За дваццаць апошніх гадоў насельніцтва нашай краіны зменшылася на 800 тысяч чалавек. Адступаць далей няма куды, і дзяржава імкнецца ўсяляк падтрымліваць сем'і, дзе выхоўваюцца больш за двое дзяцей. Часам на айчынных інтэрнэт-форумах у іх адрас парой гучаць самыя непахвальныя выказванні. Маўляў, на такія сем'і выдаткоўваецца з бюджэту зашмат грошай. Але без садзейнічання вось такім сем'ям любая нацыя ў доўгатэрміновай перспектыве фактычна прыгаворана...
— Па нашых падліках, сёння колькасць шматдзетных сем'яў на Беларусі
крыху перавышае 62 тысячы. Зараз толькі палова дзяцей нараджаюцца першынцамі, што азначае паступовы адыход грамадства ад панаваўшай апошнія дзесяцігоддзі стратэгіі "Адна сям'я — адно дзіця", — лічыць начальнік аддзела народанасельніцтва, гендарнай і сямейнай палітыкі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны краіны Вера Лабковіч. — Калі бацькі адважваюцца на такі крок, гэта сведчыць аб тым, што іх матэрыяльная забяспечанасць пераважна не выклікае сумненняў. І ў краіне зараз ёсць добры патэнцыял, рэалізацыя якога дапаможа ёй паступова спыніць працэс дэпапуляцыі насельніцтва.
Падтрымка вялікіх сем'яў кладзецца на плечы рэспубліканскага і мясцовага бюджэтаў. Так, сёлета толькі на Гомельшчынеадраснай сацыяльнай дапамогай да пачатку новага навучальнага года ахоплены 3 тысячы сем'яў. Дзеля набыцця школьных аксесуараў іх бацькам выплацяць больш за 3 мільярды рублёў.
Нельга забывацца і на іншыя віды дапамогі. Гэта і суперільготны па цяперашніх мерках крэдыт на пабудову жылля, які выдаецца на 40 гадоў пад 1% гадавых. І адзін вольны ад працы на працягу месяца дзень.
— Больш за тое, спіс ільгот дапоўніўся паслугай нянькі. Займацца гэтым пытаннем будуць тэрытарыяльныя цэнтры сацыяльнага абслугоўвання. На такую паслугу змогуць разлічваць тыя сем'і, дзе выхоўваюцца два і больш дзіцяці, маладзейшыя за тры гады. А ў сталіцы плануецца павялічыць памер штомесячнай дапамогі на двайнят, — гаворыць старшыня камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама Жанна Рамановіч. - Зараз ён складае адну базавую велічыню.
Спецыялісты вылучаюць цікавую тэндэнцыю: усё больш шматдзетных сем'яў набываюць гэты статус дзякуючы ўсынаўленню дзяцей з дамоў-інтэрнатаў. Таму паўстае лагічнае пытанне: ці ўсе бацькі робяць гэта бескарысліва, не жадаючы без асаблівых намаганняў атрымаць для сябе новае жыллё. Зрэшты, як запэўнівае начальнік аддзела сацыяльна-педагагічнай, фізкультурна-аздараўленчай працы і аховы дзяцінства ўпраўлення сацыяльнай і выхаваўчай работы Міністэрства адукацыі Галіна Рудзянкова, маніторынг за становішчам дзяцей у вялікіх сем'ях вядзецца няспынна.
Увогуле, галоўнае — каб стварэнне шматдзетнай сям'і было свядома запланавана бацькамі. А за неабходнымі выплатамі справа не стане. Бо дзеці — гэта найлепшыя інвестыцыі ў будучыню любой краіны.
Валяр'ян ШКЛЕННІК.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/valyaryan-shklennik
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/belarus
[4] https://zviazda.by/be/tags/ministerstva-adukacyi
[5] https://zviazda.by/be/tags/gomelshchyna
[6] https://zviazda.by/be/tags/starshynya-kamiteta-pa-pracy-zanyatasci-i-sacyyalnay-abarone-mingarvykankama-zhanna-ramanovich
[7] https://zviazda.by/be/tags/nachalnik-addzela-narodanaselnictva-gendarnay-i-syameynay-palityki-ministerstva-pracy-i
[8] https://zviazda.by/be/tags/galina-rudzyankova