Першую ў сталіцы бальніцу сястрынскага догляду на 25 месцаў адкрыюць да 2015 года.
Пра гэта карэспандэнту агенцтва "Мінск—Навіны" паведаміў намеснік старшыні Мінгарвыканкама Ігар Карпенка.
— Цяпер мы займаемся пошукам падыходзячага будынка, знайшлі варыянт у Заводскім раёне, — адзначыў ён. — Праектнае заданне на стварэнне бальніцы распрацавана, уключана ў інвестпраграму, будаўніцтва плануем пачаць у 2014 годзе. У Мінску, дарэчы, аддзяленне сястрынскага догляду арганізавана ў 11-й гарадской клінічнай бальніцы. У той жа час у гэтай клініцы ўсталявана высокатэхналагічнае абсталяванне. А сястрынскі догляд прадугледжвае ў большай ступені аказанне кваліфікаванай сацыяльнай і ў меншай — медыцынскай дапамогі хворым пажылога і старэчага ўзросту. Таму больш мэтазгодна вызваліць гэтыя месцы для лячэння пацыентаў, якія маюць патрэбу ў высокатэхналагічнай меддапамозе, і пабудаваць бальніцу сястрынскага догляду.
Да ведама, падобныя бальніцы ёсць ва ўсіх рэгіёнах Беларусі. Гэта гасразліковыя медустановы, асноўная мэта якіх — аказанне кваліфікаванага догляду хворых пажылога і старэчага ўзросту, а таксама адзінокіх людзей, якія пакутуюць ад хранічных захворванняў і маюць патрэбу ў медыцынскім і сацыяльным доглядзе. Там жа прапануюць і курс падтрымнага лячэння. У падобныя бальніцы кладуць, напрыклад, пажылых людзей, якія перанеслі інсульт, або тых, хто па розных прычынах сам просіць аб шпіталізацыі.
Для аплаты знаходжання ў стацыянары пацыенты пералічваюць 80 % ад дзяржаўных пенсій. Астатняя частка грашовых сродкаў застаецца ў іх для аплаты асабістых выдаткаў. Разам з тым, як паказвае практыка, адлічэнні з пенсій пакрываюць толькі 30 % рэальных выдаткаў на ўтрыманне пацыентаў і іх догляд.
"Мінск—Навіны"
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/zdaroue-0