Менавіта так будуць працаваць цягнікі на трэцяй лініі Мінскага метрапалітэна, першыя чатыры станцыі якой плануюць адкрыць у 2017 годзе.
Пра гэта паведаміў начальнік камунальнага ўнітарнага прадпрыемства "Мінскі метрапалітэн" Расціслаў Юрэня:
— Мы не гатовы зрабіць так, як, напрыклад, у метро Тулузы, дзе цягнікі рухаюцца ўвогуле без машыністаў. За механізмам, які працуе аўтаматычна, усё роўна павінен нехта назіраць. Так што машыністы на новай лініі будуць выконваць пасіўныя функцыі, знаходзячыся ў кабінах, — адзначыў Расціслаў Юрэня.
Акрамя таго, на станцыях трэцяй лініі з'явяцца платформенныя дзверы. Дзякуючы ім пасажыры будуць абаронены як ад выпадковага, так і ад наўмыснага падзення на рэльсы. Расціслаў Юрэня дадаў, што летась у мінскай "падземцы" чатыры чалавекі спрабавалі скончыць жыццё самагубствам, скочыўшы на пуці.
Сёння сабекошт праезду аднаго пасажыра ў сталічнай падземцы крыху больш за 4 тысячы рублёў. Але інфармацыі пра павелічэнне кошту пакуль не прагучала, як не пачулі журналісты і пра адкрыццё станцыі "Малінаўка":
— Мы чакаем увядзення ў эксплуатацыю станцыі "Малінаўка". Думаю, гэты раён дасць нам яшчэ адно павелічэнне ліку пасажыраў. Пра тэрмін адкрыцця, на жаль, нічога сказаць не магу, паколькі адказваю толькі за дзейны метрапалітэн, — паведаміў Расціслаў Юрэня.
Цяпер першае месца па прыёме пасажыраў займае станцыя "Плошча Леніна", наступная пасля яе — "Каменная Горка", а самыя "разгружаныя" станцыі — "Першамайская" і "Маладзёжная".
Ганна ГАРУСТОВІЧ.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/gramadstva
[2] https://zviazda.by/be/reparcer
[3] https://zviazda.by/be/tags/ganna-garustovich
[4] https://zviazda.by/be/tags/trecyaya-liniya-minskaga-metrapalitena
[5] https://zviazda.by/be/tags/nachalnik-kamunalnaga-unitarnaga-pradpryemstva-minski-metrapaliten-rascislau-yurenya
[6] https://zviazda.by/be/tags/stancyya-malinauka