У Мінску пройдзе другі фестываль 3D-малюнкаў «Хварэем» за нашых!»
7 верасня сталічны парк імя Горкага ператворыцца ў перасоўную карцінную галерэю. Ды не простую, а ў фармаце 3D! Проста на вачах шаноўнай публікі мастакі створаць шэраг 3D-малюнкаў, прысвечаных Чэмпіянату свету па хакеі 2014 года.
Фестываль 3D-карцін пройдзе ў Беларусі ўжо другі раз, але сёлета ён мае статус міжнароднага. Акрамя айчынных мастакоў і камандаў з Мінска, Гомеля і Віцебска, пацвердзіў свой удзел прадстаўнік Украіны мастак Уладзімір Пастушак
, чакаюцца ў госці таксама расіяне. Тэмай жа для творчасці выбраны талісман будучых спаборніцтваў — зубр, якога неабходна будзе праз малюнак «звязаць» з найлепшымі хакейнымі краінамі паводле Міжнароднай хакейнай асацыяцыі: Швецыяй, Фінляндыяй, Расіяй, Чэхіяй, Канадай, ЗША, Швейцарыяй, Славакіяй, а таксама з нашай роднай краінай — гаспадыняй чэмпіянату. Такім чынам, у 9 каманд — удзельніц фестывалю мусіць атрымацца 9 малюнкаў.
Даведка «Звязды»
Эфект 3D у малюнках дасягаецца дзякуючы тэхніцы скажэння выявы. Для такіх карцін не патрэбны адмысловыя прылады кшталту акуляраў з рознакаляровымі лінзамі, проста на іх неабходна глядзець з пэўнага месца, каб на гарызантальнай паверхні стваралася аптычная ілюзія аб'ёму.
«Калі летась мы малявалі на асфальце, то сёлета, з улікам заўвагі наведнікаў, кожная 3D-карціна будзе ўяўляць сабой пераносную фотазону, — расказаў «Звяздзе» прадстаўнік арганізатараў фестывалю. — Прасцей кажучы, малюнкі будуць выконвацца на дошках, размешчаных у дзвюх плоскасцях, нібыта адкрытая кніга, — гэта дазваляе стварыць асаблівы эфект глыбіні выявы». Найлепшым мастакам дастанецца галоўны прыз ад Дырэкцыі па правядзенні ЧС па хакеі — сертыфікат на білеты на пэўны матч чэмпіянату.
Наведнікаў фестывалю, акрамя ўласна мастацкай яго часткі, таксама чакае забаўляльная праграма з удзелам вулічных танцораў і велатрыялістаў, а таксама гульнявыя пляцоўкі рознай скіраванасці. Арганізатары папярэджваюць: у выпадку дрэннага надвор'я фестываль можа быць перанесены!
Вікторыя ЦЕЛЯШУК
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/viktoryya-celyashuk
[2] https://zviazda.by/be/kultura-0
[3] https://zviazda.by/be/vyyaulenchae-mastactva
[4] https://zviazda.by/be/tags/kultura
[5] https://zviazda.by/be/tags/chempiyanat-svetu-pa-hakei
[6] https://zviazda.by/be/tags/stalichny-park-imya-gorkaga
[7] https://zviazda.by/be/tags/hvareem-za-nashyh
[8] https://zviazda.by/be/tags/festyval-3d-malyunkau
[9] https://zviazda.by/be/tags/uladzimir-pastushak
[10] https://zviazda.by/be/tags/mizhnarodnaya-hakeynaya-asacyyacyi