Калі ніхто дакладна не ведае, але ўсе здагадваюцца
У галерэі сучаснага мастацтва «Ў» да 25 верасня працуе выстава жывапісу мастака і кампазітара Аляксея Хацкевіча, вядомага ў народзе як Хацон. Кірунак твораў, якія складаюць экспазіцыю, аўтар акрэслівае як дэкаратыўна-абстрактны рэалізм. І ўжо сам гэты аксюмаран настройвае на адпаведны іранічна-абсурдны, сцёбны стыль успрымання.
Мастак як бы сцвярджае, што нішто ў гэтым свеце, па сутнасці, нічога не вартае. І кожны можа ўсё і не можа нічога абсалютна ў аднолькавай ступені. Але нават няздольнасць рабіць нешта — гэта таксама своеасаблівае ўменне. Словам, у кожнага на гэтай планеце ёсць свой «D.А.R.». Нездарма выстава называецца менавіта так.
Тэорыю адоранасці кожнага і каштоўнасці кожнага дару мастак падтрымлівае наступным эксперыментам: ён дапрацоўвае малюнкі сваёй маленькай дачкі, ператвараючы іх у аб'екты актуальнага мастацтва. Гэты арт-мікс — своеасаблівы, хоць і не надта арыгінальны, выклік. Вядома, што дзіцячая творчасць, як і наогул любы наіў-арт, мае ў сабе велізарны мастацкі патэнцыял, свежы погляд, «зарад бадзёрасці» для стомленых ад творчых пошукаў мастакоў. Аляксей Хацкевіч, робячы сваю дачку суаўтарам, нібыта прамаўляе: ніхто не горшы і не лепшы за іншых, а ўсё геніяльнае, як вядома, надзвычай простае па сваёй сутнасці.
Праект Хацона пра тое, што ніхто дакладна нічога не ведае, але ўсе здагадваюцца, хіхікаюць і пераміргваюцца. Мастацтва!
Вольга ЧАЙКОЎСКАЯ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/vyyaulenchae-mastactva
[2] https://zviazda.by/be/tags/zhyrandolya
[3] https://zviazda.by/be/tags/volga-chaykouskaya
[4] https://zviazda.by/be/tags/galereya-suchasnaga-mastactva-u
[5] https://zviazda.by/be/tags/alyaksey-hackevich