Кожная жанчына як мінімум тры—чатыры разы на дзень глядзіцца ў люстэрка. Мужчыны з гэтай нагоды не супраць з'яхіднічаць, а дарэмна: менавіта дзякуючы гэтаму прадстаўніцы слабага полу значна часцей заўважаюць змены ў бялках вока, ацёчнасць павекаў, серозныя коркі. Афтальмолагі таксама адзначаюць, што сярод іх пацыентаў мужчын значна больш. А ўсё таму, што яны своечасова не заўважаюць нават відавочных змяненняў на радужцы і склеры.
Як трэба?
У норме вочы маюць здаровы бляск, чыстую белізну бялкоў з ледзь выражанай сасудзістай сетачкай. Мяшкоў і цёмных кругоў пад вачамі не павінна быць, гэтаксама, як і прыпухласці верхніх павекаў. Вейкі выпадаць павінны, але гэта адбываецца вельмі рэдка і ў норме ніяк не ўплывае на іх гушчыню. Слёзная вадкасць неабходна для падтрымання пастаяннай вільготнасці на паверхні вочнага яблыка і раўнамерна размяркоўваецца пры мірганні павекаў. У яе склад, акрамя соляў, уваходзіць эфектыўнае прыроднае антыбактэрыяльнае рэчыва лізацым, якое засцерагае вочы ад інфекцыі.
Што павінна насцярожыць?
Паглядзіце сабе ў вочы. Будзьце ўважлівыя кожны раз, калі наносіце макіяж, даглядаеце скуру твару, проста папраўляеце прычоску. Звяртайце ўвагу на любыя змяненні бялкоў вачэй, павекаў і скуры пад вачамі.
Павышанае слёзацячэнне можа з'явіцца з-за пападання ў вока іншародных прадметаў (такім чынам арганізм спрабуе пазбавіцца ад іх) або па прычыне банальнай прастуды.
Успомніце, калі вы ў апошні раз высыпаліся? Недахоп сну прыводзіць да свербу ў вобласці павекаў. Варта добра выспацца — і гэты сімптом знікае.
З-за бяссонніцы вочы таксама могуць пачырванець. Зрэшты, такі ж сімптом з'яўляецца, калі доўга знаходзіцца ў пракураным ці дрэнна асветленым памяшканні. Гэта адбываецца па прычыне доўгага напружання вочных мышцаў і недастатковага ўвільгатнення вочнага яблыка. Часцей маргайце — гэта дазволіць "абмыць" слёзнай вадкасцю вочы. Часам гэты сімптом з'яўляецца з-за інфекцыйнай хваробы павекаў — блефарыту або пры алергіі на касметыку.
Калі вы адчуваеце значнае ўвільгатненне вока, пачырваненне, затуманьванне зроку, насцярожцеся — гэта могуць быць сімптомы глаўкомы, якая развіваецца.
Ячмень на воку можа з'явіцца ў выпадку занесенай інфекцыі, пры аслабленым імунітэце, на фоне авітамінозу, захворванняў страўнікава-кішачнага тракта.
Частае непадкантрольнае вам мірганне можа быць прыкметай захворвання нервовай сістэмы.
Унутраная паверхня павекаў у норме павінна быць ружовага колеру. Калі колер стаў ярка-чырвоным, то гэта гаворыць пра парушэнне кровазвароту або хваробу стрававальнай сістэмы. Калі колер пабляднеў, то гэта можа сведчыць пра нізкі гемаглабін і нават пра жалезадэфіцытную анемію.
Пажаўцелыя склеры — паказчык дрэннай работы печані, жоўцевага пузыра, а ў некаторых выпадках інфекцыйнага гепатыту.
Ацёкі або мяшкі пад вачамі ўзнікаюць па мностве прычын: стрэс, стомленасць, выпітая позна ўвечары гарбата або кава, няправільная поза падчас сну, парушэнні ў рабоце сардэчна-сасудзістай або мочапалавой сістэмы.
Сінякі пад вачамі могуць быць наступствам нервовага перанапружання: скура замаруджвае працэс вывядзення таксінаў і не насычаецца неабходнай колькасцю вільгаці і кіслароду. Калі вы курыце, то майце на ўвазе: нікацін звужае сасуды, скура адчувае недахоп кіслароду, у сувязі з гэтым і ўтвараецца яе сіняваты колер, асабліва ярка выражаны пад вачамі.
Падрыхтавала Вольга ЦЫБУЛЬСКАЯ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/zdaroue
[2] https://zviazda.by/be/tags/volga-cybulskaya
[3] https://zviazda.by/be/tags/acyochnasc-pavekau
[4] https://zviazda.by/be/tags/seroznyya-korki
[5] https://zviazda.by/be/tags/zhalezadeficytnaya-anemiya