«Хуаньін! Хуаньін!» («Сардэчна запрашаем!»), — віталі беларускія і кітайскія студэнты ганаровага госця Лю Юньшаня, члена Пастаяннага камітэта Палітычнага бюро Цэнтральнага камітэта Камуністычнай партыі Кітая. Дэлегацыя спадара Лю Юньшаня разам з міністрам адукацыі Беларусі Сяргеем Маскевічам наведала Рэспубліканскі інстытут кітаязнаўства імя Канфуцыя Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
У якасці прывітання студэнты праспявалі слупок вядомай песні «Кацюша». Праўда, для беларускага вуха па-кітайску песня гучала трошкі нязвыкла, але Лю Юньшаню, які наведаў нашу краіну ўпершыню, спадабалася.
У рамках візіту госць пабываў на аўдыторных занятках па кітайскай мове. Што цікава, на базе ўстановы дзейнічаюць курсы ў тым ліку і для малодшых школьнікаў.
Асобным пунктам было абмеркаванне супрацоўніцтва паміж беларускім і кітайскім бакамі ў галіне адукацыі. Студэнты з Паднябеснай прысутнічаюць ці не ў кожнай беларускай ВНУ. Так, па словах міністра адукацыі Сяргея Маскевіча, каля 30 беларускіх універсітэтаў маюць больш за сто прамых дагавораў па супрацоўніцтве ў галіне адукацыі. Але і ў Кітай з кожным годам на вучобу прыязджае ўсё больш беларускіх студэнтаў. «Ад імя штаб-кватэры кітайскіх Інстытутаў Канфуцыя мы даём 100 бюджэтных месцаў студэнтам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта для таго, каб яны мелі магчымасць вучыцца ў Кітаі», — адзначыў Лю Юньшань.
Насця Казачонак, студэнтка філалагічнага факультэта БДУ, была сярод прысутных на сустрэчы з кітайскім госцем. Дзяўчына мае добрую магчымасць атрымаць адно з прадастаўленых кітайскім бокам бюджэтных месцаў. Насця вучыцца на другім курсе і вывучае ўсходнюю філалогію.
— Я пачала наведваць Інстытут Канфуцыя яшчэ ў восьмым класе і хадзіла туды на курсы да адзінаццатага, — расказвае дзяўчына. — Мая сястра таксама вучылася ў Інстытуце Канфуцыя, а пасля падала дакументы на грант — і вось ужо жыве ў Кітаі чатыры гады. Таму ў мяне ёсць стымул вучыць кітайскую мову — гэта добра і для працягу адукацыі, і ў плане будучай зарплаты.
Нягледзячы на тое, што на тым жа філфаку ёсць магчымасць вучыць і італьянскую мову, і тую ж англійскую, якая лічыцца мовай міжнародных стасункаў, Насця не шкадуе пра свой выбар.
— У нас практыка — круглы год. Кітайцаў на факультэце шмат, а вось англічан, немцаў ці італьянцаў я нешта не згадаю. Ды і выкладчыкі ёсць кітайскія. Таму, хоць гэтая мова і лічыцца вельмі складанай, з такімі магчымасцямі ў мяне ёсць усе шанцы да пятага курса стаць добрым спецыялістам у гэтай галіне.
Інстытуты Канфуцыя ёсць у многіх краінах. З мэтай распаўсюджвання кітайскай мовы і культуры такіх устаноў створана 322. Што цікава, Інстытут Канфуцыя пры БДУ яшчэ ў пазамінулым годзе ўвайшоў у дваццатку лепшых Інстытутаў Канфуцыя ў свеце.
Надзея ЮШКЕВІЧ.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/nadzeya-yushkevich
[2] https://zviazda.by/be/palityka
[3] https://zviazda.by/be/palityka-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/syargey-maskevich
[5] https://zviazda.by/be/tags/minski-dzyarzhauny-lingvistychny-universitet
[6] https://zviazda.by/be/tags/lyu-yunshan
[7] https://zviazda.by/be/tags/kamunistychnaya-partyya-kitaya
[8] https://zviazda.by/be/tags/respublikanski-instytut-kitayaznaustva-imya-kanfucyya-belaruskaga-dzyarzhaunaga-universiteta
[9] https://zviazda.by/be/tags/instytuty-kanfucyya