15 жніўня да работы ва ўстановах адукацыі прыступяць 6 283 маладыя педагогі. Сярод іх 4 352 выпускнікі ВНУ і 1 719 выпускнікоў сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў з педагагічнай адукацыяй. Акрамя таго, накіраванне на першае рабочае месца атрымалі 212 выпускнікоў, якія навучаліся за кошт уласных сродкаў. У Міністэрстве адукацыі сцвярджаюць, што колькасць ахвотных атрымаць першае працоўнае месца сярод студэнтаў-платнікаў з кожным годам расце.
Сёння падрыхтоўка педагогаў ажыццяўляецца ў Беларусі
ў 12 ВНУ, у тым ліку ў трох профільных — Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Танка, Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце і Мазырскім дзяржаўным педагагічным універсітэце. Таксама рыхтуюць педагогаў і ў класічных універсітэтах.
Права на самастойнае працаўладкаванне атрымаў 291 выпускнік (265 выпускнікоў ВНУ і 26 уладальнікаў дыпломаў педагагічных каледжаў).
— У тым выпадку, калі выпускнік раптам застаўся без рабочага месца, указанага ў накіраванні на работу, ён можа размеркавацца туды, дзе ёсць вакансія і дзе яго гатовы працаўладкаваць, — патлумачылі ў галоўным адукацыйным ведамстве.
— Калі наймальнік адмаўляе маладому спецыялісту ў працаўладкаванні (а такое можа здарыцца, напрыклад, з-за змены штатнага раскладу), неабходна атрымаць у наймальніка пісьмовае тлумачэнне, дзе будзе пазначана, па якой прычыне працаўладкаванне маладога спецыяліста немагчымае. З гэтай паперай трэба вярнуцца ў ВНУ і папрасіць аб пераразмеркаванні. Калі па адпаведнай спецыяльнасці ў навучальнай установе засталіся незадаволеныя заяўкі, маладога спецыяліста накіруюць на новае месца працы. А калі такіх няма, выдадуць даведку аб праве самастойнага працаўладкавання. Магчыма і пераразмеркаванне па персанальным запыце, — удакладніў намеснік старшыні ЦК Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Раман ДАПІРА. — Выпускнікі, якія працуюць не па месцы жыхарства бацькоў у бюджэтных арганізацыях, маюць права на атрыманне льготнага крэдыту для набыцця рэчаў першай неабходнасці. А вось прадастаўленне жылля па месцы размеркавання заканадаўства не гарантуе. Умова аб выдзяленні маладым спецыялістам жылога памяшкання наймальнікам можа быць агаворана ў накіраванні на працу ці ў дагаворы аб мэтавай падрыхтоўцы. Мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы, а таксама арганізацыі пры недастатковасці ўласнага жыллёвага фонду могуць выдзяляць сродкі з мэтай кампенсацыі выдаткаў на найм жылля, але гэта іх права, а не абавязак.
Надзея НІКАЛАЕВА.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/nadzeya-nikalaeva
[2] https://zviazda.by/be/adukacyya
[3] https://zviazda.by/be/tags/belarus
[4] https://zviazda.by/be/tags/ministerstva-adukacyi
[5] https://zviazda.by/be/tags/vnu
[6] https://zviazda.by/be/tags/minski-dzyarzhauny-lingvistychny-universitet
[7] https://zviazda.by/be/tags/belaruski-dzyarzhauny-pedagagichny-universitet-imya-tanka
[8] https://zviazda.by/be/tags/mazyrski-dzyarzhauny-pedagagichny-universitet
[9] https://zviazda.by/be/tags/namesnik-starshyni-ck-belaruskaga-prafsayuza-rabotnikau-adukacyi-i-navuki-raman-dapira