Жанвіль. Вёска, назва якой гучыць на французскі манер, нейкім дзіўным чынам узнікла там, дзе рака Сож размяжоўвае дзве краіны — Беларусь і Расію, на самым-самым памежжы Магілёўскай і Смаленскай абласцей. Калі больш дакладна — там, дзе шчыльна, па-сваяцку прыхінуліся адзін да аднаго Мсціслаўскі і Хіславіцкі раёны. У часы, калі жылі без межаў (у тым ліку і ў СССР), Жанвіль быў звычайнай вёскай у атачэнні іншых. І бліжэйшая да яе беларуская вёска Парадзіна, была ці не асноўным "пастаўшчыком" жаніхоў і працоўнай сілы. Цяпер беларусаў на расійскім баку Сожа не так шмат, як раней, бо многія з іх атрымалі расійскае грамадзянства і лічаць сябе рускімі. Але ўсё роўна без беларусаў уявіць сучаснае жыццё Жанвіля немагчыма. Тыя, што прыйшлі сюды ў прымакі, працуюць механізатарамі і жывёлаводамі. Многія з іх ужо на пенсіі, а некаторыя толькі пачынаюць ставіць на ногі сваіх нашчадкаў, працягваючы жанвільскі беларускі радавод.
Адзін з апошніх беларусаў, які стаў жыхаром гэтай вёскі — жывёлавод мясцовага СВК "Звязда" Васіль Андрэеў (на фотаздымку). Не, ён паходзіць не з суседняй вёскі Парадзіна альбо Засожжа, а з больш далёкага Чэрыкаўскага раёна. З будучай жонкай — жыхаркай Жанвіля — пазнаёміўся яшчэ падчас вучобы ў Мсціслаўскім ліцэі. Пасля вяселля сям'я Васіля засталася на расійскім баку, і цяпер яго першая дачка Соф'я лічыцца самай маленькай жанвільскай беларускай.
Тое, што назва Жанвіль французскае паходжанне, няма ніякага сумневу. Не, па-французску з мясцовых ніхто не размаўляе і з Францыяй дыпламатычных і проста чалавечых зносін тут не наводзяць. У мясцовым СВК не вырабляюць французскіх сыроў і не разводзяць жаб на далікатэсныя стравы. Падставу меркаваць пра французскае паходжанне даюць назвы-цёзкі. А іх нават некалькі:
1. Жанвіль — камуна (кантон) у дэпартаменце Кальвадос (Ніжняя Нармандыя).
2. Жанвіль — камуна ў дэпартаменце Эр і Луар (Цэнтр).
3. Жанвіль — камуна ў дэпартаменце Уаза (Пікардыя).
4. Жанвіль-сюр-Жуін — камуна ў дэпартаменце Эсан (Іль-дэ-Франс).
А яшчэ Жанвіль — гэта палац ХVІІ ст. у камуне Палюэль (Верхняя Нармандыя), імя французскай пісьменніцы Мартэль дэ Жанвіль і мадэльера Элена Жанвіля. І нават біёлаг Кох, які адкрыў сухотную палачку, насіў імя Жанвіль.
Дакументальнага пацверджання версіі "хрышчэння" Жанвіля не існуе. Але мясцоваму насельніцтву найбольш даспадобы колішняя гісторыя, дакладнасць якой з цягам часу сцерлася з памяці і ператварылася ў легенду пра рамантычную гісторыю кахання. Па тутэйшых расповядах, у Айчынную вайну 1812 года мясцовая сялянка знайшла параненага француза, схавала яго ад пераследу, выхадзіла і стала яго жонкай. Неўзабаве адзін з хутароў, які пазней стаў маёнткам, атрымаў назву Жанвіль, што ў перакладзе азначае "Іванаў горад". Нават расійскі палітык, дэпутат, паэт, колішні сябар генсака Гарбачова Анатоль Лук'янаў (ён паходзіць са Смаленшчыны), пад уражаннем гэтай кранальнай легенды прысвяціў Жанвілю свой верш:
"Когда драгун Наполеона,
Окоченев, упал с седла,
Его российская мадонна
К себе в деревню привела.
Согрела, вымыла, одела.
Хмельного поднесла стакан.
"Как звать тебя, солдатик смелый?"
Он, помолчав, ответил: "Жан".
Метели армию косили,
Бежала без оглядки рать.
А он остался здесь, в России,
Не стал колонну догонять.
Катилось за зимою лето
От родины за тыщу миль.
Драгун назвал деревню эту
Французским именем — "Жанвиль"...
Магчыма, гэтага напалеонаўскага драгуна сапраўды звалі Жанам, магчыма, ён быў жыхаром аднаго з вышэй пералічаных Жанвіляў і заснаваў яшчэ адзін на зямлі, якая ў той час уваходзіла ў склад. Магілёўскай губерні (пасля Трэцяга раздзелу Рэчы Паспалітай). Як некалі эмігранты засноўвалі пасёлкі і вёскі і давалі ім назвы сваіх айчынных гарадоў, магчыма, гэтак з'явілася на славянскіх землях паселішча з раманскай назвай. Нездарма ў свеце існуе некалькі Лонданаў, ёсць тры Масквы, нават два Полацкі і два Слуцкі.
Аднак мясцовыя краязнаўцы і журналісты расійскіх газет любяць прыводзіць яшчэ адну версію паходжання назвы населенага пункта. Маўляў, па-беларуску "ежевика" называецца "жавінка". Магчыма, у мясцовых беларускіх гаворках ажыны так і называюцца. Аднак гэтая версія толькі падмацоўвае думку пра беларускія карані Жанвіля. Тым больш калісьці гэтыя землі ўваходзілі ў склад Вялікага Княства Літоўскага, і жылі там продкі сённяшніх жанвільцаў.
Першае, што мяне здівіла, калі трапіў у Жанвіль, — аўтамабіль з дзяржнумарам з Мінскай вобласці. Адкуль, з якой нагоды? Разгадка аказалася простай: на некалькі дзён з горада Жодзіна да сваёй маці разам з жонкай і 5-гадовым сынам прыехаў адпачыць Віталь Лукашэнкаў. Дарога Жанвіль — Жодзіна складае 360 кіламетраў, таму Віталь госць тут не часты. Горад беларускіх аўтамабілебудаўнікоў стаў для маладой сям'і больш прывабным, чым расійская ўскраіна на беларускім памежжы.
— Магчыма, мы б жылі ў Жанвілі, але тут няма ніякай перспектывы, — кажа Віталь. — Школа зачынілася, газ да вёскі не давялі, сельсавет ліквідаваны. А галоўнае — няма працы, механізатары і тыя ў пастухі ідуць.
Першага сустрэчнага жанвільскага беларуса я заспеў за цырульніцкай справай — Уладзімір Карпенка падстрыгаў свайго аднавяскоўца Валерыя Іванова.
— У Жанвілі жыву больш за 30 гадоў, прыехаў з суседняй беларускай вёскі Засожжа, ажаніўся, — распавядае Уладзімір Ільіч. — Калі Саюз разваліўся, давялося ўзяць расійскае грамадзянства, каб не лічыцца нелегалам.
Пакуль беларус Карпенка змагаўся на працоўным фронце жанвільскага СВК "Звязда" ў якасці трактарыста, яго аднавясковец Іваноў нёс воінскую службу ў Яраслаўлі, Белгарадзе, Рыбінску. Спрачацца, чыя радзіма лепшая, сэнсу ім цяпер ну ніякага няма, бо да скону веку застануцца жанвільцамі і выручаць адзін аднаго ў розных жыццёвых абставінах. А моладзь з'яджае — хто ў недалёкі райцэнтр Хіславічы, хто ў абласны Смаленск. Нехта і на Маскву цэліць.
— У Жанвілі 204 жыхары. Асноўны статус насельніцтва можна вызначыць па назвах падпісных выданняў, якія развозіць па вёсцы паштальён Валянціна Карпенка (дарэчы, жонка беларуса Уладзіміра Карпенкі). Найбольшым попытам карыстаюцца газеты "Пенсионер Смоленщины" і "Смоленская дешёвая". Летам, як звычайна, вясковае насельніцтва павялічваецца за кошт гарадскіх дзяцей на канікулах. Па вёсцы мяне суправаджаюць тры сябрукі на веласіпедах. Адзін з іх, 9-гадовы Сяргей Ратуеў,прыехаў да бабулі са Смаленска, не без гонару кажа, што яго дзед — беларус. У 16-гадовай Кацярыны Гурчанкі, якая ўлетку ахвотна дапамагае сваёй бабулі па гаспадарцы, бацька нарадзіўся ў Парадзіне, таму яна таксама беларуска.
Вёска Парадзіна знаходзіцца за Сожам. Дарога да яе, самая кароткая з Жанвіля ў Беларусь — 7 кіламетраў. Але даехаць да моста праз раку можна толькі ў сухое надвор'е на матацыкле, трактары альбо кані. Парадзінскіх хлопцаў гэта не надта бянтэжыць, і яны гатовыя нават на веласіпедах дабірацца да сваіх жанвільскіх сябровак і нявест. Не ехаць жа ўкругаля праз Мсціслаў і Хіславічы за добрых 70 кіламетраў?!. А яшчэ прасцей — пазваніць, таму што мабільная сувязь у рускім Жанвілі цалкам беларуская. Тут і Вэлком, і МТС працуюць на поўную антэну. Праўда жанвільцам гэта не вельмі зручна, бо званіць па Расіі трэба з дапамогаю роўмінгу, альбо мяняючы сім-картку.
Нават такія дробныя нязручнасці, як дарога і сувязь, часта даюць падставу старэйшым жыхарам для настальгіі па ранейшым жыцці, калі межы былі ўмоўнымі, а грамадзянства нікога не цікавіла. Калі рускія і беларусы касілі сена на адным полі, купаліся ў адной рацэ і спявалі адны і тыя ж песні.
Анатоль Кляшчук, фота аўтара.
Хіславіцкі раён,
Смаленская вобласць.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/anatol-klyashchuk
[2] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[3] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2013/08/3333333333.jpg
[4] https://zviazda.by/be/tags/belarus
[5] https://zviazda.by/be/tags/maskva
[6] https://zviazda.by/be/tags/rasiya
[7] https://zviazda.by/be/tags/vyalikae-knyastva-litouskae
[8] https://zviazda.by/be/tags/minskaya-voblasc
[9] https://zviazda.by/be/tags/zhodzina
[10] https://zviazda.by/be/tags/magilyouskaya-voblasc
[11] https://zviazda.by/be/tags/londan
[12] https://zviazda.by/be/tags/sluck
[13] https://zviazda.by/be/tags/valeryy-ivanou
[14] https://zviazda.by/be/tags/smalenskaya-voblasc
[15] https://zviazda.by/be/tags/mscislauski-rayon
[16] https://zviazda.by/be/tags/garbachou
[17] https://zviazda.by/be/tags/zhanvil
[18] https://zviazda.by/be/tags/raka-sozh
[19] https://zviazda.by/be/tags/hislavicki-rayon
[20] https://zviazda.by/be/tags/vyoska-paradzina
[21] https://zviazda.by/be/tags/zhyvyolavod-svk-zvyazda-vasil-andreeu
[22] https://zviazda.by/be/tags/zasozhzha
[23] https://zviazda.by/be/tags/mscislauski-licey
[24] https://zviazda.by/be/tags/francuzskaya-pismennica-martel-de-zhanvil
[25] https://zviazda.by/be/tags/madelera-elena-zhanvilya
[26] https://zviazda.by/be/tags/biyolag-koh
[27] https://zviazda.by/be/tags/aychynnaya-vayna-1812
[28] https://zviazda.by/be/tags/ivanau-gorad
[29] https://zviazda.by/be/tags/anatol-lukyanau
[30] https://zviazda.by/be/tags/smalenshchyna
[31] https://zviazda.by/be/tags/magilyouskaya-guberniya
[32] https://zviazda.by/be/tags/treci-razdzel-rechy-paspalitay
[33] https://zviazda.by/be/tags/polacki
[34] https://zviazda.by/be/tags/vital-lukashenkau
[35] https://zviazda.by/be/tags/uladzimir-karpenka
[36] https://zviazda.by/be/tags/syargey-ratueu
[37] https://zviazda.by/be/tags/kacyaryna-gurchanka