Кватэрнае пытанне... Усё не міла, калі яно нявырашана. Тады і горад выглядае не такім прыгожым, і праца не прыносіць задавальнення, і ўсе неабмежаваныя магчымасці гарадскога жыцця раптам становяцца непатрэбнымі...
Паколькі я іншагародняя студэнтка сталічнай ВНУ, з кватэрным пытаннем даводзілася сутыкацца неаднойчы. Праўда, чатыры гады неяк шанцавала: то сваякі дапамогуць, то ўніверсітэт пойдзе насустрач, то проста знойдуцца добрыя людзі... Сёлета чакаць манны нябеснай не было адкуль. Больш нічога не заставалася, як шукаць жыллё самастойна.
...Здавалася, усё будзе проста: адны студэнты з'ехалі, іншых пакуль няма... А як жа! Рэкламная газета стракацела пераважна прапановамі ад агенцтваў, ды і ў інтэрнэце аб'яў ад прыватнікаў практычна не было.
Хочаш, не хочаш, а давялося звяртацца ў агенцтва. Крытэрыем адбору стаў кошт і месцазнаходжанне жылля. Вядома, чым бліжэй кватэра да цэнтра, тым больш за яе просяць.
Тэлефаную на адзін з нумароў. Пытаюся, ці ёсць прымальныя для мяне варыянты. "Прыязджайце да нас у офіс, заключайце дагавор, плаціце грошы, і мы прадаставім вам адрасы", — адказваюць у агенцтве. Тая ж схема і ў іншых месцах, дзе аказваюць інфармацыйныя паслугі. "Эх, была не была! Заплачу грошы і ўжо вечарам буду з дахам над галавой", — думала я па дарозе ў Мінск. На што толькі не пойдзеш, калі няма дзе жыць!
Агенцтва, якое прапаноўвала больш-менш адэкватнае па цане жыллё, за свае паслугі запрасіла паўмільёна. Дарэчы, як і ўсе астатнія. Заключыла дагавор, заплаціла грошы, узамен атрымала тэлефоны і адрасы двух уладальнікаў кватэр. Пры мне да іх патэлефанавалі, узгаднілі час, калі можна з імі звязацца, каб прыйсці паглядзець кватэру. Дамовіліся, што вечарам. Заставалася ў назначаны час ім патэлефанаваць, каб мне паведамілі падрабязны адрас жылля.
...Доўгачаканыя сем гадзін вечара! Званю на першы нумар. Ніхто не бярэ трубку. Аналагічная сітуацыя і ў другім выпадку. "Магчыма, занятыя, не чуюць", — супакойваю я сябе.
Адказалі толькі праз гадзіну. "У мяне зараз глядзяць кватэру, даюць задатак за чатыры месяцы", — агарошыла жанчына на тым канцы проваду. "Ды яшчэ, вам не сказалі, што я хачу на 10 долараў больш? Плюс вы павінны будзеце плаціць камунальныя плацяжы і падатак за здачу жылля ў арэнду, — дадала яна. — Адным словам, даяце задатак за пяць месяцаў запар — прыязджайце глядзець кватэру!"
У мяне і мову адняло. Адкуль у мяне амаль паўтары тысячы долараў? Ды і чаму пра такія патрабаванні ўладальніка кватэры мяне не папярэдзілі ў агенцтве? Выходзіць, той, хто здае жыллё, можа рабіць усё, што заўгодна?
...Заставаўся яшчэ адзін нумар тэлефона. Толькі там па-ранейшаму не адказвалі... Тэлефаную ў агенцтва: можа, у іх яшчэ ёсць пэўныя варыянты? Тэлефоны выключаны. Вядома, працоўны дзень закончаны. Навошта, каб іх трывожылі? А колькі яшчэ такіх, як я!
Вечарэла. Трэба было вяртацца дадому. Не на вакзале ж начаваць! Буду тэлефанаваць у агенцтва заўтра. Па ўмовах дагавора, да іх штодня на працягу месяца можна звяртацца з 14 да 16 гадзін, у якія яны мне будуць прадастаўляць новыя варыянты жылля па тым кошце, які мяне задавальняе. І толькі ў выпадку, калі дамоўлюся з уласнікам жылля, зноў паеду ў Мінск, каб паглядзець кватэру.
Добра, калі ты мінчанін ці жывеш недалёка ад сталіцы. Добра, калі ёсць уласны транспарт, на якім можна хутка дабрацца з абласнога ці раённага цэнтра. А калі і не тое, і не другое? Пакуль даедзеш на аўтобусе ці на цягніку, будзе ўжо вечар. Не кожны чалавек захоча паказваць сваё жыллё ў той час, калі зручна вам.
Не магла дачакацца! Новы дзень. Патрэбны час. Тэлефаную. Гудкі абрываюцца. Набіраю яшчэ і яшчэ... Усё паўтараецца. У паліклініку лягчэй дазваніцца!
Цягам тыдня звязацца з агенцтвам усё ж такі ўдалося. "Мінімальны кошт на аднапакаёвую кватэру сёння складае 350 умоўных адзінак", — пачула я на тым канцы проваду. І з кожным днём кошт павялічваўся. Абяцаных агенцтвам аднапакаёвак за 250 долараў ужо і след прастыў. Калі пашанцуе — можна адшукаць за 300. Праўда, дзе-небудзь у Шабанах ці ў іншых аддаленых мікрараёнах. Толькі асабістага жадання жыць у пэўным раёне недастаткова: патрэбна дагадзіць гаспадарам, а гэта — як на кірмашы прыдзірліваму пакупніку. Прывілеяй карыстаецца маладая сям'я. Прычым без дзяцей і хатніх гадаванцаў. Кампаніям дарослых мужчын ці хлопцаў уладальнікаў вострадэфіцытнага жылля лепш не турбаваць. А студэнтам можна ўвогуле забыцца пра здымнае жыллё: дамаўляйцеся з камендантамі інтэрнатаў.
Нарэшце, абяцанкі пра магчымае з'яўленне больш танных кватэр мне надакучылі. Ды і набліжаўся час ехаць у Мінск. На шчасце, знайшліся сваякі, якія за больш-менш адэкватную цану на некаторы час пагадзіліся дапамагчы з жыллём.
...Адным словам, у каго няма ні інтэрната, ні сваякоў, але ёсць грошы, па дапамогу ў агенцтвы звяртацца варта. А таму, хто лішняй капейкай пахваліцца не можа, лепш не выкідваць паўмільёна за некалькі нумароў тэлефонаў.
...Другі тыдзень, як у Мінску
. Выпадкова апынулася каля знаёмага будынка, дзе знаходзіцца агенцтва. Думаю: дай зайду, спытаю, ці вернуць яны мне грошы — усё ж такі нічым не дапамаглі! На маё здзіўленне, вярнулі. Праўда, з 500 тысяч толькі 200. Але і гэтага не мела б, каб не такая выпадковасць: у дагаворы пра вяртанне грошай пры адмове ад паслуг на працягу месяца нічога не сказана. А было б не лішнім! Нямногім шанцуе зняць кватэру з дапамогай агенцтваў. Іншыя, расчараваныя такімі паслугамі, абыходзяць іх потым бокам. І нават не ведаюць, што могуць атрымаць хоць невялічкую, але кампенсацыю.
Вераніка КАНЮТА.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/veranika-kanyuta
[2] https://zviazda.by/be/zhyllyo
[3] https://zviazda.by/be/tags/minsk
[4] https://zviazda.by/be/tags/vnu