Што самае галоўнае падчас Вялікага посту
Якім чынам сучасны чалавек з яго высокім тэмпам жыцця і занятасцю можа наблізіцца да правільнага перажывання Вялікага посту? Што самае галоўнае трэба зрабіць або не зрабіць хрысціяніну ў гэтыя 40 дзён да Вялікадня? З гэтым пытаннем мы звярнуліся да ўпаўнаважанага Беларускага Экзархата па сувязях са сродкамі масавай інфармацыі протаіерэя Яўгена СВІДЗЕРСКАГА:
— Самым галоўным у праходжанні посту я бачу духоўнае кіраўніцтва. Калі сам толькі пачынаў пасціць, гэтага якраз мне больш за ўсё і не хапала. Нягледзячы на вялікае багацце духоўнай літаратуры, інфармацыю ў інтэрнэце пра тое, што падчас посту неабходна і што нельга, усё ж такі ў кожнага чалавека сваё асабістае жыццё, у сувязі з гэтым ва ўсіх розныя шляхі праходжання посту. Бо ў кожнага з нас свая прырода, свае задаткі, свой характар, свае праблемы. І калі мы жадаем нечага дасягнуць, то тут, безумоўна, трэба задаць правільны вектар. Інакш чалавек можа нейкія агульныя нормы выканаць, але карысці яны прынясуць мала. У выніку можа адбыцца ахаладжэнне да духоўнага жыцця. Менавіта духоўнага кіраўніцтва не хапае многім людзям, якія альбо не маюць дастаткова часу, або не асэнсоўваюць неабходнасць такога кіраўніцтва і пост праходзяць не ў Царкве.
Першы і апошні (Пакутны) тыдні Вялікага посту
напоўнены асаблівым сэнсам тэкстаў набажэнстваў. Калі да іх не далучацца, то прасякнуцца мэтай посту і суперажываць падзеі, якія адбыліся падчас зямнога жыцця Хрыста, немагчыма. Таму нават калі часу не хапае, яго трэба "скрасці" са сваіх штодзённых клопатаў і мітусні, і паспрабаваць патрапіць на набажэнствы сама мала на першым і на Пакутным тыдні. Трэба хаця б у гэты час паспрабаваць ацаніць сваё жыццё непрадузята, шчыра спавядацца перад Богам, і як мага больш старанна падрыхтавацца да прыняцця Хрыстовых Тайнаў. Тады сустрэча Вялікадня будзе нашмат больш яркай, і чалавек сапраўды адчуе плады Вялікага посту, якіх усе мы павінны дабівацца, калі яго пачынаем.
На першым тыдні Вялікай Чатырохдзясятніцы (Вялікага посту) у цэнтры ўвагі Царквы чытанне Пакаяннага канона Андрэя Крыцкага. Ён чытаецца, як правіла, а шостай гадзіне вечара ва ўсіх храмах Беларусі, нават у самых аддаленых вёсачках, таму большасць людзей можа паспець на яго пасля працоўнага дня. Называецца канон па імені яго складальніка. Архіепіскап Крыцкі Андрэй склаў малітваслоўе, якое выказвае плач душы пры адлучэнні яе ад Бога. Кожны чалавек, які суперажывае тэксты гэтага канона, разумее, што ў сілу сваёй грахоўнасці не можа мець той паўнаты зносін з Богам, да якой быў закліканы, і надта туманна ўяўляе даброты, якія Бог дае яму замест мітусні, у якую чалавек паглыблены ў гэтым жыцці. Вялікасць канона яшчэ і ў тым, што ў ім вельмі шмат прыкладаў Старога Запавету, якія алегарычна паказваюць духоўны стан чалавека. Таму пажадана, каб людзі, якія прыходзяць на канон, мелі і тэкст, і пераклад яго, і дадаткова знаёміліся з тэкстамі Старога Запавету, пра якія ідзе размова ў каноне.
Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/volga-myadzvedzeva
[2] https://zviazda.by/be/religiya
[3] https://zviazda.by/be/tags/vyaliki-post
[4] https://zviazda.by/be/tags/yaugen-svidzerski