Уздоўж Бярозаўкі-ракі — вёска з назвай Радзюкі
На ўзбярэжжы Бярозаўкі, прытоку Дзісны, з правага боку шашы калісьці стаяў маёнтак паноў Бароўскіх, якія належалі да знакамітага шляхецкага роду і мелі ўласны герб "Ястрабец". Старэйшы прадстаўнік роду Антон Бароўскі ў 1825 годзе набыў гэты маёнтак у графаў Бжастоўскіх (Brzоstоwskісh). Так мястэчка Радзюкі, што на Шаркаўшчыне, стала належаць гэтай сям'і. І хоць гісторыю Радзюкоў, па сцвярджэнні глыбоцкага краязнаўца Уладзіміра Скрабатуна, можна "вывесці" з ХVІІ стагоддзя, я хачу расказаць менавіта пра Радзюкі роду Бароўскіх.
Радзінная спадчыннасць паноў Бароўскіх вельмі багатая. Сярод слынных ураджэнцаў Радзюкоў — вайскоўцы вышэйшых чыноў, флоцкія інжынеры-вынаходнікі, знакамітыя навукоўцы. Лёсы гэтых людзей моцна залежалі ад таго, на службе якой улады яны знаходзіліся: спачатку Рэчы Паспалітай, потым Расійскай імперыі, а затым і Польшчы.
Старэйшы з роду Эдвард Бароўскі (1818—1897) служыў палкоўнікам расійскай арміі. Падчас Крымскай вайны быў адзначаны за абарону Севастопаля.
Яго сын Гжэгаж Бароўскі (1856—1918), ураджэнец Радзюкоў, інжынер-механік, палкоўнік расійскай арміі, здзейсніў падарожжа вакол свету пад ветразямі вучэбнага карабля. Скончыў Марское ваенна-інжынернае вучылішча ў Кранштаце. У Францыі і Англіі вучыўся пабудове караблёў. Працаваў на верфях Севастопаля і Мікалаева. Удасканальваў распрацоўкі паравых катлоў. Не парываў сувязяў з радзімай. Пашыраў маёнтак, паляпшаў сельскую гаспадарку, пабудаваў вадзяны млын.
Дзякуючы яго старанням паўстала першая брукаванка замест драўлянага насцілу каля капліцы Маці Божай Вастрабрамскай у Вільні (у той час губернскім горадзе нашага краю). Памёр у Пецярбургу.
Севярын Бароўскі, таксама ўраджэнец Радзюкоў, брат Гжэгажа, быў інжынерам-механікам. Атрымаў чын генерала. Падчас расійска-японскай вайны, у бітве пад Цусімай, бачачы непазбежнасць капітуляцыі, адмовіўся ад выратавання і затапіў браняносец "Сысой Вялікі". Уратавалі яго японцы, узяўшы ў палон. Пасля вайны працаваў дзяржаўным кантралёрам пры будаўніцтве караблёў. Памёр у 1935 годзе ў маёнтку жонкі ў Браслаўскім павеце.
Апошні ўладальнік маёнтка Радзюкі — Вацлаў Бароўскі (1888—1961), прафесар, педагог Віленскага ўніверсітэта. У дзень яго нараджэння каля маёнтка быў пасаджаны дуб. Высокі, магутны, разгалісты, 125-гадовы, ён расце цяпер ужо на цэнтральнай сядзібе сельгаспрадпрыемства імя Ф.Г. Маркава як сведка даўніны і жыцця слынных ураджэнцаў Радзюкоў. Вацлаў Бароўскі і яго жонка Браніслава з роду Грабоўскіх (таксама педагог) прыязджалі ў маёнтак з Вільні толькі на летнія канікулы.
У 1930 годзе, згодна з "Даведнікам Дзісненскага павету", у маёнтку налічвалася 153 дзесяціны зямлі, лес, 48 чалавек (арандатары, запашнікі, парабкі, млынары). Маёнткам кіраваў аканом, зямля здавалася ў арэнду.
...Вялікі сямігектарны сад, разбіты папярэднімі ўладальнікамі, аранжарэі, экзатычныя расліны, кветкі, паркавыя алеі з бяроз, ліп, сосен, прысады з ляшчыны, бэзу, язміну — усё радуе вока. Побач сярэбранай стужкай уецца рака Бярозаўка. З пакояў даносяцца гукі паланэза, мазуркі. Па запрашэнні госці з задавальненнем едуць у Рай Дзюкі (Дзюка — жаночае імя ад "Ядзюнька"). Па-польску гучыць Радзюкі. Такой версіі назвы Радзюкоў прытрымліваюцца прадаўжальнікі роду Бароўскіх, якія жывуць у горадзе Гданьску ў Польшчы.
Усе тры сыны гаспадароў Вацлава і Браніславы Бароўскіх стануць высокаадукаванымі людзьмі, прадоўжаць свой род, але на зямлі Польшчы, і толькі аднаму з іх, прафесару біяхіміі Эдварду Бароўскаму, будзе наканавана вярнуцца на малую радзіму праз 70 гадоў.
Падзеі 1939 года, калі Эдварду было толькі 14 гадоў, кардынальна змянілі далейшы лёс і гаспадароў маёнтка, і простых людзей. У сядзібе былі адкрыты хата-чытальня і клуб. Пасля Вялікай Айчыннай вайны будынак разабралі і перавезлі кудысьці, а гаспадарчыя пабудовы (свірны, хлявы, каморы) выкарыстоўваліся створаным калгасам, рэарганізаваным з часам у буйны саўгас.
Амаль на месцы маёнтка пабудуюць кантору саўгаса, узвядуць абеліск-помнік загінулым землякам.
На тэрыторыі былой сядзібы Бароўскіх паўстануць гандлёвы цэнтр, двухпавярховыя будынкі сельскага Савета і пошты, ФАПа і стацыянарнага аддзялення райбальніцы. Вёска будзе разбудоўвацца ўдоўж і ўшыр.
У гады адраджэння вёскі ў пачатку ХХІ стагоддзя па дзяржаўнай праграме, калі Радзюкі атрымаюць статус аграгарадка, зменяцца знешні выгляд і інфраструктура. У гістарычнае месца пераедзе бібліятэка, сельскі Дом культуры, вырасце новая вуліца на месцы старога саду з назвай Садовая. Не ведаем, не памятаем свайго мінулага. А трэба было б у гонар людзей, якія тут нарадзіліся і пакінулі адметны след у гісторыі, назваць яе вуліцай Бароўскіх. Магчыма, не было б сучасных Радзюкоў, каб не стаяў на ўзбярэжжы Бярозаўкі маёнтак, ураджэнцы якога не зняважылі гонар роднай зямлі, пранеслі праз жыццё годнасць свайго роду і захавалі памяць пра Бацькаўшчыну і любоў да яе.
Высока ў неба ўзносяцца верхавіны старых бяроз, сосен, бліжэй да былога маёнтка — ліп. Гэта рэшткі былых паркавых алей. Захавалася частка саду. Ён густы і цёмны, яго завуць "дзікім". Берагі Бярозаўкі зараслі вольхамі, вербалозамі, ляшчынай, ажынай. Адсюль, з роднага берага 84-гадовы прафесар Эдвард Бароўскі з Гданьска (працуе ў галіне фармацыі, мае больш за 70 патэнтаў вынаходніцтваў) выкапаў саджанец ляшчыны на памяць пра родную зямлю. Адбылося гэта ў 2009 годзе, калі ён з роднымі прыехаў на сваю радзіму. Тут іх пазнаёмілі з дачкой былога млынара Надзеяй Лазовік. Іх сем'і сябруюць дагэтуль. Палякам падабаюцца беларусы — добразычлівыя, ветлівыя, гасцінныя людзі. Радзюкоўская зямля ляжыць пад буслінымі крыламі. Для роду былых уладальнікаў і для радзюкоўцаў, якія пабудавалі сучасныя Радзюкі, зямля гэта адзіная і родная. Бацькоўская. Мясціны, знітаваныя з душой.
Радзюкоўская зямля!
Ты бацькоўская, святая.
Пад буслінымі крыламі
тут спакон вякоў ляжыць.
Цябе Бацькаўшчынай мілай,
родным краем называем,
Дзе сярэбранаю стужкай
удаль Бярозаўка бяжыць.
Людміла АРДЫНСКАЯ.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/gistoryya-i-etnagrafiya
[2] https://zviazda.by/be/kultura-0
[3] https://zviazda.by/be/tags/kultura
[4] https://zviazda.by/be/tags/lyudmila-ardynskaya