У апошні дзень жніўня ў сталічным парку імя Горкага адбудзецца незвычайнае свята. Жанчыны, якія ў хуткім часе чакаюць прыбаўлення ў сям'і, збяруцца на "Пуз-парад".
Гэты некамерцыйны сацыяльны праект, закліканы засяродзіць увагу на дэмаграфічнай сітуацыі ў краіне, абароне мацярынства і дзяцінства, існуе ўжо тры гады. Самы першы беларускі "Пуз-парад" адбыўся ў жніўні 2011-га ў Сілічах, дзе будучыя мамы пасадзілі цэлую алею клёнаў з пажаданнямі для чаканых немаўлят (між іншым, усе дрэўцы прыняліся і добра растуць). Летась у парку Горкага ўдзельніцы мерапрыемства ўсталявалі два дрэвы ў кадках — ружовае і блакітнае, на галінкі якіх таксама можна было прывязаць стужкі з пажаданнямі на шчасце.
У праграме сёлетняга парада — майстар-клас для бацькоў па слінганашэнні, прафесійная фотасесія і дэфіле-паказ будучымі мамамі выставы малюнкаў на жывоціках, традыцыйная акцыя для бацькоў "Ліст у будучыню", а для дзяцей — аквагрым і шэраг атракцыёнаў. Таксама ўсіх гасцей свята чакае канцэртная праграма з удзелам беларускіх артыстаў.
Дарэчы, для ўдзельніц абвешчаны адмысловы дрэс-код: уваход на свята выключна ў жоўтым адзенні. Менавіта яго арганізатары называюць афіцыйным колерам праекта — "бо жоўты выклікае адчуванне цеплыні, лёгкасці і весялосці, сімвалізуе добрае самаадчуванне, радасць і шчасце".
— Для ўдзелу ў "Пуз-парадзе-2013" зарэгістраваліся ўжо крыху больш як 40 чалавек, — расказала "Звяздзе" арганізатар свята, кіраўнік інтэрнэт-праекта рrаzdnіk.bу Алеся Какошнікава. —
Але па вопыце мінулых гадоў мы ведаем, што ў апошні дзень, надзеўшы жоўтыя майкі, сукенкі і сарафаны, да свята далучаецца яшчэ больш будучых матуль, і мы стараемся нікога з іх не абмінуць увагай. З задавальненнем пасадзілі б яшчэ дрэвы, але парк імя Горкага і без таго шчыльна засаджаны, таму "Дрэвы жаданняў" на гэты раз паставім проста на галоўнай сцэне, і ўсе бацькі змогуць пакінуць лісты сваім будучым дачушкам і сыночкам.
Вікторыя ЦЕЛЯШУК
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/viktoryya-celyashuk
[2] https://zviazda.by/be/poglyad
[3] https://zviazda.by/be/syamya-moladz-demagrafiya
[4] https://zviazda.by/be/tags/poglyad
[5] https://zviazda.by/be/tags/park-imya-gorkaga
[6] https://zviazda.by/be/tags/puz-parad
[7] https://zviazda.by/be/tags/kiraunik-internet-praekta-rrazdnikbu-alesya-kakoshnikava