Усё, што сабрана ў лесе, падлягае абавязковаму радыяцыйнаму кантролю. Пра меры бяспекі нагадваюць спецыялісты ў галіне радыяцыйнай гігіены. Гэта актуальна на тэрыторыях, якія пацярпелі ад чарнобыльскай аварыі.
Сезон збору дароў лесу ў самым разгары. На рынках у Магілёўскай вобласці цяпер шмат грыбоў. У вёдрах грыбнікоў — не толькі лісічкі, таксама падасінавікі і падбярозавікі. І далёка не ва ўсіх зверху ляжаць лісткі з вынікамі проб на наяўнасць радыяцыі.
Між тым гэта вельмі важна — каб грыбы і ягады, як жартуе народ, "не свяціліся". Штогод прыкладна 25-30% ад усіх проб ягад і грыбоў, якія паступаюць на даследаванне, не адпавядаюць дапушчальным нормам па радыеактыўным цэзіі, паведаміў загадчык аддзялення радыяцыйнай гігіены Магілёўскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Леанід Ліпніцкі.
Найбольш нядобранадзейнымі ў сэнсе забруджвання дароў лесу застаюцца на Магілёўшчыне наступныя раёны: Слаўгарадскі, Чэрыкаўскі, Краснапольскі, Клімавіцкі, Бялыніцкі, Быхаўскі, Клічаўскі, Магілёўскі, Чавускі. Гігіеністы яшчэ раз нагадваюць, што радыяцыя не мае ні колеру, ні смаку, ні паху. Адразу пасля спажывання забруджанай радыяцыяй грыбоў ці ягад не будзе назірацца вострых і яўных сімптомаў. Нават калі вы з'ясце іх вядро. Але радыяцыя назапашваецца ў арганізме чалавека паступова: рэгулярнае ўжыванне ў ежу забруджаных прадуктаў можа прывесці да абвастрэння хвароб.
Таму ў Магілёўскім абласным цэнтры гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя выпрацавалі нескладаныя парады аматарам дароў лесу, якія іх збіраюць, альбо набываюць на рынках. Пакупнікам трэба прасіць у прадаўцоў дакументы аб праходжанні радыяцыйнага кантролю. Норма на лясныя ягады — 185 Бк/кг, а на свежыя грыбы — 370 Бк/кг. Спецыялісты раяць не збіраць грыбы і ягады на забруджаных тэрыторыях. Трэба ўважліва глядзець на папераджальныя знакі каля лесу, карыстацца інфармацыяй лясной гаспадаркі аб узроўні радыяцыі.
Радыеактыўнасць дароў лесу залежыць ад іх віду. Чарніцы, брусніцы, буякі і журавіны больш, чым іншыя лясныя ягады, назапашваюць радыеактыўныя рэчывы. Меней за ўсё забруджваюцца ягады каліны, маліны, ажыны.
Лісічкі, баравікі, абабкі і падасінавікі належаць да групы грыбоў, якія назапашваюць радыяцыю на сярэднім узроўні. Апенькі найбольш бяспечныя. Затое польскія грыбы, маслякі і махавікі ўвогуле не рэкамендуецца збіраць, бо яны з'яўляюцца акумулятарамі радыяцыі.
І самае галоўнае, даюць параду гігіеністы, не забывацца на правілы перапрацоўкі грыбоў і ягад, калі ёсць сумненні ў іх радыяцыйнай бяспецы. Ягады і грыбы трэба абавязкова пачысціць ад частак раслін, моху і глебы і некалькі разоў прамыць у праточнай вадзе.
Зніжэння колькасці радыяцыі ў грыбах можна дасягнуць іх варкай у некалькіх салёных водах, з дабаўленнем лімоннай кіслаты ці воцату. Праз кожныя 15 хвілін мяняйце ваду, і канцэнтрацыя праз гадзіну можа знізіцца ў дзесяць разоў. Праўда, разам з гэтым зніжаецца і колькасць пажыўных рэчываў у грыбах. Затое будзе не проста смачна, але і бяспечна.
Ілона Іванова
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/zdaroue
[2] https://zviazda.by/be/zdaroue-0
[3] https://zviazda.by/be/pryroda
[4] https://zviazda.by/be/tags/magilyoushchyna
[5] https://zviazda.by/be/tags/magilyouskaya-voblasc
[6] https://zviazda.by/be/tags/ilona-ivanova
[7] https://zviazda.by/be/tags/radyyacyyny-kantrol
[8] https://zviazda.by/be/tags/charnobylskaya-avaryya
[9] https://zviazda.by/be/tags/zagadchyk-addzyalennya-radyyacyynay-gigieny-magilyouskaga-ablasnoga-centra-gigieny
[10] https://zviazda.by/be/tags/slaugaradski
[11] https://zviazda.by/be/tags/cherykauski
[12] https://zviazda.by/be/tags/krasnapolski
[13] https://zviazda.by/be/tags/klimavicki
[14] https://zviazda.by/be/tags/byhauski
[15] https://zviazda.by/be/tags/klichauski
[16] https://zviazda.by/be/tags/magilyouski
[17] https://zviazda.by/be/tags/chavuski
[18] https://zviazda.by/be/tags/magilyouski-ablasny-centr-gigieny