У "Мясцовым самакіраванні" (за 1 жніўня г.г.) жыхары дома № 36 па вуліцы Янкі Маўра, што ў сталіцы, скардзіліся на старыя дрэвы, якія зацяняюць вокны, не прапускаюць у кватэры святло ды і ўвогуле ствараюць аварыйную сітуацыю. З гэтай нагоды намеснік кіраўніка адміністрацыі Фрунзенскага раёна Васіль Шашок даслаў ліст, дзе акцэнтуе ўвагу жыхароў пяціпавярховіка на працэдуры выдалення дрэў і кустоў.
Як адзначае спецыяліст, сітуацыю рэгулюе пастанова Саветаў Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 25 кастрычніка 2011 года №1426 "Аб некаторых пытаннях абыходжання з аб'ектамі расліннага свету"
. Паводле дакумента, выдаленне і перасадка аб'ектаў расліннага свету ажыццяўляецца з дазволу мясцовага выканаўчага і распарадчага органа. Нагодай да яго могуць з'яўляцца абставіны, якія перашкаджаюць эксплуатацыі будынкаў, збудаванняў ды іншых аб'ектаў, выкарыстанню зямельных надзелаў па мэтавым прызначэнні, або знаходжанне дрэў у неналежным, у тым ліку аварыйным стане.
Каб атрымаць дазвол на выдаленне, зацікаўленыя юрыдычная або фізічная асобы, у тым ліку індывідуальныя прадпрымальнікі, прадастаўляюць у мясцовы выканаўчы і распарадчы орган заявы на выдаленне, перасадку раслін у населеных пунктах. Гэтыя ж органы пры наяўнасці ў заяве сведчанняў пра абставіны, пры якіх расліны ствараюць вышэйазначаныя перашкоды (а ў гэтым выпадку парушаюць інсаляцыю і асветленасць у жылым памяшканні), робяць запыт у спецыяльна ўпаўнаважаную арганізацыю — у нашым выпадку ў Цэнтр гігіены і эпідэміялогіі Фрунзенскага раёна.
Па словах адказнай асобы, на дату публікацыі ў "Мясцовым самакіраванні" ад жыхароў дома № 36 па вуліцы Янкі Маўра ў ЖЭС № 48 або ЖРЭА № 1 Фрунзенскага раёна Мінска ніводнай заяўкі не паступала. Пры штатным аглядзе тэрыторыі выяўлены два дрэвы — бяроза і клён ясенепадобны, якія знаходзяцца ў неналежным стане. Па выніках абследавання аформлены і перададзены ва ўнітарнае прадпрыемства "Зелянбуд" Фрунзенскага раёна пакет належных дакументаў для ўзгаднення і наступнага выдалення дрэў.
Найбольш просты шлях для жыхароў дома, якія лічаць, што дарослыя дрэвы не прапускаюць дзённае святло, — пісьмова звярнуцца ў Цэнтр гігіены і эпідэміялогіі Фрунзенскага раёна па адрасе: 220073 г. Мінск, вул. Харкаўская, д. 11 з просьбай правесці замеры асветленасці ў іх кватэрах. Для фізічных асоб гэтая працэдура бясплатная. Пасля атрымання заключэння з пацвярджэннем неадпаведнасці нормам асветленасці для жылога памяшкання, трэба прынесці яго ў ЖЭС № 48 або ЖРЭА № 1 і пакінуць адпаведную заяўку. Супрацоўнікі жыллёвых службаў возьмуць на сябе далейшыя клопаты па афармленні патрэбных згодна з заканадаўствам дакументаў, а пасля іх атрымання — па выдаленні вызначаных аб'ектаў расліннага свету.
Спецыяліст паведамляе, што пасадка новых зялёных насаджэнняў таксама ўзгадняецца з жыллёва-камунальнымі службамі. Так, нельга высаджваць дрэвы бліжэй чым за 5 метраў, а кусты бліжэй за 1,5 метра ад сцяны будынкаў і збудаванняў. Існуе таксама мноства іншых абмежаванняў.
Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/taccyana-lazouskaya
[2] https://zviazda.by/be/zhyllyo
[3] https://zviazda.by/be/pryroda
[4] https://zviazda.by/be/tags/myascovae-samakiravanne
[5] https://zviazda.by/be/tags/savet-ministrau-respubliki-belarus
[6] https://zviazda.by/be/tags/vulica-yanki-maura
[7] https://zviazda.by/be/tags/vasil-shashok
[8] https://zviazda.by/be/tags/ab-nekatoryh-pytannyah-abyhodzhannya-z-abektami-raslinnaga-svetu
[9] https://zviazda.by/be/tags/unitarnae-pradpryemstva-zelyanbud