівае 2665 рублёў за літр. Дарэчы, малочнаму камбінату гэтае малако абыходзіцца ўжо ў 3066 рублёў.
Пытаемся: маўляў, а якая цана, на ваш погляд, была б прымальнай? Меркаванні жанчын не вельмі адрозніваліся: хоць бы 3500 —4000 рублёў за 1 л, бо на гарадскім базары за літр просяць 7000 рублёў. Між іншым, і малаказборшчык Дзмітрый Алёхін таксама за павышэнне закупачных цэн на малако ў насельніцтва. Яго засмучае, што з кожным годам становіцца менш кароў у вяскоўцаў. Значыць, змяншаюцца аб'ёмы перавозкі малака, ад чаго залежаць яго заробкі. Логіка Дзмітрыя простая: вышэй цэны — больш будуць здаваць малака дзяржаве. А то нямала вяскоўцаў лічаць выгадным лепш прадаваць яго дачнікам.
Якасныя кармы — таксама даволі вострае пытанне для жыхароў Яхімоўшчыны. Не хапае плошчаў для нарыхтовак сена, выгану для жывёлы. І не толькі ў гэтым сельсавеце. Дарэчы, з гэтай нагоды летась у раёне ўдалося палепшыць 743 га пашы.
Наша размова прадоўжылася ў Палачанскім сельсавеце. Яго старшыня Уладзімір Станкевіч гаворыць, што сваю станоўчую ролю адыгрывае спаборніцтва ў раёне па закупе малака і маладняку буйной рагатай жывёлы ў насельніцтва. Яно разгорнута ў рамках зацверджанай райсаветам раённай праграмы па развіцці і падтрымцы асабістых падсобных гаспадарак на 2011—2015 г. г. У спаборніцтве ўдзельнічаюць і выканкамы сельсаветаў. Для іх старшынь, якія па выніках года дасягнулі лепшых вынікаў, вызначаны тры грашовыя прэміі. Першая — 12 базавых велічынь, другая — 11, трэцяя — 10 базавых велічынь. Акрамя пераможцаў, заахвочвальнымі прэміямі (5 базавых велічынь) узнагароджваюцца старшыні выканкамаў сельсаветаў, якія забяспечылі за год закуп малака ад адной каровы звыш 1500 кг. Спаборніцтвам ахоплены малаказборшчыкі і малаказдатчыкі. Яны за лепшыя вынікі таксама матэрыяльна заахвочваюцца. Між іншым, памер прэмій старшыням выканкамаў сельсаветаў і малаказборшчыкам можа быць зніжаны ў выпадку здачы малака з павышанай кіслотнасцю і тлустасцю ніжэй за базісны паказчык.
Старшыня райсавета не згодны з тымі, хто сцвярджае, што вяскоўцы страчваюць жаданне ўвогуле трымаць хатнюю жывёлу. Ён прыводзіць цікавую статыстыку: у параўнанні з мінулым годам колькасць кароў у прыватным сектары раёна зменшылася на 126 галоў, а вось авечак стала больш на 130 галоў, іх колькасць працягвае расці. Пагалоўе птушкі, коз і свіней захоўваецца на ранейшым узроўні. Ці значыць гэта, што карова на падворку не патрэбна?
— Не! — упэўнены Уладзімір Станкевіч.
Паводле яго слоў, карову ў вёсцы трымаць выгадна. Яна ж карміцелька!
— Паглядзіце, малочныя прадукты ў магазіне дарагія. Таму карова дазваляе істотна эканоміць сямейны бюджэт, бо можна вырабляць смятану, тварог, сметанковае масла. Па-другое, выгадна трымаць пару парсючкоў, калі маеш карову. Ім можна даваць сыроватку, адстойнае малако — ад гэтага мяса і сала толькі больш смачным становіцца. Праверана на сабе. Мы з жонкай адразу пасля вяселля завялі карову і трымалі жывёлу амаль 30 гадоў. Яна нам моцна дапамагала. Потым вымушаны былі адмовіцца: цяжкавата стала яе даглядаць, — гаворыць Уладзімір Пятровіч. Хаця, з іншага боку, ён бачыць цяжкасці ўтрымання каровы на падворку для гаспадыні: трэба рана прачынацца для дойкі, потым бегчы на работу, затым зноў у абед дадому на чарговую дойку. І так без выхадных і прахадных. А яшчэ карову трэба і пакарміць, і напаіць, і рэгулярна паказваць ветэрынару, берагчы зімой, не забываць выкідваць гной. Усё гэта вялікі клопат. Таму не кожная маладая сям'я рашаецца завесці карову.
Хто ведае, можа, дзякуючы выдатнай прапагандысцкай рабоце Уладзіміра Пятровіча (ён старшынёй Палачанскага сельсавета працуе ўжо 19 гадоў) на яго тэрыторыі самая вялікая колькасць кароў сярод іншых сельскіх Саветаў — 197. Таму пытаемся ў яго: як зацікавіць маладыя сем'і на вёсцы завесці карову?
— Складанае пытанне. Я думаю, што маладыя жанчыны ў дэкрэтным адпачынку маглі б дазволіць сабе ўтрымліваць карову. Не выключаю іншыя сітуацыі, калі мець карову было б вельмі выгадна. Скажам, калі муж і жонка працуюць надомнікамі, выконваюць заказы. Але я салідарны з нашымі вяскоўцамі: для гэтага трэба ўзняць закупачныя цэны на малако.
Віктар Баляслававіч тлумачыць, што ў цэлым у раёне адладжана сістэма аплаты за здадзенае малако. Большасць вяскоўцаў атрымлівае грошы на пошце, астатнія праз аддзяленне Беларусбанка. Частка з іх аддае перавагу пластыкавым банкаўскім карткам.
Летась на мясцовы малочны камбінат намаганнямі насельніцтва было пастаўлена 7% ад усяго аб'ёму нарыхтовак малака ў раёне. Зразумела, не малочная рака, а толькі ручай. Але, тым не менш, гэта 2 284,8 тоны малака. Яго збор у раёне вядуць індывідуальныя прадпрымальнікі, прычым у кожнага з іх — свая тэрыторыя. Яны рэгулярна здаюць малако на аналіз у лабараторыю камбіната. Гэтая мера дазволіла павысіць якасць малака — у прыватнасці, узрасла яго тлустасць. І што цікава, пры змяншэнні прыватнага дойнага статка выраслі і колькасныя паказчыкі. Калі на 1 ліпеня 2010 года закуп малака ў сярэднім на адну прыватную карову склаў
663 кг, то на 1 ліпеня 2013 года — 764 кг. Значыць, цяперашняя сярэднестатыстычная карова дае на 101 кг больш. Вядома, гэты паказчык далёка не рэкордны, але ён сведчыць аб рэзервах асабістых падсобных гаспадарак.
Леанід Лахманенка.
фота Яўгена Пясецкага.
Маладзечанскі раён.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/yaugen-pyasecki
[2] https://zviazda.by/be/selskaya-gaspadarka
[3] https://zviazda.by/be/regiyony-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/myascovae-samakiravanne
[5] https://zviazda.by/be/tags/yahimoushchyna
[6] https://zviazda.by/be/tags/viktar-nevyarovich
[7] https://zviazda.by/be/tags/leanid-lahmanenka