Новую кваліфікацыйную катэгорыю «настаўнік-метадыст» атрымаў у Беларусі ўжо 31 педагог. Да нядаўняга часу вышэйшая кваліфікацыйная катэгорыя была тым максімумам, якога мог дасягнуць таленавіты настаўнік у сваёй прафесійнай дзейнасці. Да таго ж у ацэнцы прафесійнага развіцця педагога не хапала прыступкі, знаходзячыся на якой ён пачынаў вучыць іншых настаўнікаў... Але пасля зацвярджэння новай інструкцыі аб парадку правядзення атэстацыі педагагічных работнікаў у Беларусі з'явілася дадатковая кваліфікацыйная катэгорыя «настаўнік-метадыст».
Абавязковай умовай для атрымання гэтай катэгорыі з'яўляецца наяўнасць у педагога аўтарскай методыкі выкладання вучэбнага прадмета або ўласнага досведу, які быў абагульнены і выкарыстоўваецца іншымі настаўнікамі ўстаноў агульнай і сярэдняй адукацыі, публікацый у навукова-метадычных і іншых выданнях аб вопыце прымянення сучасных адукацыйных, выхаваўчых і інфармацыйных тэхналогій і выкарыстання эфектыўных педагагічных формаў, метадаў і сродкаў навучання.
Атэстацыя на прысваенне катэгорыі «настаўнік-метадыст» праходзіць у форме кваліфікацыйнага экзамену, які ўяўляе сабой абарону ўласнага досведу або абарону аўтарскай методыкі выкладання вучэбнага прадмета па выбары атэстуемага, і атэстацыйнай гутаркі.
Сярод тых, хто першым адважыўся прэтэндаваць на катэгорыю «настаўнік-метадыст», — 19 членаў клуба «Крыштальны журавель» і 12 педагогаў, якія з'яўляюцца аўтарамі вучэбнай літаратуры, факультатыўных заняткаў, рыхтуюць навучэнцаў да ўдзелу ў алімпіядах, конкурсах і г.д.
Праўда, праз пяць гадоў ім усім зноў давядзецца сваю катэгорыю пацвярджаць. Права называцца «настаўнікам настаўнікаў» пажыццёва не выдаецца...
Надзея НІКАЛАЕВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/nadzeya-nikalaeva
[2] https://zviazda.by/be/adukacyya
[3] https://zviazda.by/be/tags/nastaunik-metadyst