Лікбез аб электронным зборы на дарогах
У Цэнтры дзелавой адукацыі Беларускай гандлёва-прамысловай палаты 16 жніўня будзе арганізаваны семінар-кансультацыя "Сістэмы электроннага збору платы за праезд па аўтамабільных дарогах Рэспублікі Беларусь", паведамілі рэдакцыі ў прэс-службе Мінтранса.
На семінары выступяць і адкажуць на пытанні ўдзельнікаў: Яўген Вячаслававіч Ракала, начальнік Галоўнага ўпраўлення аўтамабільных дарог Міністэрства транспарту і камунікацый Рэспублікі Беларусь; Аляксандр Іосіфавіч Сідаровіч, начальнік юрыдычнага аддзела ЗТАА "Капш Тэлематык Сервісіз" і Максім Анатольевіч Кавалёнак, эксперт юрыдычнага аддзела ЗТАА "Капш Тэлематык Сервісіз".
Дадатковую інфармацыю можна атрымаць па тэлефонах: (8 017) 290-72-59, 290-72-77, (8 029) 118-08-70.
Сяргей ПАЛІНІН.
Золатавалютныя рэзервы крыху скараціліся
Па выніках ліпеня золатавалютныя рэзервы Рэспублікі Беларусь у вызначэнні ССРД МВФ скараціліся на 101,3 млн долараў і, паводле папярэдніх даных, на 1 жніўня сёлета склалі 7 916,3 млн долараў у эквіваленце, паведамілі рэдакцыі ў прэс-цэнтры Нацыянальнага банка Беларусі.
У нацыянальным вызначэнні аб'ём золатавалютных рэзерваў скараціўся на 77,8 млн долараў і на 1 жніўня сёлета склаў 8 554,8 млн долараў у эквіваленце.
Спецыялісты фінансавай сферы адзначаюць, што на зніжэнне аб'ёму золатавалютных рэзерваў аказала ўплыў пагашэнне ўрадам і Нацыянальным банкам Рэспублікі Беларусь знешніх і ўнутраных абавязацельстваў у замежнай валюце ў поўным аб'ёме.
Падтрыманню аб'ёму золатавалютных рэзерваў у ліпені гэтага года ў асноўным спрыяў рост цаны на золата на міжнародным рынку каштоўных металаў.
Сяргей КУРКАЧ.
"Паветраны" дэбашыр затрыманы
Самалёт "Белавія", які з-за п'янага пасажыра вымушаны быў вярнуцца ў Маскву, у другі раз вылецеў у Мінск.
У беларускай авіякампаніі паведамілі, што самалёт рэйсам B2-984 вылецеў з Масквы ў Мінск учора ў 10.18 па маскоўскім часе. І ўжо праз 27 хвілін вярнуўся ў аэрапорт вылету. Палёт быў перапынены з-за пасажыра, які знаходзіўся нападпітку і ўчыніў дэбош на борце пасля ўзлёту. Экіпаж і пасажыры агульнымі намаганнямі спынілі хуліганскія дзеянні мужчыны: пасадзілі яго ў крэсла і звязалі. Пасля пасадкі дэбашыра, які аказаўся 32-гадовым ураджэнцам Казані, перадалі ў рукі расійскай паліцыі. Рашэнне вярнуць самалёт у аэрапорт вылету прымаў камандзір экіпажа паветранага судна. Пры гэтым аб нестандартнай сітуацыі на борце ён паспеў апавясціць наземныя службы аэрапорта Дамадзедава. У 11.40 па маскоўскім часе самалёт зноў вылецеў у Мінск. Нацыянальная авіякампанія "Белавія " дзякуе пасажырам за дапамогу і прыносіць прабачэнне за нязручнасці.
Надзея ДРЫЛА.
У Балівудзе знялі рымейк савецкай "Іроніі лёсу"
У індыйскім Балівудзе знялі свой варыянт вядомай савецкай камедыі "Іронія лёсу, або З лёгкай парай", перадаюць інфармагенцтвы.
Фільм "Я люблю Новы год", сюжэт якога вельмі нагадвае вядомы фільм Эльдара Разанава, павінен выйсці на вялікія экраны 13 верасня. Падзеі індыйскай кінастужкі адбываюцца ў Нью-Ёрку. Замест урача Жэні Лукашына галоўным героем фільма стаў мумбайскі банкір-дзівак. Як і персанаж савецкай карціны, галоўны герой разам з сябрам пад Новы год адпраўляецца ў лазню, распівае алкаголь і выпадкова разам сябры ляцяць у Нью-Ёрк. Там ён трапляе ў кватэру да маладой дзяўчыны, якая збіралася сустрэць свята з жаніхом. Індыйскі фільм практычна цалкам капіруе сюжэт карціны Эльдара Разанава, аднак у балівудскім варыянце прысутнічаюць песні і танцы, якімі знакаміта кіно Індыі.
У цітрах ні прозвішча рэжысёра расійскай версіі Эльдара Разанава, ні прозвішча сцэнарыста Эміля Брагінскага не фігуруюць. Рэжысёр індыйскай кінастужкі заявіў, што ён нібы нічога не чуў аб існаванні савецкага фільма.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/infarmbyuro