У ніжнюю палату парламента для разгляду на трэцяй сесіі, якая адкрыецца 2 кастрычніка, паступіў законапраект аб ратыфікацыі міжурадавага пагаднення паміж Беларуссю і Турцыяй аб адмене віз.
— Думаю, гэта для многіх беларускіх грамадзян рэзанансны законапраект, — сказала Галіна Філіповіч, дэпутат Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Рэспублікі Беларусь па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце, — бо ён дазволіць знаходзіцца на тэрыторыі Турэцкай Рэспублікі на працягу 30 дзён без афармлення візы. Усяго на працягу года можна будзе знаходзіцца на тэрыторыі Турцыі 90 дзён.
Законапраект таксама дазволіць вырашыць і важныя дзяржаўныя пытанні, заўважыла дэпутат, бо сёння Беларусь зацікаўлена ў захаванні фінансавых пераваг ад удзелу ў Мытным саюзе, а паміж Казахстанам і Турцыяй, Расіяй і Турцыяй ужо існуюць бязвізавыя рэжымы. «Мы думаем , што гэта дазволіць больш актыўна прыцягнуць у Беларусь дзелавыя колы Турцыі, у прыватнасці, бізнесменаў, якія ўжо працуюць на тэрыторыі Расіі», — сказала Галіна Філіповіч.
У сваю чаргу дзелавая актыўнасць дзвюх краін прыцягне працоўныя рукі, у першую чаргу, у будаўнічую галіну Беларусі, спадзяюцца дэпутаты. Чакаецца таксама рост актыўнасці ў сферы студэнцкіх абменаў. Усё гэта дазволіць захаваць баланс інтарэсаў дзвюх краін пры прыняцці гэтага рашэння.
Бязвізавы рэжым не будзе распаўсюджаны на асоб, мэта знаходжання якіх у краіне будзе звязана з працаўладкаваннем, навучаннем, навуковай дзейнасцю, уз'яднаннем сям'і і пражываннем.
Распрацоўшчыкі законапраекта заклалі ў дакумент механізм, які павінен прадухіліць рост нелегальнай міграцыі. З гэтай мэтай адзін з артыкулаў Пагаднення прадугледжвае, што рашэнне ўступіць у сілу толькі тады, калі паміж Беларуссю і Турцыяй будуць заключаны дагаворы пра абавязковае прыняцце дэпартаваных грамадзян.
Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/parlament
[2] https://zviazda.by/be/palityka-0
[3] https://zviazda.by/be/tags/belarus
[4] https://zviazda.by/be/tags/parlament
[5] https://zviazda.by/be/tags/mytny-sayuz
[6] https://zviazda.by/be/tags/turcyya
[7] https://zviazda.by/be/tags/galina-filipovich