...Мусіць, ніхто з тых, хто нарадзіўся ў 1918-м, лёгкім жыццём пахваліцца не зможа. Няпростыя часы перажывала краіна, а значыць, вельмі не проста было і людзям. Асабліва — жанчынам, асабліва ў вёсцы... Але ж яны — ні тады, ні цяпер — не мелі звычкі скардзіцца. Яны нястомна працавалі і верылі ў лепшае, нягледзячы ні на што, выхоўвалі дзяцей...
У Марыі Аляксандраўны Мурашка з вёскі Рэпеншчына Браслаўскага раёна
іх пяцёра. А яшчэ — восем унукаў, дзевяць праўнукаў, тры прапраўнукі... Так атрымалася, што лёс параскідаў іх па белым свеце. Але ж радня (і тая, што жыве ў далёкіх Англіі ды Ірландыі, і тая, што ў Латвіі, Літве ды Расіі, і тая, вядома ж, што ў Беларусі)стараецца як мага часцей бываць дома — у мамы, у бабулі. Бо яна заўсёды і ўсіх чакае, бо яна заўсёды і ўсім рада! Бо яна, нягледзячы на свой вельмі паважаны ўзрост, не страціла любові і цікавасці да жыцця. З маладосці навучылася ткаць, і цяпер ва ўсіх яе нашчадкаў ёсць бабуліны творы — набожнікі, настольнікі, пакрывалы, ручнікі; умела вязаць, і ўсе яе сямейнікі дагэтуль носяць самыя цёплыя рукавічкі і шкарпэткі!
Зрэшты, без спраў яна не любіць сядзець і зараз. Суседзі часцяком бачаць Марыю Аляксандраўну... у гародзе, куды яна ходзіць не толькі для таго, каб палюбавацца кветкамі. Трэба ж прасачыць, як расце цыбуля, як агуркі...
Штодня чакае жанчына і пошту, бо пастаянна выпісвае і да апошняга радка чытае "Звязду" — карыстаецца яе парадамі сама і многае раіць іншым.
А таму сёння менавіта праз гэтае выданне мы хацелі б павіншаваць нашу самую лепшую ў свеце мамачку, бабулю і прабабулю з 95 годдзем! Здароўя табе, родная! Бадзёрасці і аптымізму!
А яшчэ:
Жадаем быць заўжды багатай,
Багатай шчасцем і здароўем,
Спакоем, радасцю ў сям'і,
Сябрамі вернымі, любоўю...
І ўсім прыгожым на зямлі!
Нізкі паклон табе за ўсё, што ты зрабіла для нас! Жыві, калі ласка, доўга!
Твае родныя.
Р.S. Без сумневу: самае вялікае дасягненне газеты — гэта яе падпісчыкі. Вельмі прыемна, што сярод іх і Марыя Аляксандраўна Мурашка! А таму далучаемся да ўсіх віншаванняў, якія прагучаць сёння, і зычым моцнага здароўя. Усё астатняе, як падалося, у чалавека ёсць?
Звяздоўцы.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/gramadstva
[2] https://zviazda.by/be/tags/belarus
[3] https://zviazda.by/be/tags/rasiya
[4] https://zviazda.by/be/tags/latviya
[5] https://zviazda.by/be/tags/angliya
[6] https://zviazda.by/be/tags/litva
[7] https://zviazda.by/be/tags/maryya-alyaksandrauna-murashka
[8] https://zviazda.by/be/tags/vyoska-repenshchyna-braslauskaga-rayona
[9] https://zviazda.by/be/tags/irlandyya