Узровень развіцця сучаснай нейліндустрыі зрабіў са звычайных манікюрш майстроў, якія могуць прапанаваць шырокі спектр паслуг і задаволіць самую патрабавальную кліентку. Акрамя таго, прыгажосць заўсёды спалучаецца са здароўем.
Ломкія пазногці — вырашаем праблему
Калі прырода падарыла вам моцныя пазногці з прыгожым пазногцевым ложам, то хопіць звычайнага манікюру. Каб зрабіць яго больш зручным, бо звычайнае колеравае пакрыццё даволі хутка аблазіць, майстры вынайшлі новы сродак — гель-лак. Ён спалучае ўсе перавагі гелю і лаку паасобку. Дазваляе запоўніць усе няроўнасці натуральнага пазногця, надае манікюру больш эфектны выгляд, бо пазногці з гель-лакам дазваляюць мець трывалы манікюр-фрэнч,
выкарыстоўваць для дэкору стразы (дарэчы, вельмі папулярныя ў гэтым сезоне), выкананне мастацкага роспісу на пазногцях. Працэдура простая, не займае шмат часу — а вашы ручкі забяспечаны ідэальным знешнім выглядам на два тыдні.
Адна з самых распаўсюджаных праблем — тонкія пазногці, якія слаяцца, могуць у любы момант зламацца. Прычыны могуць быць у нейкім захворванні, парушэнні арганізма — ад авітамінозу да парушэнняў гарманальнага фону.
Акрамя асабістых праблем арганізма, на стан пазногця ўплываюць неспрыяльныя знешнія ўмовы: сонечныя промні, мароз, перасушанае паветра памяшканняў. Порыстая пазногцевая пласціна на 80% складаецца з вады, таму вельмі баіцца сухасці, якая робіць пазногці ломкімі і безжыццёвымі. Трэба ведаць, што пакрыццё лакамі, якія змяшчаюць ацэтон, не садзейнічае добраму стану пазногцяў.
Акрамя таго, ломкасць можа быць абумоўлена спадчыннасцю. Таксама, сёння пазногцям пагражае тая разнастайная хімія, з якой мы дома мыем, чысцім, прыбіраем. Вось тут лак-гель і дапаможа. Гелі, што выкарыстоўваюць для замацавання, мяккія па ўздзеянні на пазногаць, дазваляюць паскорыць яго рост. У залежнасці ад таго, як хутка пазногці пачынаюць расці, апрацоўваць іх гелем можна раз на 3-4 тыдні. Але трэба памятаць, што гель не лечыць пазногаць, а толькі ўмацоўвае.
Бездакорныя пазногці — мара жанчыны
Вы ўжо "саспелі" да нарошчаных пазногцяў, ведаеце, што гэта прыгожа. Але якія яшчэ плюсы ў гэтай самай сучаснай працэдуры?
Па думках спецыялістаў, яна не толькі дорыць жанчыне прыгажосць, але і павышае самаацэнку, што спрыяе добраму настрою і пазітыўнаму позірку на жыццё.
Пасля нарошчвання пазногцяў, нягледзячы на распаўсюджаны міф пра шкоду, якую прыносіць гэтая працэдура, свае пазногці, наадварот, становяцца больш моцнымі. Бо яны — пад аховай, не сутыкаюцца з вадой і "хіміяй", не пакутуюць ад тэмпературных змен, захоўваюць свой натуральны колер і становішча. Больш за тое, выгада нарошчаных пазногцяў яшчэ і ў тым, што на іх звычайны лак трымаецца не дзень-два, як звычайна, а пакуль вам не надакучыць колер! Не кажу ўжо пра тое, што штучны пазногаць дазваляе гаспадыні быць уладальніцай сапраўднага мастацкага твора на сваіх пальчыках!
Кожная жанчына ведае: калі зламаўся адзін натуральны пазногаць, нажнічак патрабуюць усе астатнія — пад корань... І чакай яшчэ паўмесяца, пакуль хоць крыху адрастуць для прыстойнага манікюру. З нарошчанымі такога быць не можа: тут прастора для формы, даўжыні, дызайну — як у песні пра тое, што магчыма ўсё немагчымае. Любы жаночы капрыз.
Наталля КАРАЛЁВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/gramadstva-0
[2] https://zviazda.by/be/tags/natallya-karalyova
[3] https://zviazda.by/be/tags/neylindustryya
[4] https://zviazda.by/be/tags/manikyur-french
[5] https://zviazda.by/be/adam-i-eva