Таварыскі матч паміж зборнымі Беларусі і Чарнагорыі так і не сабраў у Жодзіне сапраўдны аншлаг
Што казаць, сумна, калі на матчы нацыянальнай зборнай прыходзіць усяго некалькі тысяч балельшчыкаў. І гэтага зусім не разумееш, бо яшчэ сам добра памятаеш, як цалкам запоўнены стадыён "Дынама" хорам падтрымліваў зборную падчас гульняў з Італіяй, Нарвегіяй, Украінай. А цяпер...
— У касах прадалі дзесьці тысячу квіткоў, — падчас сустрэчы кажа дырэктар жодзінскага стадыёна "Тарпеда" Яўген Горыд. — Але трэба ўлічваць, што білеты распаўсюджвалі таксама праз інтэрнэт.
У выніку на паядынку прысутнічалі 3 тысячы гледачоў. Безумоўна, можна спрачацца, ці мэтазгодна было гуляць у Жодзіне, а не, напрыклад, у Брэсце ці Гродне. Але факт ёсць факт. Зборная Георгія Кандрацьева знаходзіцца пакуль на апошняй пазіцыі сваёй групы ў адборачным турніры першынства свету і відавочна згубіла пэўную частку аўдыторыі.
— Я часткова згодны з тым, што мы павінны ў чарговы раз улюбіць у зборную балельшчыкаў, — разважае нападаючы нацыянальнай каманды і калінінградскай "Балтыкі" Максім Скавыш
. — Будзе вынік ад нас — будуць заўзятары.
Цікава, што на Міншчыну дабралася нават некалькі чарнагорскіх футбольных прыхільнікаў. Настрой перад гульнёй у экс-югаславаў быў нармальны. Кіраўнік тамтэйшай федэрацыі, легендарны паўабаронца італьянскага "Мілана" Дзеян Савічавічнаогул перад матчам усміхаўся, з'еў марозіва "Каштан" і пасядзеў з калегамі ў невялікай кавярні.
— Мяне вельмі здзівіў і ўразіў Мінск, — прызнаўся Савічавіч. — У вас вельмі шмат зялёных паркаў і бульвараў. А што тычыцца зборнай Беларусі, я глядзеў усяго некалькі матчаў з вашай адборачнай групы. Беларусь трапіла ў кампанію да моцных зборных (нагадаем, што нашым суайчыннікам выпала спрачацца за квіток на першынство свету з французамі, іспанцамі, фінамі і грузінамі — аўт.). А таму прадэманстраваць нашмат лепшы вынік, чым ёсць зараз, будзе неверагодна цяжка.
Гульня ў выкананні беларусаў, між іншым, не атрымалася феерычнай. Моманты ў нашых хлопцаў былі рэдкія, але небяспечныя. Тое самае можна сказаць пра гасцей, у якіх лепш за іншых выглядалі лідары — нападаючы "Манчэстар Сіці" Стэван Явеціч і форвард "Ювентуса" Мірка Вучыніч. Часам яны рабілі на поле такія карагоды, ад якіх галаву можна зламаць. Аднак чарнагорскія "зоркі" дзейнічалі пераважна спакойна і майку, каб забіць, на сабе не разрывалі. Праўда, Вучынічу і нешматлікіх сітуацый хапіла, каб у другой палове зрабіць лік роўным.
— Хлопцы добра ўсведамлялі, што гуляюць таварыскі матч. А таму ў асноўным стаялі наперадзе і чакалі сваіх галявых моматаў, — прызнаўся пасля сустрэчы паўабаронца Аляксандр Глеб.
Праўда, чарнагорскі стрэл здарыўся пасля таго, як Сяргей Карніленка адкрыў лік у матчы з пенальці. Адметна, што рукой у сваёй штрафной згуляў ураджэнец Бялграда Марка Сіміч, былы гулец БАТЭ, які праводзіў дэбютны матч за чарнагорцаў.
— Безумоўна, непрыемна, калі падобнае здараецца ў першым матчы за нацыянальную каманду, — прызнаецца Марка.
— Ты нарадзіўся ў Сербіі. Як прыняў грамадзянства?
— У мяне ў Чарнагорыі жывуць сваякі. Акрамя гэтага, атрымаў ад федэрацыі запрашэнне. Ёсць у зборнай і тыя, з кім ужо раней калісьці гуляў. Усё добра. Будзем рыхтавацца да адборачнай гульні з Польшчай.
Па вялікім рахунку, нічыя (1:1) з камандай, якая ўваходзіць у трыццатку лепшых зборных планеты, — вынік нядрэнны, але дома, зразумела, таксама хочацца перамагаць.
— Нам не хапіла ўдараў. Мы шмат разоў ператрымлівалі мяч. Калі б больш білі па варотах, быў бы іншы вынік, — рэзюмуе нічыю Максім Скавыш.
Цяпер у планах нашай каманды падрыхтоўка да адказнай гульні са зборнай Францыі, якую 10 верасня прыме Гомель. Папярэднічае паядынку з "трохкаляровымі" 6 верасня таварыскі матч са зборнай...Кыргызстана, якая яшчэ ніколі не трапляла ў фінальную стадыю буйных футбольных турніраў свету і Азіі. "Што сказаць, з кім дамовіліся, з тым і будзем сустракацца", — неяк шматзначна сказаў Аляксандр Глеб.
Матч зноў пройдзе ў Жодзіне. І нешта падказвае, што зборная ў чарговы раз можа застацца без гучнай падтрымкі.
Тарас ШЧЫРЫ, г. Жодзіна
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/taras-shchyry
[2] https://zviazda.by/be/sport
[3] https://zviazda.by/be/tags/sport
[4] https://zviazda.by/be/tags/belarus
[5] https://zviazda.by/be/tags/ukraina
[6] https://zviazda.by/be/tags/zhodzina
[7] https://zviazda.by/be/tags/italiya
[8] https://zviazda.by/be/tags/narvegiya
[9] https://zviazda.by/be/tags/charnagoryya
[10] https://zviazda.by/be/tags/stadyyon-dynama
[11] https://zviazda.by/be/tags/tavaryski-match
[12] https://zviazda.by/be/tags/pauabaronca-italyanskaga-milana-dzeyan-savichavich
[13] https://zviazda.by/be/tags/maroziva-kashtan
[14] https://zviazda.by/be/tags/forvard-yuventusa-mirka-vuchynich
[15] https://zviazda.by/be/tags/pauabaronca-alyaksandr-gleb