Узарвалі дом з-за... доўгу
Выбух каля жылога дома ў Полацку стаў нагодай для шматлікіх чутак.
Нагадаем, адбыўся выбух каля аднапавярховага дома ў горадзе Полацку. Ніхто з людзей не пацярпеў.
На першапачатковым этапе расследавання было ўстаноўлена, што сям'я, якая жыве ў гэтым доме, які, як мяркуецца, быў пашкоджаны ў выніку выкарыстання выбуховай прылады, мела канфлікт з пэўным колам асоб з-за невяртання доўгу. У сувязі з гэтым у адрас пацярпелых паступалі пагрозы жыццю і здароўю. Следчыя і аператыўныя супрацоўнікі ўжо акрэслілі кола падазраваных асоб. Праводзяцца мерапрыемствы па выяўленні іх дачынення да здзяйснення злачынства.
Выбухнуў снарад
У Віцебскім раёне бульдозер падчас земляных работ наехаў на снарад.
— Гэта адбылося а першай гадзіне дня на полі каля пасёлка Забалоцінка. Бульдозер выконваў земляныя работы па рэкультывацыі і раскарчоўцы паласы для ахоўных лесанасаджэнняў, на перагоне Лучоса, за 12 метраў ад чыгуначнага палатна, — паведаміла Марына Фандо, прэс-сакратар Віцебскага абласнога ўпраўлення па надзвычайных сітуацыях.
У выніку выбуху ў бульдозеры было выбіта лабавое шкло, нязначна пашкоджана навясное абсталяванне. Рух цягнікоў на гэтым участку не спыняўся.
Для агляду і размініравання на месцы выбуху працавала група размініравання з вайсковай часці.
Аляксандр ПУКШАНСКІ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/zdarenni