У міфалогіі і фальклоры беларусаў вобразы птушак-птахаў маюць самыя розныя значэнні. Яны — сімвалы душы, духу жыцця, узнёсласці, волі, цыклаў дня, года, перыядаў чалавечага веку і г.д. Пашырана ў народных песнях увасабленне ў птушках дзяўчыны і хлопца, прычым спатканне якіх не заўсёды абяцае радасць: "Шэрая зязюлька, не ляці рана ў поле, бо там злове саколе..." У вершы Д. Бічэль "Чародка" яшчэ больш супярэчлівасці і напружання: веснавыя птахі, што "купаюцца высока між блакіту", сімвалізуюць маральную перашкоду ў адносінах паміж закаханымі. Гэта адчуванне розніцы ў гадах, нежаданне ахвяраваць воляю?.. Гама патаемных перажыванняў, сумятлівасць душы лірычнай гераіні паэтка перадае тонка і далікатна, у прыватнасці — праз рэфрэн, што абрываецца ў канцы верша: сіла кахання, мусіць жа, неадольная!
Данута Бічэль
Чародка
Злучыла нас вясна
лукой адною.
Чародка птахаў
між табой і мною.
Прагнаць бы неслухмяную
чародку
за бор усхваляваны,
за паводку!
Купаюцца высока між блакіту.
А ты ідзеш да сонейка...
Які ты
прасветлены бязвоблачнымі
днямі!
Але чародка птахаў
паміж намі.
Адразу нешчаслівы і шчаслівы.
Адразу і распусны і цнатлівы,
так рызыкоўна —
смелы і нясмелы —
мне пасылаеш
маладыя стрэлы.
Узбунтаваў душу,
нібы цунамі.
Але чародка птахаў
паміж намі.
Прыкінуўся вясёлым панямонцам,
маім невыпадковым абаронцам.
Упарта наравістая адвага
у клетку рук злавіла
сэрца-птаха...
І замаўляеш вуснамі дрыготка...
Але чародка...
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/gistoryya-i-etnagrafiya
[2] https://zviazda.by/be/kultura-0
[3] https://zviazda.by/be/tags/kultura
[4] https://zviazda.by/be/tags/mifalogiya
[5] https://zviazda.by/be/tags/falklor
[6] https://zviazda.by/be/tags/d-bichel