Толькі пасля звароту ў пракуратуру жыхар Полацкага раёна атрымаў заробак пасля звальнення.
— Па факце нявыплаты заработнай платы ва ўстаноўленыя тэрміны і затрымкі разліку пры звальненні работніка пракуратурай Полацкага раёна ў дачыненні да адной з фірмаў быў складзены пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні. Пратакол накіравалі для разгляду ў суд. У выніку на юрыдычную асобу накладзена адміністрацыйнае спагнанне з выплатай 2,5 мільёна рублёў, — паведаміла Святлана Зайцава, намеснік начальніка арганізацыйна-кантрольнага аддзела пракуратуры Віцебскай вобласці.
Грамадзяне нярэдка звяртаюцца ў органы пракуратуры са зваротамі па пытаннях нагляду за выкананнем адміністрацыйнага, працоўнага заканадаўства, заканадаўства аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб. І найбольш часта прызнаваліся абгрунтаванымі довады грамадзян аб затрымцы разліку пры звальненні, неабгрунтаваных вылікаў з заработнай платы, аб яе нявыплаце. Пракурорамі праводзіліся праверкі і прымаліся меры рэагавання.
У цэлым сёлета толькі ў першым паўгоддзі ў органы пракуратуры вобласці паступіла звыш 4,6 тысячы пісьмовых зваротаў. На асабістым прыёме пабывала больш як 2,8 тысячы чалавек, з іх 441 — па месцы жыхарства і працы. Па-ранейшаму значная колькасць зваротаў не ўваходзіць у кампетэнцыю пракуратуры і для разгляду накіравана ў іншыя ведамствы.
Актыўна выкарыстоўвае насельніцтва і электронную пошту. За паўгоддзе ў пракуратуру вобласці паступіла 60 такіх заяў.
Аляксандр ПУКШАНСКІ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/zdarenni