«Акругляць» аплату за праезд
З 1 верасня будзе весціся акругленне агульнай сумы платы за перавозкі пасажыраў і багажу, паведамілі ў прэс-службе Беларускай чыгункі. У адпаведнасці з пісьмом Міністэрства эканомікі ад 20 жніўня, з 1 верасня будзе весціся акругленне агульнай сумы платы да 100 рублёў. Закране гэта перавозкі пасажыраў і багажу чыгуначным транспартам на гарадскіх лініяй, рэгіянальных, міжрэгіянальных і міжнародных лініях. Значэнне ў суме да 50 рублёў будзе адкідвацца, ад 50 і больш — акругляцца да 100 рублёў.
Сяргей РАСОЛЬКА.
Бонус на дэпазіты
Найбуйнейшы банк краіны з 30 жніўня ўстанаўлівае заахвочвальны працэнтны даход па доўгатэрміновых банкаўскіх укладах у беларускіх рублях, паведамілі рэдакцыі ў прэсслужбе Беларусбанка.
Дадатковы даход налічваецца на ўклад «Ашчадны» ў памеры 10% гадавых, на «Ваш выбар» — у памеры 9%, на «Прэміяльны-накапляльны «Дзіцячы» — у памеры 7,5%, на «Класік плюс» — у памеры 5,7% гадавых, на «Назапашвальны» — у памеры 5% гадавых. Налічэнне бонусу ажыццяўляецца сёлета за перыяд з 30 жніўня або дня адкрыцця ўкладу (дэпазіту) пасля названай даты да 26 верасня (уключна).
У верасні даражэе электрычнасць
Такім чынам, з 1 верасня тарыфы на электрычную энергію для насельніцтва павялічваюцца на 11,8 %, гаворыцца ў пастанове Саўміна № 756, што была змешчана на Нацыянальным прававым партале Беларусі.
Цяпер у верасні аднаставачны тарыф на электраэнергію ў жылых дамах (кватэрах), абсталяваных электрычнымі плітамі, складзе 479,1 рубля за 1 кВт у гадзіну (раней было 428,5). Дыферэнцыраваны тарыф у такіх жылых памяшканнях у перыяд мінімальных нагрузак (з 22.00 да 17.00) складзе 335,4 рубля за 1 кВт/г (раней — 300), а ў перыяд максімальных нагрузак (з 17.00 да 22.00) — 958,2 рубля за 1 кВт/г (раней — 857).
Электрычная энергія для патрэб ацяплення і гарачага водазабеспячэння з далучанай магутнасцю абсталявання больш за 5 кВт у перыяд мінімальных нагрузак (з 23.00 да 6.00) падаражэе з 504,3 да 563,8 рубля, у астатні час сутак — з 1 512,9 да 1 691,4 рубля. У астатніх выпадках аднаставачны тарыф складзе 563,8 рубля за 1 кВт/г (раней — 504,3), дыферэнцыраваны тарыф у перыяд мінімальных нагрузак будзе 394,7 (раней — 353), у перыяд максімальных нагрузак тарыф на электраэнергію павялічваецца да 1 127,6 рубля за 1 кВт/г.
Сяргей КУРКАЧ.
За ўраджай — куфаль пеннага напою
Летась у рамках фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі «Дажынкі», што праходзіў у Горках, упершыню быў праведзены піўны фестываль, які атрымаў прызнанне гасцей і ўдзельнікаў свята. Сёлета «Дажынкі» прымае Жлобін, дзе таксама запланавана правядзенне фестывалю «Піва».
Арганізатарам тэхнічнай часткі мерапрыемства выступае саюз «Гільдыя півавараў». Асноўным прынцыпам фестывалю было і застаецца фарміраванне ў насельніцтва культуры піцця піва — напою з даўняй гісторыяй. У рамках «Дажынак» на гандлёвай плошчы больш за 6 тысяч квадратных метраў размесцяцца 14 павільёнаў, аформленых у адпаведнасці з тэматыкай. На гэтым свяце любы ахвотны зможа пакаштаваць свежае і смачнае беларускае піва ад усіх вытворцаў.
Спынілі незаконны промысел «электрабраканьераў»
Ноччу паблізу ракі Шчара работнікі Слонімскай міжрайінспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету разам з прадстаўнікамі мясцовай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя затрымалі траіх грамадзян. Пры дапамозе электралавільнай устаноўкі браканьеры незаконна здабылі каля 100 асобін розных відаў рыб агульнай вагой каля 30 кілаграмаў.
Як удакладнілі ў Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, парушальнікамі аказаліся жыхары Слоніма. Адзін з іх працуе электраманцёрам, і менавіта ён падазраецца ў вырабе электралавільнай устаноўкі. У правапарушэнні браў удзел яго сын — стаяў на «варце», пакуль бацька з хаўруснікам здабываў рыбу.
Звесткі пра тое, што гэтыя грамадзяне займаюцца незаконным промыслам, паступалі ў інспекцыю і раней. За браканьерамі было ўстаноўлена назіранне, што дазволіла затрымаць іх з доказамі ўчынку. У парушальнікаў канфіскаваны ўлоў, забароненая прылада лоўлі, акумулятар, гумавая лодка і аўтамабіль. Шкода, нанесеная навакольнаму асяроддзю браканьерамі (пры пяцікратным памнажэнні), ацэнена ў 389 базавых велічынь, або 38,9 мільёна рублёў. Грамадзянам пагражае пазбаўленне волі тэрмінам да шасці гадоў.
Сяргей РАСОЛЬКА.
Два пакеты з каноплямі
25-гадовага пасажыра прыгараднага дызель-цягніка затрымалі супрацоўнікі міліцыі. Мужчына ў Рэчыцкім раёне нарэзаў каля 3 кг канопляў, якія вёз у Гомель. Раслінная сыравіна знаходзілася ў звычайных вялікіх поліэтыленавых пакетах і нават не была прыкрыта. У душным вагоне лісце марыхуаны выдала сябе і ўладальніка моцным пахам, і вылічыць парушальніка праваахоўнікам было зусім не складана. Грамадзянін затрыманы і дастаўлены ў апорны пункт міліцыі. Дарэчы, 3 кілаграмы такой травы — гэта буйны памер наркатычнага рэчыва. Хлопцу зараз пагражае абмежаванне або пазбаўленне волі на тэрмін ад 2 да 5 гадоў.
Ірына АСТАШКЕВІЧ.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/infarmbyuro