Сёння сіноптыкі зноў абяцаюць нам спякотнае надвор'е, экстрэмальны тэмпературны рэжым. Кажуць, ён адпавядае аранжаваму ўзроўню небяспекі. Няпроста даводзіцца ўсім. Але, трэба адзначыць, надвор'е заўсёды было адной з асноўных тэм для размоў. І нават пры гэтым мала хто задумваўся пра тое, што надвор'е — гэта не толькі падстава завязаць гутарку, але і адзін з фактараў, якія адыгралі немалаважную ролю ў гісторыі краін і цывілізацый.
10. Марскі брыз ратуе заходнюю культуру
У часы грэка-персідскіх войнаў грэчаская культура (а, такім чынам, і сучасная заходняя культура) увесь час балансавала на мяжы знікнення. Персідская імперыя на піку сваёй магутнасці рыхтавалася да захопу асноўных тэрыторый Грэцыі. У вырашальнай марской бітве пры Саламіне (480 г. да н.э.) перамогу ўсё ж атрымаў камандуючы грэчаскім флотам Фемістокл — і ўсё дзякуючы яго веданню мясцовасці і напрамку вятроў.
9. Першыя камікадзэ
У ХІІІ стагоддзі кіраўнік Мангольскай імперыі хан Хубілай збіраўся захапіць Японію, але два тайфуны перашкодзілі яго планам ажыццявіцца. Сінтаісцкія жрацы палічылі гэтыя вятры, які выратавалі Японію, вынікамі малітваў і назвалі іх "камікадзэ" (чароўны вецер).
8. Вецер супраць "Непераможнай армады"
Паражэнне іспанскай армады (таксама вядомай як "Непераможная армада") ў 1588 годзе стала адной з найвялікшых бітваў заходняй цывілізацыі. Падчас спробы заваявання Англіі армада панесла вялікія страты — у прыватнасці, з-за надвор'я. Са 130 суднаў у Іспанію тады вярнулася толькі 65 (па іншых даных — 67). 24 судны былі выкінуты штормам на берагі Ірландыі.
7. Нападзенне Карла ХІІ на Расію
У 1709 годзе шведскі кароль Карл ХІІ стаў першым еўрапейскім манархам, які павёў свае войскі супраць Расіі і рускай зімы. Доўгі шлях і суровыя маразы адыгралі істотную ролю ў паражэнні шведскіх войскаў. Зрэшты, як паказала гісторыя, гэты ўрок быў засвоены не ўсімі.
6. Другі шанц Джорджа Вашынгтона
Амерыканская армія на чале з Джорджам Вашынгтонам ўяўляла сабой не вымуштраваную ваеннымі навучальнымі ўстановамі і загартаваную ў баях сілу, а атрады добраахвотнікаў з даволі слабым узбраеннем. Англічане, наадварот, былі ўзорнымі салдатамі для свайго часу. І хто ведае, як бы павярнулася гісторыя, калі б не густы туман, які выратаваў войска Вашынгтона 22 жніўня 1776 года ў бітве пры Лонг-Айлендзе.
5. Надвор'е і Вялікая французская рэвалюцыя
Францыя, якая ў 1792 годзе і так пакутавала ад эканамічнага крызісу з прычыны падтрымкі Амерыкі ў вайне супраць Англіі, атрымала яшчэ адзін удар ад прыроды — вясновую паводку. Цэны на прадукты харчавання ўзляцелі да нябёсаў. Але і гэта было не самым горшым. Страшны град знішчыў мноства пасеваў і нанёс непапраўную шкоду фермерскім гаспадаркам. Галодны народ прагнуў змен, і рэвалюцыя не прымусіла сябе доўга чакаць.
4. Дождж супраць бунту
Дзень 30 жніўня 1800 года мог увайсці ў гісторыю як дата аднаго з найбуйнейшых паўстанняў рабоў у Амерыцы. Тысячы рабоў у Рычмандзе (штат Вірджынія) збіраліся рушыць па закліку свайго лідара Габрыэл, як кажуць, на апошні і самы рашучы бой. У планах быў захоп арсенала і пазбаўленне ад рабства, але моцны шторм не даваў магчымасці рабам сабрацца і пачаць дзейнічаць. Праз дзень змова была раскрыта.
3. Паход Напалеона на Расію
Мабыць, гэты прыклад уплыву надвор'я на гісторыю вядомы вам лепш за ўсё. У 1812 годзе Напалеон Банапарт на чале самай вялікай арміі ў Еўропе збіраўся захапіць Расію. Яго ўпэўненасць у поспеху была такой вялікай, што нават набліжэнне зімы не спыніла паход. Паспяховы захоп Масквы дадаў французам аптымізму, але неўзабаве прыйшлі знакамітыя рускія маразы. Толькі за адны суткі пры марозе амаль -40 градусаў Цэльсія загінула каля 50 000 коней арміі. Ад холаду не ратавалі нават футры, захопленыя ў якасці трафеяў. Суровыя маразы сталі пачаткам канца для імперыі Напалеона.
2. Напад Гітлера на СССР
Адольф Гітлер, мабыць, вырашыў не лічыцца з урокамі гісторыі і паўтарыць спробу заваявання Расіі (тады ўжо СССР). У верасні 1941 года войскі Германіі ўжо даволі далёка прасунуліся па тэрыторыі СССР на ўсход. Упэўненасць у хуткай перамозе была такая вялікая, што многія салдаты везлі з сабой парадную форму для маршу перамогі на Краснай Плошчы. Але вось чаго яны з сабой не везлі, дык гэта зімовай формы. Зіма і рашучыя дзеянні Чырвонай Арміі пераламалі ход вайны.
1. Над Хірасімай — яснае надвор'е
6 жніўня 1945 года ў Хірасіме быў цудоўны летні дзень. У 7 гадзін 9 хвілін раніцы над горадам праляцеў самалёт, экіпаж якога адрапартаваў на базу: "Воблачнасць менш за 30%". Гэта былі практычна ідэальныя ўмовы для скідвання першай ядзернай бомбы. Нізкая воблачнасць у той дзень стала прыгаворам для Хірасімы і адначасова паратункам для запасной цэлі. Не меншую ролю воблачнасць адыграла і ў лёсе іншага японскага горада — Какуры. 8 жніўня другая ядзерная бомба была загружана ў самалёт B-29, але занадта вялікая воблачнасць над горадам Какура не дазваляла правесці яго бамбаванне, і бомба адправілася да запасной цэлі — Нагасакі.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/poglyad
[2] https://zviazda.by/be/tags/poglyad