Яшчэ ўчора ўглядаліся ў начное неба, высочвалі ў зорных вышынях сляды-іскрынкі жнівеньскіх знічак. Яшчэ ўчора думалася, што знічкі падобныя на лёс тых, хто годна пражыў сваё жыццё і, пакідаючы нас, пасылае нам сваё апошняе кароткае святло.
А ўчора ў рэдакцыю прыйшла сумная вестка: памерла Ніна Іванаўна Казармшчыкава. У "Звяздзе" яна працавала даўно, пайшла на адпачынак больш за трыццаць гадоў таму. Работу ў газеце выконвала адказную — была на сувязі з нашымі карэспандэнтамі ў іншых гарадах Беларусі і прымала ад іх усю інфармацыю. У мінулыя дзесяцігоддзі сувязь з Нінай Іванаўнай "звяздоўцы" не гублялі. Часта бачыліся, тэлефанавалі, запрашалі ў святочныя дні ў рэдакцыю, наведвалі яе.
Рыхтуючы гэтыя радкі, мы знайшлі ў архіве фотаздымак Ніны Іванаўны, зроблены мінулым летам. Такой, як на фота, яна заставалася да апошніх сваіх дзён. Яна не проста ўсміхалася суразмоўцам — яна асвятляла іх сваёй добразычлівай, цёплай усмешкай.
Яна развіталася з намі і пакінула на ўспамін такі ж светлы след, як тыя знічкі ў вечных нябёсах.
Звяздоўцы
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/gramadstva
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva-0
[3] https://zviazda.by/be/tags/zvyazda
[4] https://zviazda.by/be/tags/zvyazdoucy