Экіпаж з Александрыі намалаціў 6 тысяч тон збожжа. Гэта рэкордны вынік для Магілёўскай вобласці і пакуль што лепшы ў краіне, каментуюць у абласным камітэце прафсаюзаў работнікаў аграпрамысловага комплексу.
Экіпаж з адкрытага акцыянернага таварыства "Александрыйскае" Шклоўскага раёна, які яшчэ толькі днямі віншавалі з намалотам збожжа ў 5 тысяч тон, перасягнуў мяжу ў 6 тысяч тон. Міхаіл і Сяргей Байдаковы
— бацька і сын. Міхаіл — ураджэнец Шклоўшчыны, усё жыццё працуе ў сельскай гаспадарцы, а яго сыну Сяргею толькі 19 гадоў, і ён навучэнец агралесатэхнічнага каледжа. Тым не менш, і Сяргей — вопытны ўдзельнік жніва, бо дапамагае бацьку на камбайне ўжо 8-ы сезон. Разам з гэтым экіпажам спраўна папрацаваў і вадзіцель Дзяніс Латыпаў, які штогод падчас уборачнай кампаніі паспяхова перасаджваецца з аўтамабіля дырэктара "Александрыйскага" на грузавы "МАЗ" з прычэпам.
Яшчэ адзін сямейны экіпаж з агракамбіната "Зара" Магілёўскага раёна ў складзе бацькі і сына (Уладзіміра і Дзмітрыя Мельнікавых) таксама паказаў добры вынік жніва — амаль 4,5 тысячы тон намалоту.
Жніво яшчэ працягваецца, хаця Магілёўская вобласць паступова набліжаецца да яго завяршэння: засталося ўбраць менш за 2% пасяўных плошчаў. Намалочана больш за 1 мільён 100 тысяч тон збожжа пры ўраджайнасці крыху вышэй за 37 цэнтнераў з гектара. Магілёўшчына мае трэці вынік у краіне па агульным намалоце і другі па ўраджайнасці.
Ілона Іванова.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/rozgalas
[2] https://zviazda.by/be/selskaya-gaspadarka
[3] https://zviazda.by/be/tags/maz
[4] https://zviazda.by/be/tags/magilyouskaya-voblasc
[5] https://zviazda.by/be/tags/ilona-ivanova
[6] https://zviazda.by/be/tags/aleksandryya
[7] https://zviazda.by/be/tags/dzyanis-latypau
[8] https://zviazda.by/be/tags/adkrytae-akcyyanernae-tavarystva-aleksandryyskae-shklouskaga-rayona
[9] https://zviazda.by/be/tags/mihail-i-syargey-baydakovy
[10] https://zviazda.by/be/tags/shkloushchyna
[11] https://zviazda.by/be/tags/agrakambinat-zara-magilyouskaga-rayona